Паглядзелі, як праходзіць другі ўкос у КСУП “Гудагай”

10:00 / 04.07.2024


На Астравеччыне працягваецца другі ўкос. Аграрыі плануюць пакласці травы ў пракосы на без малога 11 тысячах гектараў. Найбольшая плошча ў КСУП “Гудагай” – 2 789 га.

Карэспандэнт наведаўся ў гэтую гаспадарку, каб даведацца, хто працуе на касавіцы, колькі і якіх кармоў ужо нарыхтавалі аграрыі.

Перад тым як выправіцца на гудагайскія сенажаці, зазірнула ў раённую сельскагаспадарчую зводку. Па ўсім бачна, што план па нарыхтоўцы сенажу – 36 688 тон – тут перавыканаюць з лішкам: тыдзень таму гэтага віду корму ўжо было назапашана 90%.

Звяно корманарыхтоўчай тэхнікі ў дзень майго візіту разгарнулася непадалёк ад малочна-таварнага комплексу “Германішкі”.

Не першы сезон травы кладзе ў пракосы на сучаснай ратацыйнай касілцы, якая працуе ў счэпцы з “Беларусам” Генрых Млынскі. Па словах механізатара, навясны агрэгат цудоўна зарэкамендаваў сябе ў рабоце: травы кладуцца ў адзін валок з дзевяці метраў.


Касец Генрых Млынскі

– Спераду на трактар мацуецца касілка, каб машына не стоптвала травы, ззаду – таксама. Скошаная маса трапляе на спецыяльныя сталы, з якіх і фарміруецца адзін валок, – патлумачыў касец. – З-за празмернай спёкі яны падвяльваюцца на вачах: не трэба пускаць граблі ці варушылкі, можна адразу комплекс. Атава нядрэнная, асабліва там, дзе пасля першага ўкосу прайшоў месяц.

Літаральна праз дарогу травы на кормаўборачным камбайне падбіраў Міхаіл Лашчонак, якога неаднойчы прызнавалі лепшым корманарыхтоўшчыкам у раёне і вобласці.


Корманарыхтоўшчык Міхаіл Лашчонак

– На “Ягуары” працую другі год, да гэтага – на комплексе КВК-800, – расказаў механізатар. – Цяпер падбіраю люцэрну – у вытворчасці кармоў незаменная культура. Пры добрым сезоне можна зняць некалькі ўкосаў.

“Зялёнку” на комплекс адвозіла каля 7 адзінак тэхнікі, за рулём якіх – вопытныя вадзіцелі, такія як Іван Адамковіч і Іосіф Бабіч. Апошні, дарэчы, неаднойчы перамагаў у працоўным прафсаюзным спаборніцтве, а летась першым на Астравеччыне перавёз тысячу тон збожжа. Запытала ў працаўніка, як атрымліваецца вытрымаць канкурэнцыю з астатнімі, бо ў КСУП “Гудагай” возяць і траву, і збожжа выключна МАЗамі і трактарамі з прычэпамі.


Вадзіцель Іосіф Бабіч

– Галоўнае, каб тэхніка не падвяла, – прызнаўся Іосіф Бабіч. – А за намі справа не пастаіць! Усё, часу на размовы няма, трэба “рваць” да траншэі.

Ля тэхналагічнай ёмістасці для захоўвання кармоў ля МТК “Германішкі” адзін аднаго змянялі трактары і МАЗы. Аграном па кормавытворчасці Аляксандр Баўр фіксаваў колькасць перавезенай “зялёнкі” і рэйсаў. Па назіраннях спецыяліста, паміж вадзіцелямі і на корманарыхтоўцы ёсць саперніцтва – кожнаму хочацца перавезці як мага больш тон. Тым не менш, існуе жалезнае правіла: да падборшчыка пад’язджаюць па чарзе.

– У кожнай траншэі ёсць свой пашпарт, дзе фіксуюцца асноўныя звесткі: тэмпература, вільготнасць масы, кансервант і многае іншае. Асноўныя паказчыкі, ад якіх залежыць якасць будучага сенажу, вымяраем самі. Некалькі разоў на дзень іх правяраюць і спецыялісты раённай ветстанцыі. Шэф таксама прыязджае часта, – расказаў аграном па кормавытворчасці.

Сянажную траншэю, як таго і патрабуе тэхналогія, у КСУП “Гудагай” закладваюць за 2-3 дні. “Зялёнку” трамбуюць дзве адзінкі: К-701 “укатвае” яе да шчыльнага стану, а “Амкадор-252” падсувае здробненую траву і таксама “прасуе” яе.


Аграном па кормавытворчасці Аляксандр Баўр

– Усе тэхналагічныя ёмістасці яшчэ да пачатку першага ўкосу старанна падрыхтавалі: пабялілі ўсе пліты, апрацавалі спецыяльнымі сродкамі, – працягнуў спецыяліст. – Перад закладкай траншэі ўкладваецца цёмная плёнка, якая закрываецца потым, як канверт. Зверху кладзецца яшчэ адна, а на яе – выкарыстаныя пакрышкі. Атрымліваецца ідэальная вакумная канструкцыя і якасны корм, які зімой з задавальненнем будуць паядаць каровы на комплексе, – рэзюмаваў Аляксандр Баўр.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич