Як нараджалася, сталела і “выходзіла ў людзі” астравецкая гімназія

15:00 / 20.07.2024


Для Сусвету, як пісаў паэт, 30 гадоў – мала. Для чалавека – прыкладна палова жыцця. А для ўстановы, арганізацыі? За тры дзесяцігоддзі можна яе, кажучы фігуральна, пахаваць – а можна дабіцца росквіту і вывесці на новую арбіту.

Апошняе адбылося з першай астравецкай гімназіяй, прычым нават не за тры, а за два дзесяцігоддзі.

Сярэдняя школа №2 адкрыта ў Астраўцы ў 1985 годзе. Першым дырэктарам яе быў Аляксандр Клімчэня. У 2000 годзе яго змяніла на капітанскім мосціку Лілія Янкоўская, а калі ў 2002-м  яна ўзначаліла раённы аддзел адукацыі, дырэктарам прызначылі Вольгу Лябецкую.

Другая школа была першай у плане розных інавацый, прагрэсіўных новаўвядзенняў. Яшчэ ў 1998 годзе тут пачалі ўкараняць сетку дыферэнцыраванага навучання, у 2000-м  адкрылі першы ліцэйскі клас з вывучэннем на павышаным узроўні матэматыкі і інфарматыкі, у 2002 годзе з’явіліся два гімназічныя класы. 


І калі ўзнікла ідэя стварыць у Астраўцы гімназію, найбольш падрыхтаванай да новага статусу аказалася СШ №2, які і атрымала ў 2004 годзе. Пераход ад звычайнай школы да гімназіі адбываўся паступова – пачынаючы з пятага класа. Напачатку толькі некалькі з 44 класа-камплектаў сталі гімназічнымі. Тады ж у новастворанай гімназіі пры падтрымцы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях быў арганізаваны першы ў раёне кадэцкі клас МНС.


– Што змянілася з рэарганізацыяй СШ №2 у гімназію? – перапытвае хросная маці новай установы адукацыі, сённяшні намеснік дырэктара гімназіі №1 па выхаваўчай рабоце Вольга Лябецкая. – Найперш – кадры, якія, як вядома, вырашаюць усё! Згодна з палажэннем мы прымалі на вакантныя пасады толькі настаўнікаў з першай і вышэйшай катэгорыямі. Сярэдні ўзрост нашага калектыву складаў, калі не памыляюся, 37 гадоў  – той самы час, калі яшчэ ўсё хочацца і можацца і ўжо ведаеш, як. Касцяк таго калектыву і сёння працуе ў гімназіі. Па-другое, рашэннем аблвыканкама ў шэрагу навучальных устаноў – далёка не ва ўсіх! – былі ўведзены пасады вызваленых класных кіраўнікоў, і гэта дазваляла паставіць выхаваўчую работу на больш грунтоўны ўзровень – а гэта, пагадзіцеся, нават больш важна, чым перамогі ў конкурсах і алімпіядах. Мы сталі зай­мацца навуковай работай, стварылі навуковыя таварыствы вучняў – раней слаба ўяўлялі, што гэта такое. Было вельмі цікава і настаўнікам, і гімназістам! 

Трэцяе нараджэнне гімназіі адбылося 10 студзеня 2015 года, калі ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзалі чырвоную стужку на ўваходзе ў новы будынак, узведзены ў першым мікрараёне ў адпаведнасці з рэспубліканскай інвестыцыйнай праграмай. Гэта быў адзін са шматлікіх падарункаў, які атрымаў раён у выніку будаўніцтва на яго тэрыторыі атамнай станцыі і пераўтварэння Астраўца ў горад энергетыкаў.

Гаспадыняй парог новага будынка пераступіла дырэктар гімназіі Алена Севасцьян.

– Вядома, умовы, якія былі створаны тут для работы настаўніка і навучання дзяцей, былі непараўнальнымі ні з чым з таго, што мы бачылі раней, – гаворыць Вольга Тадэвушаўна. – У кожнай аўдыторыі – інтэрнэт, усе класы абсталяваны  інтэрактыўнымі дошкамі, камп’ютары ў кожным кабінеце, вялікая спартыўная зала, цудоўны стадыён з футбольным полем і бегавымі дарожкамі, сучасная сталовая  з новым абсталяваннем…

Але не інтэрактыўныя дошкі, не камп’ютары і сталовая вучаць і выхоўваюць дзяцей – хоць іх наяўнасць ці адсутнасць, вядома ж, істотна ўплывае на вучэбны і выхаваўчы працэсы. Галоўнае – людзі, настаўнікі і дзеці, які напоўнілі цудоўны сучасны будынак інфарматыўным, крэатыўным, пазітыўным зместам.

– Думаю, ніводзін член нашага калектыву не шкадуе, што прыйшоў працаваць у гімназію. Калі для работы створаны ўсе ўмовы, то проста грэх не паказваць добрыя вынікі, – пераканана Вольга Лябецкая.

Пра гэтыя вынікі – перамогі, узнагароды, інава­цыйныя напрамкі дзейнасці, дасягненні гімназістаў і іх настаўнікаў – можна расказваць доўга: газетнай старонкі не хопіць, а можа, і цэлага нумара. Дастаткова сказаць, што гімназія шмат гадоў запар прызнаецца лепшай установай адукацыі ў раёне і неаднойчы станавілася пераможцам падобнага конкурсу ў вобласці; сама ўстанова, яе дырэктар і настаўнікі неаднаразова заносіліся на раённую і абласную Дошкі гонару; вучні штогод становяцца пераможцамі абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд; выпускнікі атрымліваюць максімальны, 100-бальны, вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні і паступаюць у самыя прэстыжныя вну краіны; гімназія – ініцыятар і ўдзельнік мноства інавацыйных, гуманітарных, спартыўных праектаў, у яе шмат цікавых міжнародных кантактаў. 

Словам, пералічваць можна бясконца.

– Але галоўнае, – гаворыць Вольга Тадэвушаўна,– тое, што калектыў па-ранейшаму застаецца камандай крэатыўных аднадумцаў. І ў нас ёсць усе падставы ганарыцца нашымі гімназістамі, іх адукацыйным, культурным, духоўным патэнцыялам. Гэта і ёсць галоўны вынік нашай працы.