Прафесію трактарыста можна будзе атрымаць у Варнянах

12:00 / 25.06.2024


За некалькі дзесяці­годдзяў вясковая моладзь значна змянілася: калі гадоў 30 назад хлапчукі ледзь не пагалоўна хацелі быць трактарыстамі і шафёрамі, то цяпер у трэндзе інфармацыйныя тэхналогіі, юрыспрудэнцыя… Тым не менш, ёсць сучасныя маладыя людзі, якія хочуць працаваць у аграпрамысловым комп­лексе.  

Нагодай для гэтага артыкула стала публікацыя ў нашай газеце невялікай замалёўкі пра працавітага хлопца з дынастыі механізатараў, які пасля заканчэння каледжа вярнуўся на Астравеччыну ў адзін з КСУПаў. Падчас інтэрв’ю ён сказаў, што мае спецыяльнасць слесара, але хоча вывучыцца на трактарыста, каб, як і бацька, убіраць у роднай гаспадарцы травы, збожжа…

Хлопец звярнуўся ў варнянскі цэнтр падрыхтоўкі, які ў наро­дзе па старой звычцы называюць вучэбна-вытворчым камбінатам, яму прапанавалі пачакаць набору… Але калі ён пачнецца, не ўдакладнілі. 

На днях у рэдакцыю патэле­фанаваў дырэктар цэнтра падрыхтоўкі, павышэння квалі­фікацыі і перакваліфікацыі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Багдановіч, каб праліць святло на праблему. 

Аказваецца, з нашага і іншых раёнаў ахвочых атрымаць «ко­рач­кі» трактарыста ў Варнянах не адзін дзясятак, але па аб’ектыў­ных прычынах распачаць вучобу менавіта па гэтай спецыялізацыі да нядаўняга часу цэнтр не мог. 

Аляксандр Багдановіч

Аляксандр Багдановіч

– Гэта не наша прыхамасць. Наад­­варот, мы ў гэтым толькі зацікаўлены. Справа ў тым, што змя­нілася пра­цэ­дура серты­фіка­цыі. І пры яе прахо­джанні мы апынуліся ў аднолькавых умовах з профільнымі ўстановамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Раней гэта працэдура была значна прасцейшай, – патлумачыў Аляксандр Іванавіч. – Інакш кажучы, цэнтр павінен мець дазвол. Каб яго атрымаць, і праграма, і педагогі, і матэрыяльна-тэхнічная база павін­ны адпавядаць пэўным патрабаванням. 

– Патрабаванні сертыфіцы­рую­чых органаў вельмі высокія. Першапачаткова яны распрацаваны для вну. І такім невялікім раённым вучэбным арганізацыям, як наша, няпроста іх выканаць, – прадоўжыў суразмоўца. – Наколькі мне вядома, з-за складанасці атрымання дазволу на навучанне вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў пакуль адмовіліся ад праходжання сертыфікацыі Смаргонскі політэхнічны ліцэй, Свіслацкі, Зельвенскі вучэбныя цэнтры ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, і нават Гродзенскі абласны. 

Спецыялісты астравецкага цэнт­ра райсельгасхарчу на чале з дырэктарам Аляксандрам Багда­новічам не пабаяліся цяжкасцей і вырашылі зрабіць усё магчымае для атрымання запаветнага сертыфіката, каб у Варнянах можна было па-ранейшаму рыхтаваць трактарыстаў-машыністаў, якія патрэбны і нашым гаспадаркам. 

– Адно з аноўных патраба­ван­няў – наяўнасць улас­нага аўта­дрома. Дзякуючы дапамозе прад­прыемст­ваў і арганізацый раёна за месяц гэты аб’ект пабудавалі, – працягнуў Аляксандр Іванавіч. – Карыстаючыся магчымасцю, вы­казваю падзяку кіраўніцтву цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы, Астравецкага лясгаса, КСУП «Гервяты», КСУП «Гудагай» і сваім работнікам. Хоць у штаце нашага цэнтра толькі 5 чалавек, але кожны адказна паставіўся да справы: не шкадуючы ўласных часу і сіл дружна працавалі на аб’екце.
Дырэктар прапанаваў наведаць аўтадром, дзе, верыцца, неўза­баве вадзіцельскае майстэрст­ва будуць адточваць будучыя трак­тарысты-машыністы і не толькі. 

Аўтадром цэнтра райсельгасхарчу размясціўся ў Дубніках непадалёк ад былога панскага маёнтка Мінэйкаў, у якім пазней размяшчаўся дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых. Цяпер гэты аб’ект знаходзіцца на балансе Астравецкай ЦРКБ. 
Адзначу, што ў ахвочых бясплатна пазаймацца на аўтадроме зрабіць гэта не атрымаецца: заезд на тэрыторыю зачынены, а адпаведная таблічка папярэ­джвае, што туды дазваляецца заязджаць транспарту цэнтра і ЦРКБ. 

– Удзячны кіраўніцтву раённай бальніцы, што дало ў бязвыплатнае карыстанне ўчастак, дзе цяпер размяшчаецца аўта­дром, – расказаў субяседнік. – Пера­меш­чана каля 150 тон грунта, зрасходавана звыш 4 кубаметраў цэменту, зроб­лена і ўстаноўлена амаль 100 элементаў і 2 дзясяткі дарожных знакаў, прыведзена ў парадак і акультурана тэрыторыя. 

Гэта бачна і няўзброе­ным вокам. Асабліва кінулася ў вочы вялікая эстакада. 

– Пляцоўка пабудавана па ўсіх правілах і падыходзіць для практычных заняткаў з вадзіцелямі легкавых і грузавых аўтамабі­ляў, самаходных сельгасмашын і трактараў любога класа, – патлумачыў дырэктар. – Да гэтага мы арандавалі аўтадром у Ашмянах – а гэта каля 40 кіламетраў у два бакі. Цяпер адлегласць да месца навучання 5 кіламетраў – толькі на паліве эканомія відавочная. Дарэчы, практычныя навыкі ваджэння адпрацоўваем і па маршруце Варняны – Дубнікі – Варона – Трокенікі – Варняны. У дзень, калі з Аляксандрам Іванавічам аглядалі аб’ект (19 чэрвеня. – Заўв.аўт.), жадаючых вывучыцца на трактарыста-машыніста ў варнянскім цэнтры ўжо было 72, штодзень чарга павялічваецца на аднаго-двух чалавек. Шмат людзей па гэтым пытанні тэлефануе ў цэнтр. 

Напрыканцы чэрвеня спе­цыя­ліст зробіць ацэнку адпавед­насці тэхнічным патрабаванням установы, аб’ектаў, у тым ліку аўтадрома, дакументацыі, вучэб­ных праграм і многага іншага… 

Спадзяюся, што намаганні спецыялістаў цэнтра падрых­тоўкі, павышэння квалі­фікацыі і пера­кваліфікацыі рабочых былі неда­рэмнымі і яны атрымаюць дазвол на навучанне, а жада­ючыя – спецыяльнасць. У тым ліку і малады слесар, які марыць працаваць на трактары, а не толькі рамантаваць яго. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич