Прадпрыемствы і арганізацыі прэзентавалі сваю прадукцыю і паслугі

20:45 / 03.07.2024


У рамках святкавання Дня Незалежнасці ўсе прадпрыемствы і арганізацыі Астравеччыны прэзентавалі сваю дзейнасць і пастараліся зрабіць гэта не толькі максімальна інфарматыўна, але і маляўніча, паказальна, займальна. Камісія ў складзе намеснікаў старшыні райвыканкама на чале з Сяргеем Мядзвецкасам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Генадзем Бычко мела магчымасць пазнаёміцца з кожнай установай у міні-фармаце.

Так, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва зладзіў, на мой погляд, самую маштабную, маляўнічую і патрыятычную фотазону. А яго дырэктар Святлана Куцько расказала і паказала, што ўмеюць рабіць супрацоўнікі і наведвальнікі ТЦСАН.

Пра свае паслугі расказалі аддзяленне Белдзяржстраха, цэнтры банкаўскіх паслуг Белаграпрамбанка і Беларусбанка. Сяргей Мядзвецкас пажадаў, каб кожны з іх падтрымліваў інвестыцыйныя праекты, што рэалізуюцца ў раёне.


Каля стэнда Беларускай АЭС і Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі старшыню райвыканкама і яго намеснікаў найбольш цікавілі пытанні бяспечнай работы атамнай станцыі і абсталяванне, з дапамогай якіх гэтая бяспека кантралюецца.

Што новага прапануе кліентам Белтэлекам, расказаў Сяргей Хіневіч. А пра тое, як старая добрая пошта ўліваецца ў рэаліі новага часу, – Яўгенія Гайдукевіч.

Сяргей Мядзвецкас і яго намеснікі змаглі ацаніць прадукцыю, якую выпускае завод “Радыёдэталь”; матэрыялы, з якіх будуе дарогі ДРБУ-159; прыборы, якія выкарыстоўваюць у рабоце меліяратары і газаўшчыкі, навінкі ў рабоце аўтапарка.




Каля самаробнага доміка лясгаса – уласная вытворчасць, да слова! – кіраўнікі раёна палюбаваліся трафеямі мясцовых паляўнічых, пакаштавалі свежага мёду і толькі-толькі саспелых буякоў.

Супрацоўнікі РУП ЖКГ пра свае шматлікія і, на першы погляд, зусім не паэтычныя паслугі расказалі… у вершах! Ды і да прэзентацыі паслуг падышлі творча: у іх быў, бадай што, самы маляўнічы і крэатыўны падворак.

Даўжэй звычайнага затрымалася прадстаўнічая камісія каля палаткі газеты “Астравецкая праўда”. Пра развіццё газеты больш чым за 80 гадоў тут можна было даведацца з прадстаўленых фотаздымкаў і газеты, кнігі “Праз гады і газетныя старонкі”, якую галоўны рэдактар Алена Ярашэвіч падарыла кіраўніку раёна, прэзентацыі найбольш цікавых праектаў і нават… праверыць на сабе, Паспрабаваць набраць тэкст на пішучай машынцы, праўда, ніхто не рашыўся, а вось у ролі вядучага выязной студыі тэлебачання аказаліся старшыні райвыканкама Сяргей Мядзвецкас і раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко. Абодва справіліся з задачай на “выдатна”!

Маштабную разгалінаваную гаспадарку ЦКРБ прадстаўляў перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт: на яго прыкладзе галоўны ўрач бальніцы Уладзімір Мажэйка расказаў пра работу раённай медыцыны. А старшыня райвыканкама, як і многія гараджане да яго, нават паспрабаваў зрабіць штучнае дыханне пацярпеламу на прадстаўленым тут муляжы.

Часам узнікае пытанне: ці патрэбны падобныя прэзентацыі работы ўстаноў і арганізацый? І ў чарговы раз адказ на яго станоўчы: так. Бо як па кроплі марской вады можна вызначыць склад бязмежнай воднай прасторы, так і на невялікім падворку, не пераступаючы прахадной, зразумець, чым займаюцца арганізацыі і ўстановы раёна.



#Гродзенская_вобласць

#Астравецкі_раён

#Дзень_Незалежнасці_Беларусі

#80-годдзе_вызвалення_Беларусі_ад_нямецка-фашысцкіх_захопнікаў


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик