Рыгор Долгі: свой сярод сваіх

10:00 / 13.07.2024


Трэцім у гісторыі раёна ганаровым грамадзянінам стаў дырэктар Астравецкага вопытнага лясгаса Рыгор Долгі. Падчас святкавання Дня Незалежнасці яму быў уручаны адпаведны знак.

– Для мяне гэта стала нечаканасцю, – сказаў у адказ на віншаванне Рыгор Мечыслававіч. – У свой час вельмі ўзрадаваўся, калі званне ганаровага грамадзяніна прысвоілі Адаму Дзмітрыевічу Кавальку: ён цягнуў на сабе ўвесь раён, унікаў ва ўсе пытанні, у тым ліку і ў нашу лясную гаспадарку, шмат зрабіў для Астравеччыны, і такая адзнака яго працы была цалкам заслужанай. Заўсёды захапляўся Міхаілам Васільевічам Філімонавым: атамная станцыя – махіна, не параўнаць з нашым лясгасам, каб кіраваць шматтысячным калектывам, трэба быць чалавекам незвычайнага розуму і валодаць асаблівымі якасцямі. Наш лясгас і я як яго кіраўнік не ідзём ні ў якое параўнанне! Так, мы стараліся працаваць творча, дасягнулі пэўных поспехаў, не стваралі асаблівых праблем для раёна, а калі яны ўзнікалі, імкнуліся вырашаць. Але ж маштабы не тыя! Тым не менш, атрымаць званне ганаровага грамадзяніна было хвалююча і прыемна. Лічу, што гэта заслуга ўсяго нашага калектыву, бо адзін кіраўнік, якім бы ён ні быў, у полі не воін. 

Кот у мяшку

Лясны стаж Рыгора Мечыслававіча дзеліцца прыкладна пароўну: пасля заканчэння тэхналагічнага тады яшчэ інстытута 19 гадоў ён працаваў на радзіме ў Глыбоцкім лясгасе Віцебскай вобласці. І вось ужо 22 гады ўзначальвае лясгас у Астравецкім раёне.
Звычайна кадры «тасуюцца» ў межах адной вобласці. Як жа патрапіў да нас «чужак» з Віцебшчыны?

– Мікалая Канстанцінавіча Крука, дырэктара Глыбоцкага лясгаса, з якім мы разам працавалі і добра ведалі адзін аднаго, прызначылі старшынёй Камітэта па лясной гаспадарцы – быў такі папярэднік нашага Міністэрства. Наш калектыў узначаліў іншы чалавек, а мяне пачалі «сватаць» на іншыя лясгасы. Прапаноўвалі Расоны, Багушэўск – адмаўляўся. Урэшце Мікалай Канстанцінавіч сказаў: «Альбо на Ліду цяпер, альбо на Астравец праз некалькі месяцаў». Я вырашыў пачакаць: можа,  забудуцца… Не, увосень зноў тэлефануе Крук: «Памятаеш сваё абяцанне? Паедзеш у Астравец?» Адмаўляцца не выпадала: даў слова – трымай. 

Першае знаёмства з будучым месцам жыхарства Долгі правёў інкогніта: прыехаў у выхадны з сынамі, паглядзеў… Канторы лясгаса (сённяшні аднапавярховы будынак на вуліцы Валадарскага) не знайшлі, магазіны не ўразілі… Параўнанне з Глыбокім было яўна не на карысць Астраўца. Тым не менш, у панядзелак Рыгор Долгі сядзеў у прыёмнай старшыні райвыканкама. З Гродна прыехаў генеральны дырэктар абласнога лесагаспадарчага аб’яднання Аляксандр Буй. Зайшлі ў кабінет да Кавалькі.

– Што вы можаце сказаць пра Долгага? – пацікавіўся старшыня райвыканкама ў генеральнага дырэктара.

– Ды нічога, – паціснуў плячыма той. – Я яго не ведаю…
Тым не менш, нікому не вядомага «ката ў мяшку» прынялі, паверылі ў яго.

…Дзень работнікаў лесу  ў 2002 годзе Рыгор Долгі адзначаў з калектывам Глыбоцкага лясгаса. А назаўтра трэба было ехаць у Астравец. На душы шкрабліся кошкі: тут усё роднае – сям’я, дом, сад, калектыў, радня, сябры, знаёмы да кожнай сцежкі лес… А там яшчэ невядома, як усё зложыцца.

Няпроста пачынаць жыццё з чыс­тага аркуша ў 40 гадоў. Але ён рашыўся… 

«Ты сюды надоўга?»

Сям’я засталася ў Глыбокім: старэйшы сын толькі паступіў у вну, малодшы заканчваў школу. Ды і жыць у Астраўцы не было дзе: пакой у інтэрнаце з падсяленнем для дарослага самастойнага мужчыны – не лепшы ва­рыянт. Ён выбраў іншы: паставілі канапу і стол у адным з кабінетаў на дрэваапрацоўчым цэху, сякая-такая куханька там была. Што яшчэ трэба?

– Мне нават падабалася, – успамінае Рыгор Мечыслававіч. – Ранкам да работы прайшоўся па цэху, пабачыў, што ды як. Вечарам прынясеш з сабой бухгалтарскія дакументы: можна спакойна пасядзець, прааналізаваць… 

Цэлы год, пакуль не купілі ў Астраўцы дом, дырэктар лясгаса жыў на дзве вобласці: тыдзень на рабоце, на выхадныя імчаў да сям’і. Гэта быў, бадай, самы цяжкі перыяд. Але жадання кінуць усё і вярнуцца назад, прызнаецца Долгі, не было. Па-першае, таму, што ён, як ужо гаварылася, – чалавек слова. Па-другое, хацелася даказаць, што ён таксама нешта можа, што недарэмна ў яго паверылі. 

Хоць у калектыве на першым часе хто-ніхто паглядваў на новага дырэктара насцярожана, маўляў, прыехаў тут невядома хто невядома адкуль парадкі свае ўстанаўліваць. І да цябе тут людзі працавалі, і не горш… Рыгор Мечыслававіч беражліва ставіўся да людзей, стараўся захаваць калектыў, але з некаторымі даводзілася развітвацца: нехта сам сыходзіў, для некага падбіралі іншую, менш адказную пасаду.

– І ўсё ж большасць пайшла за мной, паверыла ў мае пачынанні. Мяне, прымаючы на работу, папярэджвалі, што кожнага трэба кантраляваць, стаяць над душой, інакш парадку не будзе. Аказалася, што зусім неабавязкова. Я прапаноўваў нешта новае – спецыялісты і рабочыя з энтузіязмам браліся за справу, бо бачылі перамены да лепшага. Асабліва ўдзячны Пятру Зянонавічу Крупенчыку, які з першага дня падтрымліваў мяне ва ўсім і стараўся ўсяляк дапамагчы, – гаворыць Рыгор Мечыслававіч. 

Але асноўныя пытанні з першага дня дырэктар замкнуў на сабе: стратэгічныя напрамкі развіцця, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, эканоміку. Раней лічылася, што трэба берагчы кожную капейку – ён пераканаў, што, эканомячы, не разбагацееш: найперш трэба думаць, як зарабіць. «ЗІЛы»-лесавозы памянялі на «Уралы», прычэпы – на паўпрычэпы – павялічылася нагрузка, аб’ёмы, прадукцыйнасць. Сталі расці вытворчыя паказчыкі і зарплата працаўнікоў.

Назіраючы, як імкліва развіваецца Астравецкі лясгас, чарговы генеральны дырэктар абласнога аб’яднання пацікавіўся ў Долгага:

– Скажы па праўдзе: ты сюды надоўга? Ці Астравец – толькі стартавая пляцоўка?

…З таго часу ў абласным аб’яднанні і ў Міністэрстве лясной гаспадаркі змяніўся не адзін  кіраўнік – а Долгі па-ранейшаму на сваім месцы.

Не бюджэтам адзіным

У лясной гаспадарцы два накірункі дзейнасці. Першы, асноўны, – пасадзіць, вырасціць, захаваць лес – фінансуецца з бюджэту. Другі – гаспадарчы: спілаваць, перапрацаваць, выгадна прадаць, зарабіць – прэрагатыва лясгасаў. Ёсць нямала апалагетаў першага, маўляў, кожны павінен займацца сваёй справай. Долгі з тых, хто лічыць, што абодва напрамкі аднолькава важныя і грэх не скарыстацца тым багаццем, якім валодаеш. Да таго ж сродкі, заробленыя ад гаспадарчай дзейнасці, дазваляюць падтрымліваць развіццё і бюджэтнай галіны.

Лясгасу ад колішняга даволі паспяховага сумеснага прадпрыемства «Лесполь» дастаўся ў спадчыну дрэваапрацоўчы цэх. Долгі разумеў, што, каб ісці ў нагу з часам, работу яго трэба мадэрнізаваць.

– Мы былі пятым лясгасам у краіне, які «ўклініўся» ў рэспубліканскую праграму па цэху – можна сказаць, ускочылі ў апошні вагон. Пабудавалі кацельню, закупілі сушыльныя камеры: прадаваць сухую дошку – зусім не тое, што сырэц. Вырашылі памяняць лінію лесапілавання. Грошай было мала, а хацелася набыць нешта якаснае, перспектыўнае і разам з тым недарагое.

Доўга шукалі, выбіралі… Вырашылі, што найбольш адпавядае нашым жаданням і патрабаванням лінія латышскай вытворчасці «Лармет», хоць нам настойліва рэкамендавалі іншую.

Паехалі са спецыялістамі ў камандзіроўку ў Рыгу. Я запрасіў яшчэ і свайго колішняга выкладчыка з БДТУ – да гэтага часу падтрымліваю стасункі з альма-матар. Ён па пунктах выказаў патрабаванні да будучага абсталявання – я не механік, не ўсё і разумеў з таго, што ён пералічваў. І латышы зрабілі ўсё, як мы прасілі! Новая поўнасцю механізаваная і камп’ютарызаваная лінія дазволіла павысіць прадукцыйнасць працы і яе бяспеку, палепшыць якасць прадукцыі. Потым да нас неаднойчы прыязджалі калегі з іншых лясгасаў, глядзелі, як працуе наша «абноўка» – і самі набывалі такія ж. І мы потым купілі яшчэ адну такую ж лінію, – расказвае Рыгор Мечыслававіч.

Узнік попыт, найперш ад замежных пакупнікоў, на паліўныя брыкеты, зробленыя з пілавіння – лясгас першым сярод аднатыпных прадпрыемстваў рэспублікі набыў неабходнае абсталяванне і асвоіў іх выпуск. Праўда, попыт гэтак жа раптоўна знік, як і з’явіўся, і выпуск іх давялося згарнуць.

Шэф, усё прапала!

Старонняму назіральніку можа падацца, што ўсё ў Долгага ідзе роўна і гладка, за што б ні ўзяўся – усё ў яго атрымліваецца! Але гэта таму, што дырэктар лясгаса не лямантуе, калі ўзнікае праблема, а шукае шляхі яе вырашэння – сам, разам з калектывам, звяртаецца за падтрымкай да тых, хто ў стане дапамагчы.

Адзін з прыкладаў – лесагадавальнік. Калі Рыгор Мечыслававіч узначаліў лясгас, яго не было, калі не лічыць невялікага ўчастка ў Гервяцкім лясніцтве. Дырэктар лясгаса папрасіў у карыстанне закінуты ўчастак зямлі каля дрэваапрацоўчага  цэха – яго з радасцю аддалі: хоць парадак навядзе. 

Першапачаткова лясгасаўцы збіраліся залажыць там не толькі гадавальнік, але і дэндрапарк.

– Здзіўляюся дальнабачнасці некаторых спецыялістаў, – успамінае Рыгор Мечыслававіч. – У абласной архітэктуры гадавальнік нам узгаднілі, а дэндрапарк – не: праект доўгатэрміновы, зямля знаходзіцца ў межах перспектыўнага развіцця горада – ці мала якія пытанні могуць узнікнуць.

І хто б тады мог прадбачыць, што праз некалькі гадоў прымуць рашэнне будаваць у Астравецкім раёне атамную станцыю, а на месцы ўжо існуючага гадавальніка і так і няўзгодненага дэндрапарка – першы мікрараён? Давялося лесагадавальнік, дзе ўжо раслі саджанцы, стаяла цяпліца, была закладзена плантацыя высакарослых буякоў, пераносіць у іншае месца. А гэта значыць – зноў праект, узгадненні, будаўніцтва, немалыя затраты, нервы… Хто б, скажыце, не ўскінуў у роспачы рукі: ды гары яно ўсё гарам! 

Долгі не ўскінуў. Неўзабаве ў лясгасе не проста з’явіўся новы гадавальнік, які размясціўся на 12 гектарах, – ён значна пераўзышоў свайго папярэдніка. Цяпер тут стаіць не адна, а некалькі цяпліц; саджанцамі астравецкія лесаводы забяспечваюць не толькі ўласныя патрэбы, але і прадаюць іх, у тым ліку і ў Расію, нават набылі рэфрыжэратары, каб можна было ператрымаць выкапаныя зараней са­джанцы (аднамомантна забяспечыць усе патрэбы заказчыкаў ужо немагчыма); зрабілі аўтаматызаваную сістэму паліву. Як тут не ўспомніць старую добрую прыказку: усё, што ні робіцца, – да лепшага!

Можна ўзгадаць і сітуацыю з паляўнічым турызмам. Калі ў Долгага ўзнікла ідэя перанесці на астравецкую зямлю глыбоцкі вопыт яго развіцця – там гэты накірунак дзейнасці быў на ўздыме, – яму гаварылі: ты пра што? Тут жа граніца, хто сюды пусціць замежных грамадзян з ружжамі? 

А калі спытаць? Пацікавіўся ў праваахоўнікаў, пагранічнікаў – аказалася, ніхто не супраць, калі ўсё ў межах закону. 

Першы паляўнічы тур ён прапанаваў купіць літоўцам, якія прыехалі заключаць дагавор на пастаўку піламатэрыялаў. І пайшло-паехала… Пабудавалі вальер, закупілі аленяў звычайных і плямістых, ланяў, экзатычных муфлонаў… З цягам часу алені размножыліся – іх выпусцілі ў прыродныя ўгоддзі, маладняк сталі прадаваць іншым лясгасам. Паралельна абуладкоўвалі домік паляўнічага ў Задворніках, затым з’явіўся яшчэ адзін, у Быстрыцы. І калі здарылася афрыканская чума свіней, пагалоўе капытных дазволіла не згортваць паляванне, якое раней было арыентавана пераважна на дзікоў. А вось «ковід», які на два гады перакрыў граніцы, моцна «стрэліў» па паляўнічым турызме. Параніў – але не забіў яго: жыве і сёння! 

А потым санкцыі… Яны нанеслі найбольшы ўдар па экспартаарыентаванай гаспадарчай дзейнасці лясгаса. 

– Перад гэтым мы жылі доб­ра, нават вельмі добра, – гаворыць Рыгор Мечыслававіч. – Мадэрнізаваны цэх выпускаў якасную прадукцыю, якая карысталася попытам у замежных кліентаў. У нас былі дадатковыя перавагі ў параўнанні з іншымі лясгасамі: мы – побач з граніцай, транспартныя расходы меншыя. Заказчыкі валам валілі. Попыт і цэны на нашу прадукцыю былі проста неверагодныя!  І раптам уся рэалізацыя за мяжу спынілася. Гэта быў удар пад дых! Узнікла нават пэўная разгубленасць: што рабіць? Скарачаць рабочых? Але ж людзі на нас спадзяюцца, гэта ж калектыў, наша другая сям’я…

Разгубленасць прайшла хутка. Нейкі час жылі за кошт напрацаванага раней. Потым лясгасу вярнулі грошы за ўжо амаль выкупленую тэхніку, якую з-за санкцый так і не паставілі. Сталі працаваць з прыватнікамі: айчынныя пакупнікі раней крыўдзіліся, што лясгас усё адпраўляе на экспарт, сваім людзям не дакупіцца. Цэны, праўда, былі ўжо не тыя, але ж сытныя часы мінулі… (Хочацца спадзявацца, што не назаўжды).

Але праблема санкцый тычылася не толькі Астравецкага лясгаса. Да яе вырашэння падключылася Міністэрства лясной гаспадаркі, урад краіны. Паступова пераарыентаваліся на ўсходні рынак: сталі пастаўляць піламатэрыялы ва Узбекістан, Азербайджан, потым – на Іран і Ірак, а затым дайшла чарга і да Кітая. Песімісты не верылі, што гэта магчыма: такія адлегласці, лагістыка, транспартныя выдаткі?! Але хоць са скрыпам, не адразу, метадам спроб і памылак, але справа пайшла.

Апошняе новаўвядзенне Астравецкага лясгаса – драўлянае домабудаванне. На гэта нацэліў Прэзідэнт, была распрацавана дзяржаўная праграма – і Астравецкі лясгас адным з першых патрапіў у яе. Да гэтага, вядома ж, прадэманстравалі, што ўмеюць: спачатку зрабілі з драўлянага бруса лазню, затым – адзін домік, другі, трэці… Прадстаўлялі Гро­дзенскую вобласць з прадукцыяй драўлянага домабудавання на рэспубліканскай выставе. Дарэчы, наш лясгас – адзін з нямногіх, хто робіць такія домікі з сухога бруса. Ну а альтанкі і іншая «драбната», якая раней была штучным таварам і выраблялася ўручную Тадэвушам Чарняўскім, цяпер пастаўлена на паток усё ў тым жа дрэваапрацоўчым цэху. Драўляныя домікі Астравецкага лясгаса розных памераў і праектаў уключаны ў льготную крэдытную лінію «Народныя тавары». І заяўкі на іх выраб і мантаж ужо ёсць: больш дзясятка кліентаў аформілі адпаведныя дагаворы. І гэта толькі пачатак! 

Так што, думаецца, і з няпрос­тай санкцыйнай праблемы наш лясгас выкараскаецца. Ды што там – ужо выбраўся! 

– У нас цудоўныя спецыялісты і рабочыя, з якімі можна вырашаць любыя задачы, – гаворыць Рыгор Мечыслававіч. – Начальнік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Волк-Леановіч заўсёды гатовы да эксперыментаў і новаўвядзенняў. Малады механік Аляксандр Пазлевіч можа адрамантаваць ці сканструяваць любы механізм. Рабочыя Дзмітрый Сініца, Віктар Гаваноўскі бяруцца за самыя складаныя заданні. І пералік можна працягваць доўга. З такімі людзьмі ніякія санкцыі не страшныя!

Ціхі кіраўнік

Калі б мяне папрасілі ахарактарызаваць Рыгора Долгага адным словам, я сказала б, што ён – ціхі кіраўнік. У яго нягучны голас, я ніколі не чула, каб ён крычаў, а тым больш ужываў выразы «не для друку», нягледзячы на стойкае перакананне некаторых, што абавязковыя якасці кіраўніка – умець стукаць кулаком па стале, з нагоды і без яе ўжываць моцныя слоўцы і даваць такі «разгон» падначаленым, каб шыбы ў вокнах трэсліся. А ён заўсёды спакойны, інтэлігентны, ветлівы – такім ведае Рыгора Долгага большасць астраўчан.

– Ну што вы, – усміхаецца Рыгор Мечыслававіч. – У жыцці рознае здараецца… Канешне, я стараюся без патрэбы не павышаць голас і не ўжываць нецэнзурныя словы, але ўсё ж здараецца. Немагчыма кіраўніку ўвесь час быць добрым. Даводзілася і прэміі пазбаўляць, і звальняць. Потым перажываеш: можа, пагарачыўся, незаслужана пакрыўдзіў чалавека. Але ж слова не верабей… І на работу ў выхадныя, здараецца, прыцягваю. Разумею: дрэнна гэта, у кожнага свае планы, сям’я. Але што рабіць, калі трэба? Неяк заказчыкі з Расіі, якім раптам тэрмінова спатрэбіліся саджанцы, вырашылі прыехаць за пасадачным матэрыялам у выхадны. А тут дождж валіць… Каго адправіць выкопваць і грузіць саджанцы? Вядома ж, кантору. Ну і сам з імі. Як інакш? Усе мокрыя, брудныя, а адпачыць, колькі ні прапаноўваў, не згаджаюцца, хочуць хутчэй закончыць. Тут у заказчыкаў нейкае спрэчнае пытанне з нашым загадчыкам лесагадавальніка ўзнікла. Бачу, абстаноўка накаляецца. Падышоў,  каб дапамагчы раза­брацца, а яны мне: «Мужчына, не перашкаджайце, ідзіце займацеся сваёй справай!» «Дык гэта мая справа, – адказваю. – Я дырэктар». Здзіўленню іх не было межаў: «Першы раз бачым такога дырэктара». Я ўвогуле стараюся ўсюды быць сам: і на паляванні, і ў рэйдзе, і на ахове лесу.

Але вымовы даваць і голас павышаць таксама даводзіцца. Галоўнае, лічыць Рыгор Мечыслававіч, каб пакаранне, калі яго немагчыма пазбегнуць, было справядлівым і той, хто яго атрымаў, разумеў, за што.

«Лес – мой лёс»

Рыгор Мечыслававіч прызнаецца, што ў дзяцінстве марыў стаць мараком. Але калі прыйшоў час выбіраць прафесію, паступіў у тэхналагічны ўніверсітэт на факультэт лясной гаспадаркі.

Адыгралі сваю ролю ўспаміны дзяцінства, якое праводзіў з бабуляй і братам у лесе: грыбы, ягады, першае паляванне… 

І атрымалася, што выбраў ён не проста прафесію – лёс. Прычым ва ўсіх сэнсах слова: жонку, Надзею Канстанцінаўну, таксама сустрэў ва ўніверсітэце. 

– Я не інжынер, – прызнаецца Рыгор Долгі. – Я – чалавек прыроды. Такі з маленства і такім застаўся да гэтага часу. У студэнцтве быў членам дружыны па ахове лесу: дзяжурылі, перад

Новым годам ездзілі ў электрычках, глядзелі, ці не вязе хто незаконна высечаную елачку. Нават ружжы ў браканьераў забіралі! Пажары тушылі. І на рабоце з першага дня было гэтак жа.

Пачынаў з інжынера па ахове і абароне лесу. Гэта сёння ў лясгасе ёсць спецыяліст, які адказвае за паляўнічую гаспадарку, інжынер па ахове лесу, лесапатолаг… Тады ўсе гэтыя пасады сумяшчаліся ў адной. А летам пажары… Вяртаешся дадому – брудны, запылены. Як толькі жонка трывала? Але мне падабалася такое жыццё. І цяпер падабаецца. Лес для мяне больш чым работа, гэта – лад жыцця. Часам у выхадны, калі няма пільных спраў, саджуся ў машыну і еду ў лес. Не за ягадамі ці грыбамі – проста так: пахадзіць, паглядзець, што робіцца… Не палічыце за гучныя словы, але лес – гэта маё жыццё!

Так і атрымалася, што за 20 з лішкам гадоў Рыгор Долгі стаў сваім не толькі ў астравецкім лесе, але і на Астравеччыне. І званне ганаровага грамадзяніна Астравецкага раёна – дастойная адзнака таго ўкладу ў развіццё стаўшага родным яму краю, які ўнёс ён сам і ўзначальваемы ім калектыў.


Текст: Нина Рыбик