Святочная ўрачыстасць да Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшла ў цэнтры горада

15:16 / 03.07.2024


Святочная ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачалася з тэатралізаванага прадстаўлення: на сцэну выйшлі прадстаўнікі народных калектываў Астравеччыны і прадставілі багацце нашага рэгіёна.

Асаблівы гэты дзень для Астраўца яшчэ і таму, што 80 гадоў назад ён быў вызвалены ад фашыстаў.

– Мы, беларусы, маем найвялікшую каштоўнасць – спакой і згоду ў нашым доме. За іх народ заплаціў неймаверную цану, і таму сённяшняе свята – гэта свята ўсіх, каму дарагія і зразумелыя нашы агульныя каштоўнасці: гонар за краіну, жаданне працаваць для яе росквіту і любоў да сваёй зямлі. Вялікая Айчынная вайна навучыла нас шанаваць мір і незалежнасць, але суверэнітэт мала заваяваць на полі бою. Перыяд станаўлення Беларусі як самастойнай дзяржавы стаў чарговым выпрабаваннем для беларусаў. За 80 гадоў, якія прайшлі з моманту кровапралітнай вайны, у нашай рэспубліцы не толькі пераадолелі пасляваенную разруху, але і дзякуючы тытанічнай працы і самаадданасці цэлых пакаленняў стварылі дынамічна-развітую краіну, якая займае лідзіруючыя пазіцыі ў многіх сферах на сусветнай арэне, – адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Мядзвецкас. – Разам з краінай шлях станаўлення і развіцця прайшоў і Астравец. Сёння наш раён – гэта рэгіён з сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасцю, развітай сферай гандлёвага абслугоўвання, шырокай сеткай паспяхова працуючых устаноў адукацыі, аховы здароўя, спорту, культуры, прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі і прамысловасці.


Сяргей Тадэвушавіч прааналізаваў развіццё Астравеччыны ад пачатку будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі і павіншаваў землякоў са святам:

– Ад усёй душы дзякую тым, хто працай, сіламі і талентам уносіць неацэнны ўклад у развіццё нашага раёна. Дзякуй вам, дарагія астраўчане, за любоў і адданасць роднаму краю, за ваш клопат аб яго дабрабыце! Старэйшае пакаленне годна выканала сваю гістарычную місію: разам з Вялікай Перамогай адстаяла дзяржаўны суверэнітэт. Наш святы абавязак – яго захаваць, зрабіць незваротным, гарантаваць права цяперашняму і наступным пакаленням быць паўнапраўнымі гаспадарамі на сваёй зямлі.

Астраўчане самаадданай працай не раз даказвалі, што яны сапраўдныя гаспадары сваёй зямлі. Нам ёсць кім ганарыцца і каму сказаць дзякуй! Узнагароды з рук старшыні райвыканкама атрымалі лепшыя працаўнікі.

Так, за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, актыўную грамадскую дзейнасць Ганаровай граматай Астравецкага райвыканкама ўзнагароджаны галоўны заатэхнік КСУП “Гудагай” Віктар Алёкса, настаўнік фізікі і матэматыкі гімназіі №1 Галіна Внуковіч, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Яніна Кірэева, токар завода “Радыёдэталь” Цімафей Лук’янаў, настаўнік матэматыкі гімназіі №1 Галіна Ражко.

Падзячным лістом старшыні райвыканкама за добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, высокі ўзровень арганізацыі работы з моладдзю, выніковы ўдзел у абласных і рэспубліканскіх праектах, конкурсах, пошукавай рабоце ўзнагароджана першы сакратар райкама ГА БРСМ Вольга Максімава.


Да гісторыі нашага краю звярнуўся намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Яўген Леўшык і адрасаваў астраўчанам Прывітальны ліст старшыні аблвыканкама Уладзіміра Караніка .


Цёплыя словы віншаванняў гучалі і з вуснаў старшыні раённага Савета дэпутатаў Генадзя Бычко.


– 80 гадоў таму вызвалілі Мінск і Астравец. Але наперадзе былі яшчэ доўгія дні і ночы вызвалення Гродзенскай вобласці і рэспублікі. Наперадзе чакала вызваленне паловы Еўропы ад акупантаў, яшчэ ішла барацьба з бандфарміраваннямі, а потым насталі доўгія гады аднаўлення краіны...  Гады былі цяжкія, але беларусы аднаўлялі інфраструктуру і эканоміку. І толькі дзякуючы самаадданай працы атрымалася дасягнуць добрых поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, – адзначыў Генадзь Бычко.

Падчас выступлення старшыня райсавета дэпутатаў адзначыў цудоўнага чалавека, адказнага кіраўніка – дырэктара Астравецкага вопытнага лясгаса Рыгора Мечыслававіча Долгага, якому напярэдадні было прысуджана званне “Ганаровы грамадзянін “Астравецкага раёна”.


Павіншаваў астраўчан са святам і камандзір вайсковай часці 7434 Сяргей Лойка:


– Вытокі гэтага свята закладзены глыбока ў душы кожнага чалавека падчас суровых выпрабаванняў у час самай крывавай вайны. 3 ліпеня 1944 года ад карычневай чумы вызвалілі Мінск і наш Астравец. І мы ніколі не забудзем тое гора, якое прынесла вайна. Яна нас навучыла берагчы мір і спакой.

На працягу свята не раз са сцэны гучалі словы падзякі за працу і развіццё раёна; арганізатары ўспомнілі і цяжкія крывавыя гады Вялікай Айчыннай вайны – тэатралізаванае прадстаўленне нагадала, што давялося перажыць беларусам і якая цана ўсенароднага подзвігу; прагучаў і зварот да маладога пакалення – менавіта ад яго залежыць будучыня нашай краіны.

І, канешне ж, гучалі песні ў выкананні астравецкіх артыстаў.







#Гродзенская_вобласць

#Астравецкі_раён

#Дзень_Незалежнасці_Беларусі

#80-годдзе_вызвалення_Беларусі_ад_нямецка-фашысцкіх_захопнікаў

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич, Елена Войтехович