У Дзень Незалежнасці Беларусі астраўчане ўсклалі кветкі да помніка савецкім воінам і партызанам
Святкаванне Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Астраўцы пачалі з ўскладання кветак да помніка савецкім воінам і партызанам.
У гэты дзень тут сабраліся раённая ўлада, дэпутаты, працоўныя калектывы, грамадскія аб’яднанні, дзеці, жыхары раёна. Перад імі разгарнулася тэатралізаваная дзея, якая адлюстравала падзеі і жахі Вялікай Айчыннай вайны. Кожная лічба агучанай хронікі болем адбівалася ў сэрцы: 3 гады 1 месяц і 6 дзён – столькі працягвалася акупацыя Беларусі; на тэрыторыі краіны было больш за 560 лагераў смерці, сярод якіх і дзіцячыя; праведзена больш за 180 карных аперацый; разбурана 209 гарадоў і спалена звыш 11 700 вёсак. Дарослыя і дзеці на роўных змагаліся з ворагам, праяўлялі гераізм і мужнасць, набліжаючы Перамогу.
Асабліва да месца ў пастаноўцы прыйшліся моманты, калі хлопчык чытаў верш «Я буду маліцца» – ён прасіў міру; калі гучалі сур’ёзныя не па гадах расказы малышоў пра вайну: пра голад, холад, смерць.
Вялікая Айчынная ў многіх забрала жыццё, многіх пакінула без бацькоў-дзядоў-дзяцей, без даху над галавой. Мы павінны памятаць пра подзвіг нашых продкаў і яго цану. Хвіліна маўчання пад гукі метранома, залпы салюта і кранальная песня «Вярніце памяць» – усё гэта было ў гонар тых, хто падарыў нам Вялікую Перамогу і мірнае неба.
Праз калідор артыстаў, нібы паўз шэрагі тых, хто не дажыў да сённяшняга часу, удзельнікі мітынгу неслі кветкі да помніка. Гваздзікі, рамонкі, валошкі, хрызантэмы – іх было безліч.
#80-годдзе_вызвалення_Беларусі_ад_нямецка-фашысцкіх_захопнікаў