Як адпачываецца ў летніку, расказвае пяцікласніца з Рымдзюн

14:00 / 26.06.2024


А ці ведаеце вы, што сунічкі – гэта не толькі смачныя духмяныя ягады, але і назва летніка ў Рымдзюнскай сярэдняй школе?

Гэты летнік я наведваю ўжо другі год. Адчыняецца ён у дзевяць гадзін раніцы. Пачынаецца ўсё з зарадкі, а далей атрад займаецца рознымі класнымі справамі. Кожны дзень выхавацелі прыдумваюць для нас новыя гульні і заняткі. Сумаваць няма калі.

За парадкам у летніку сочыць дырэктар Святлана Уладзіміраўна Петрык. Яна строгі, але добры кіраўнік.

Ёсць у нас і фізкультурная гадзіна. Яе праводзіць Іна Рамуальдаўна Вінцкусь. Такія заняткі дапамагаюць нам быць моцнымі і здаровымі.

Па пятніцах мы наведваем гурток у мясцовым сельскім клубе- бібліятэцы. Там з намі займаецца Ганна Паўлаўна Штура. Яна вучыць рабіць розныя прыгожыя вырабы.


А камандзір нашага атрада Катрына жыве ў Гірах разам з братам Мікітам і сястрычкай Дашай. Яна вельмі добрая, дапамагае выхавацелям і дзецям, калі гэта патрэбна. Мы з Катрынай сяброўкі.

У сталовай для нас гатуюць розныя смачныя стравы. Хтосьці найбольш любіць піцу ці смажанку, хтосьці -- аладкі. Мне ж найбольш падабаюцца катлеты.




Час мы праводзім не толькі ў летніку. Наведалі кінатэатр у Астраўцы, былі ў Смаргоні на экскурсіі. Найбольш спадабалася на Янаўскім вадасховішчы і ў выратавальнікаў. Нам паказалі тэхніку, далі паспрабаваць паліць вадой са шланга, якім тушаць пажары, расказалі пра бяспеку і падарылі сувеніры.

Адным словам, «Сунічкі» гэта крута! Абавязкова запішуся ў наступным годзе.


Агнія Пашкявiчуце-Гурыновiч, вучаніца 5 класа Рымдзюнскай СШ.