На Астравеччыне ўзнагародзілі лідараў першага ўкосу

15:11 / 06.07.2024


Па добрай традыцыі, якая склалася ў нашым раёне, па выніках першага ўкосу вызначылі пераможцаў раённага спаборніцтва сярод механізатараў і вадзіцеляў. Майстэрства, працавітасць і спрыт на касавіцы прадэманстравалі добра вядомыя на Астравеччыне перадавікі.

Нагадаю, што пераможцаў у розных намінацыях вызначылі не па аб’ёмах, а па выкананай сярэдняй за дзень норме. Пры гэтым на касавіцы працаўнік павінен адпрацаваць не менш 5-ці дзён.

У розныя кропкі Астравеччыны з ганаровай місіяй павіншаваць, уручыць Падзякі і падарункавыя сертыфікаты завіталі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула.

– Хоць у цэнтр увагі звычайна больш трапляюць хлебаробы, занятыя на адвозе збожжа вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў, але вы не менш плённа працуеце.  Корманарыхтоўка – вельмі важная кампанія, і кожны з вас паставіўся адказна да сваіх абавязкаў – адсюль і пераможны вынік, – сказаў Іван Карніла.

Далучаючыся да віншаванняў, Юрый Адула зазначыў, што неўзабаве распачнецца масавае жніво, на якім таксама будуць вызначаны героі, і выказаў спадзяванне на хуткую сустрэчу.

Не першы год лепшым касцом у раёне прызнаны Сяргей Сташко з КСУП “Міхалішкі”, які чацвёрты сезон працуе на шматфукцыянальнай ратацыйнай касілцы КМР-9 у счэпцы з трактарам айчыннай вытворчасці. Па вялікім рахунку ўсе аб’ёмы пакладзеных у пракосы траў у гэтай гаспадарцы належаць механізатару.


– Так трымаць, Лявонавіч! І надалей праслаўляй нашу гаспадарку, – павіншаваць свайго работніка на поле прыехаў і дырэктар КСУП “Міхалішкі” Вадзім Саковіч.


Юрыю Рэваку з КСУП “Гервяты” адшукалі на адным з палёў: пакуль мужчына адвозіць салому, а як пачнецца масавая ўборка, будзе яе прэсаваць. На падборшчыку “Кронэ” за зялёны сезон механізатар накруціў без малога тысячу тон травы і стаў пераможцам у намінацыі “Прэсаванне”. Да слова, не ўпершыню!


Адразу тры працаўніка КСУП “Гудагай” святкавалі перамогу ў сваіх катэгорыях.

Сярод камбайнераў комплексаў роўных не было Сяргею Урліку. У мінулыя гады гэтага механізатара прызнавалі і лепшым корманарыхтоўшчыкам вобласці, а яго партрэт заносілі на раённую Дошку гонару.


Сяргей Трусевіч стаў лепшым на адвозе зялёнай масы трактарам. Падчас многіх аграрных кампаній малады чалавек заўсёды ў лідарах. У пазамінулым годзе ён з напарнікам першымі на Астравеччыне сярод моладзі ўзялі жаданую тысячу тон збожжа і занялі 1 месца сярод маладзёжных экіпажаў Гродзеншчыны. І падчас віншавання Сяргей не ўтойваў свайго жадання хутчэй сесці на камбайн, каб абмалочваць “гудагайскія” нівы.


Яшчэ адзін неаднаразовы пераможца і прызёр жніўнага і корманарыхтоўчага спаборніцтваў  Іосіф Бабіч – летась ён першым на Астравеччыне перавёз тысячу тон збожжа! – аказаўся самым спрытным у намінацыі “Адвоз травы аўтамабілем”.


Віншуем землякоў з выдатным вынікам!

Кампетэнтна

Іван Карніла:

– Гаспадаркі Астравеччыны шчыльна наблізіліся да выканання плану назапашвання сенажу. Мы займаем 2-е месца ў вобласці па ўзроўню забяспечанасці гэтым відам корма. Гэта не можа не радаваць, таму што з’яўляецца адным са складнікаў паспяховай зімоўкі і стабільнай прадуктыўнасці жывёлы.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич