30 лет института президентства: Как развивалась сфера социального обслуживания на Островетчине

15:00 / 24.07.2024


Папярэднікам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва было аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму, якое працавала пры райсабесе (сёння – упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне). 

З чаго пачыналася дзейнасць службы сацабслугоўвання і чым яна займаецца сёння, расказалі колішні загадчык аддзялення Ірына Станкевіч і дырэктар цэнтра Святлана Куцько.

Ірына Аляксандраўна: 

– Я прыйшла ў службу ў 1990 годзе на пасаду інспектара. У штаце аддзялення на той час былі загадчык, яго намеснік, 4 вядучых інспектары, бухгалтар і каля 80-ці сацработнікаў – на ўвесь раён працавалі. Напачатку мы займаліся абследаваннем умоў пражывання адзінокіх пенсіянераў, пажылых людзей, інвалідаў з мэтай аказання дапамогі ў выглядзе надомнага абслугоўвання. Да тых, хто меў у гэтым патрэбу, прыходзілі сацыяльныя работнікі, якія дапамагалі ў хатніх справах, хадзілі за прадуктамі, лекамі і гэтак далей. На стаўку сацработнік павінен быў мець у сельскай мясцовасці 8 падапечных, у Астраўцы – 10.

Наша аддзяленне мела сацыяльныя ложкі пры Міха­лішскай участковай бальніцы – для многіх адзінокіх састарэлых гэта было выратаваннем, асабліва ў зімовы час. Уявіце: жыве чалавек на хутары, да якога, калі дарогу замяце, нават даехаць немагчыма – сацработнікі дабіраліся на лыжах, каб прадукты завезці. Хоць, па шчырасці кажучы, такіх падапечных яшчэ ўгаварыць трэба было з роднай хаткі на час перасяліцца на сацыяльны ложак.



У 2005 годзе мы сталі цэнтрам, які меў ужо некалькі аддзяленняў. Праўда, заставаліся усё там жа, пры райсабесе. У той час і плошчы не дазвалялі развярнуць дзейнасць, і праграм не было – суадносна і фінан­саванне не параўнаць з сённяшнім. А калі пераехалі ў будынак, дзе сёння размяшчаецца тэрытарыяльны цэнтр, спектр паслуг пашырыўся. Напрыклад, з’явілася аддзяленне тэрміновых сацыяльных паслуг, якое прапаноўвала распілоўку, колку, складзіраванне дроў, касьбу травы, узворванне глебы, дробныя рамонтныя работы і гэтак далей.

Цяпер я з’яўляюся наведвальнікам аддзялення дзён­нага знаходжання пажылых людзей ведаю і бачу жыццё тэрытарыяльнага цэнтра з розных ба­коў. Ён запатрабаваны. Што тычыцца нашага аддзялення, людзі сюды ідуць: спяваць, танцаваць, займацца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю… Тут ла­дзяць святы, забаўляльныя праграмы, спартыў­ныя і інтэлектуальныя спаборніцтвы, і на конкурсы навед­вальнікі ездзяць – а гэта ўсё стасункі, якіх часам не хапае пенсіянерам. Дарэчы, у нас і суполка ў «Вайберы» ёсць, дзе бачым усе анонсы і прапановы – глядзі, выбірай, прыходзь. (Усміхаецца.) Жыццё, як кажуць, кіпіць – і гэта цудоўна. Безумоўна, ва ўсім гэтым вялікая заслуга работнікаў, а ў такой сферы павінны працаваць людзі з добрай душой і адкрытым сэрцам.

Святлана Казіміраўна: 


– Да 2000-х гадоў клопат пра людзей, якім патрабуецца сацыяльная абарона, быў абмежаваны выплатай пенсій, дапамог і прадстаўленнем паслуг сацыяль­ных работнікаў. З маштабным развіццём краіны пачала імкліва развівацца і наша сфера. Цяпер мы прапаноўваем мноства паслуг. 

Але хацелася б узгадаць той шлях, якім трэба было прайсці, каб дасягнуць таго, што сёння маем. 



З аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ўтва­рыўся тэрытарыяльны цэнтр, які ў 2006 годзе набыў статус юрыдычнай асобы. Першапачаткова ў штаце цэнтра было 18 чалавек, цяпер – 150. Каб па­шырыць спектр дзейнасці, пачалі прапаноўваць ра­завыя сацыяльныя паслугі, адкрылі «Салон міла­сэрнасці» – выдача гуманітарнай дапамогі, а таксама пракат сродкаў тэхрэабілітацыі для людзей з інва­ліднасцю. Потым з’явіліся аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі; першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання, якое займаецца дыферынцаваным улікам людзей, якім патрэбна сац­абарона, і назначэннем адраснай сацдапамогі, сямейнага капіталу. Пачалі аказваць паслугі псіхалагічнага кансультавання і юрысконсульта, займацца пра­фі­лак­­тыкай сямейнай небяспечнасці, забяспечваць паст­інтэрнатнае суправаджэнне дзяцей-сірот. У 2009 годзе адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, дзе для маладых людзей арганізавалі заняткі па інтарэсах розных накірункаў, а таксама дапамагалі ім сацыялізавацца, а праз 2 гады з’явілася аддзяленне дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту. Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму сёння прапаноўвае і паслугі сядзелкі, няні для немаўлят – двайнят, трайнят, для дзяцей з інваліднасцю і шмат іншых. Мы можам дапамагчы з размяшчэннем людзей у бальніцу сястрынскага догляду, наш дом сумеснага пражывання ў Падольцах альбо ў сацыяльныя пансіянаты. Мы суправа­джаем дзяцей-сірот, апякуемся над абмежавана або поўнасцю недзеездольнымі людзьмі. Апроч іншага ў нас працуюць клубы па інтарэсах для маладых людзей з інваліднасцю, для грамадзян пажылога ўзросту і дзяцей-сірот.


У 2018 годзе адкрылі філіял ТЦСАН у Падольцах – бальніца сястрынскага догляду часам не магла змяс­ціць усіх, каму патрабаваліся сацложкі. Месцы ў ім прапаноўваем тым, хто не патрабуе медыцынскага догляду, але ім неабходна дапамога сацработніка.

Тое, пра што я ўзгадала, далёка не ўсё, чым займаецца наш тэрытарыяльны цэнтр. Усе паслугі, якія мы аказваем, фінансуюцца дзяржавай. Увогуле ў краіне шмат робіцца для таго, каб чалавек не заставаўся адзін на адзін са сваёй праблемай. Але многае залежыць і ад стаўлення работнікаў да сваіх абавязкаў, іх жадання зрабіць унёсак у агульную справу. Таму палепшыць якасць паслуг, разнастаіць жыццё нашых падапечных стараемся і мы – за кошт прыцягнення дадатковых сродкаў: паспяхова ўдзельнічаем у грантавых праектах, супрацоўнічаем з фондамі, развіваем напрамкі пазабюджэтнай дзейнасці. Дапамагаюць ажыццяўляць многія нашы ідэі і нераўнадушныя людзі

Здавалася б, у нас камфортныя ўмовы, шмат чаго ёсць, мы запатрабаваныя, а хочацца пашырыцца: мару, што нашы 2 аддзяленні дзённага знаходжання пераедуць у новы будынак. І там мы абуладкуем інклюзіўную кавярню – над увасабленнем у жыццё гэтай тэмы актыўна працуем: падалі заяўку на ўдзел у інклюзіўным форуме, каб знайсці мецэната. 


Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо, из архива ТЦСОН