Гонар раёна Алена Мілаш: пра адданасць прафесіі

11:00 / 06.07.2024


…Яна вельмі хвалявалася падчас нашай размовы, раз-пораз дакранаючыся рукой да прычоскі: ці не выбіўся які валасок. Бо не кожны дзень трапляеш на раённую Дошку гонару, а затым і на старонку газеты. І гэтак жа хвалюючыся адзначыла на развітанне: «Я люблю сваю работу і я вельмі сур’ёзны бухгалтар». Менавіта так, сур’ёзна, а яшчэ адказна і аддана ставіцца да любімай справы вядучы бухгалтар Смаргонскага філіяла Гродзенскага абласнога спажыў­тава­рыства Алена Мілаш.

Нават не марыла

– Ганаруся сабой, што заслужыла прызнанне, і радуе, што знаёмыя і калегі, сястра і сын таксама так лічаць. 

Калі патэлефанавала намеснік дырэктара і паведаміла «Пойдзеш на гонар», у мяне была паніка – хацела адмовіцца. Не атрымалася: было сказана, што так вырашыў калектыў. Як гром сярод яснага неба на мяне «навалілася» прызнанне – аб чым я нават не марыла.
Але гэта, безумоўна, прыемна. Праходзіш міма Дошкі – і абавязкова адным вокам «падглядзіш»:  там – я! 

Бліжэй да дому

– У 1996 годзе скончыла астравецкую школу з сярэб­раным медалём, паступіла ў Маладзечненскі ўлікова-планавы тэхнікум. На той момант, калі трэба было паступаць, не ведала, кім хачу быць, тым больш не бачыла сябе бухгалтарам. Але Маладзечна блізка – села на цягнік і паехала. Гэта і стала асноўным фактарам выбару прафесіі. Прайшла па субяседаванні.
Скончыла тэхнікум у 1998-м з чырвоным дып­ломам. Адзначу, што па выніках паспяховасці на першым месцы быў сын дырэктара, за ім ішла я. (Усміхаецца.) 

На адным месцы

– На першае працоўнае месца прыйшла ў бухгалтэрыю астравецкага хлебазавода. Ён тады, як і іншыя падраздзяленні, «жыў» асобна, як і грамадскае харчаванне, і гандаль.
Вярнулася на радзіму, таму што брала мэтавае накіраванне ад райспажыўтаварыства. Пачала працаваць не ў жніўні, як большасць маладых спецыялістаў, а ў першыя дні ліпеня: незнарок вызвалілася месца, якое трэба было хуценька «закрыць». І вось прайшло ўжо амаль 26 гадоў…

З хлебазавода пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Выйшла ў грамадскае харчаванне. А ў 2022 годзе Астравецкі філіял далучылі да Смаргоні. Перажывала, што застануся без работы, давядзецца шукаць нешта іншае, магчыма, у незнаёмай сферы. А мяняць нічога не хацелася – і, мабыць, пачулі мяне нябёсы: засталася на сваім месцы. Праўда, адрас рабочага стала змяніўся: з будынка насупраць пошты, дзе райспажыўтаварыства займала два паверхі, пераехала ў адзін з кабінетаў хлебазавода. 

Вядучы – значыць адказны

 – «Вядучага» бухгалтару не «прыпісваюць» за так. Гэта прадугледжвае большую адказнасць і шырэйшы фронт работ. Я такую «прыстаўку» атрымала ўжо даўно – нават не памятаю калі.

У тэхнікуме вучылася працаваць «на паперах», ды і першыя гады на хлебазаводзе ўсё рабілі ўручную. А сёння бухгалтар без камп‘ютара – нікуды. Цяпер усё прасцей, хоць пры камп‘ютарызацыі давялося шмат чаму вучыцца. 

Да канца працоўнага дня стараюся ўсё паспець, аднак здараецца  і затрымлівацца.  

У «папяровыя» часы, бывала, апрацоўвала справаздачы дома – стос папак несла з сабой. Цяпер не бяру – мабыць, вопыт дапамагае спраўляцца. Ну, і, зразумела, тэхналогіі.

Чалавек усяму можа навучыцца, калі яму гэта спат­рэбіцца. 

Па вялікім рахунку, хоць і ездзілі мы з калегамі на курсы, каб навучыцца працаваць за камп‘ютарам, усё асвойвалі на рабочых месцах – метадам «тыку»: адна вось тут кнопачку «знайшла», другая вунь там націснула… Дзяліліся адна з адной такімі ведамі. Вучыцца, канешне, баюся: каб не «знесці» тое, чаго потым не выправіш. Але ж трэба!
 
Мой вопыт – для ўсіх

– За мной справаздачы па хлебазаводзе, грамадскае харчаванне, рэстаран і кафэ. Курырую і нарыхтоўкі на астравецкім участку. 

За амаль тры дзесяцігоддзі вывучыла справу так, што магу знайсці патрэбную лічбу за секунды, сарыентавацца ў дакументах з заплюшчанымі вачыма.

Да мяне прыслухоўваюцца, звяртаюцца ўсе з астравецкага ўчастка, нават не мае «падапечныя». Бываюць дні, калі дзверы кабінета не зачыняюцца. Іншы, мабыць, сказаў бы: гэта не мая частка работы. Але не я. Заўсёды дапамагу, нават калі адразу не ведаю адказ, – буду шукаць, тэлефанаваць кампетэнтным людзям. 

Адпачынак у мяне звычайна кароткі, але і за гэты час работы накопліваецца – толькі паспявай разбіраць, як выйдзеш. 

На работу, колькі б ні назбіралася спраў, заўсёды іду з задавальненнем. І за справаздачы бяруся са словамі «Як я па вас сумавала!». Калега аднойчы адзначыла, што гэта ненармальныя адносіны да работы. А я такая: сур’ёзны бухгалтар, які любіць сваю справу і адносіцца да яе адказна.

Закончыце фразу...

– За кожнай лічбай…

– …адказнасць. Калі зраблю штосьці не так, могуць пацярпець людзі. Няправільна праверу справаздачу – “выплыве” недаздача, а гэта сур’ёзна.

– За працай бухгалтара…

– …зноў жа адказнасць. Ад работы бухгалтара залежыць вынік і дабрабыт усёй арганізацыі. Усё зрабіў правільна і якасна – будзе парадак.

– За кожным вашым працоўным днём…

– …хатнія справы. Стараюся пакінуць думкі пра работу, заканчваючы працоўны дзень і ідучы дадому. Не заўсёды, канешне, атрымліваецца. Здараецца, нават сярод ночы ў галаве пракручваеш, як і што лепш заўтра зрабіць.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович