Повар Святлана Скерла і пекар Наталля Трафімава атрымалі ўзнагароды да Дня кааперацыі

14:30 / 06.07.2024


Напярэдадні Дня кааперацыі двое работнікаў гэтай сферы ў Астравецкім раёне атрымалі ўзнагароды з грашовымі прэміямі і падзяку ад раённай улады.

Павіншаваць з надыходзячым прафесійным святам жанчын вырашылі на працоўным месцы.

Так, повару Святлане Скерле Падзячны ліст старшыні райвыканкама ўручылі ў кафе “Візаві”. Намеснік старшыні райвыканкама Павел Мілешка падзякаваў ёй за добрасумленнасць і шматгадовую адданасць сваёй справе. Акрамя пажадання здароўя і дабрабыту, ён выказаў спадзяванне, што жанчына і надалей будзе працаваць на карысць Астравеччыны і спажыўкааперацыі.

– Дзякуй за ўзнагароду і ўвагу – гэта, безумоўна, прыемна. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, якія часам здараюцца, мы стараемся працаваць і радаваць кліентаў, –сказала ў адказ Святлана.


Наступным месцам святочных віншаванняў стаў Астравецкі хлебазавод, дзе працуе пекарам Наталля Трафімава. Жанчыну ўзнагародзілі Падзячным лістом раённага Савета дэпутатаў.


– Цудоўны спецыяліст! Яна выдатна ведае тэхналогію і кандытарства, і хлебапячэння; пэўны час замяняла і майстара. Адказны добрасумленны работнік, на якога заўсёды можна разлічваць. Словам, чалавек на сваім месцы! І найлепшае пацвярджэнне гэтаму тое, што Наталля працуе на нашым прадпрыемстве ўжо больш 20-ці гадоў, – расказала пра жанчыну начальнік вытворчага ўчастка Смаргонскага філіяла аблспажыўтаварыства Марыя Масойць. 

Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Мацкевич