Хлеб – усяму галава. Так было раней. А цяпер?
У блакадным Ленінградзе жыхары атрымлівалі па 125 г хлеба ў дзень
Хлеб – усяму галава. У гады маёй маладосці пра гэта ведалі ўсе: аратыя, якія рыхтавалі ніву для пасеву; сейбіты, што выбіралі спрыяльны час, каб кінуць зерне ў зямлю: жнеі, хлебапёкі і той, хто садзіўся за стол, адразаючы важкую лусту.
Але ў наш час пераацэнкі адвечных каштоўнасцей у катэгорыю непатрэбных трапіў і хлеб. У інтэрнэце часта можна прачытаць «навуковыя» даследаванні аб «шкодзе» хлеба.
А раней хлеб лічыўся святыняй: ніхто не пакідаў недаедзенага кавалачка, нават крошкі са стала не выкідвалі. Лічылася, што хлеб святой Агаты абараняў ад ліха. Многія з ветэранаў, вярнуўшыся з вайны, расказвалі, што выжыць у тым пекле ім дапамог кавалачак агацінага хлеба, зашыты матуляй у адзенне.
А памятаеце зайчыкаў хлеб – самы смачны дзіцячы ласунак. Бацькі, выпраўляючыся ў дарогу, бралі з сабою кавалак хлеба, каб падмацавацца. Ды не з’ядалі ўсё і, вярнуўшыся дахаты, даставалі з кішэні акрайчык і расказвалі, што сустрэлі зайчыка і ён наказаў аднесці дзеткам падарунак. Як малеча радавалася таму прычарсцвеламу, часам прыцярушанаму махоркай кавалачку хлеба – сённяшнія дзеці рознымі кіндарамі ды снікерсамі так не цешацца.
У галодныя часы марылі не пра каўбасы, не пра цукеркі, а пра кавалак хлеба. Жанчыны стараліся падмануць пустыя страўнікі галодных дзяцей: пяклі хлеб з крапівы, з ляснога моху, з мякіны, з дубовай кары – хто на што быў здатны. Адна жанчына распавядала, што ранняй вясной, калі ўжо не мелі з чаго замясіць рошчыну, варыла сталярны клей, дасыпаўшы туды мякіны, – такі быў «хлеб».
А сёння зайдзі ў любы магазін – якіх толькі сартоў хлеба няма! На дражджах і бездражджавыя, з вотруб’ем і кменам, з семачкамі гарбузовымі, сланечнікавымі, льнянымі, з курагой, чарнаслівам, часнаком і нават… з салам! А людзі перабіраюць, прыглядаюцца, прынюхваюцца – і часта зусім не бяруць!
Чаму ж хлеб перастае быць «усяму галавой»? Нехта верыць інтэрнэтным байкам аб яго шкодзе, іншыя баяцца паправіцца. Часта бываю ў моладзевым асяроддзі, дапамагаю накрыць на стол і калі пытаю «Каму хлеба?», у адказ найчасцей – цішыня. Я, канешне, не дыетолаг, але ўсё жыццё ем хлеб з усімі стравамі – і ніколі не таўсцела. Як гаварыла мая настаўніца біялогіі Валянціна Ільнічна Крэміс, хлеб падкрэслівае, адцяняе смак любога прадукта.
….Летам ехалі да мяне з Вільні сваячка з дачушкай і пацікавіліся, які гасцінец прывезці. Я папрасіла хлеба – люблю смакаваць розныя сарты. Прычакаўшы гасцей і накрыўшы стол, спытала, які хлеб падаць – беларускі ці літоўскі. Яны хорам адказалі:
– Мы не ядзім ніякага.
– Чаму? – здзівілася я.
– Проста так…
Крыўдна мне стала за хлеб. «Толькі анёлы з неба не просяць хлеба», – нагадала я гасцям прымаўку.
І расказала адну гісторыю...
…Жанчына, дзяцінства якой прыпала на ваеннае ліхалецце, а юнацтва – на галодныя пасляваенныя гады, успамінала, што пачуццё голаду не пакідала яе ні днём, ні ноччу. Малака і яек патрошку мелі, а хлеба не мелі з чаго спячы. А купіць яго можна было толькі ў тагачасным раённым цэнтры, у Свіры. І дзяўчо часта адпраўлялі за хлебам. Ісці трэба было 20 кіламетраў, затым адстаяць у чарзе. Людзі нервовыя, злыя, у той чарзе яшчэ ўтрымацца трэба было, бо маглі і выпіхнуць слабейшага. Здаралася, не дачакаўшы завозу, ішла яна галодная, стомленая дадому, адчуваючы сябе вінаватай, што не апраўдала надзей. А калі шчасціла, то несла, прыціснуўшы да грудзей бохан, ад водару якога кружылася галава. І так хацелася – не, не адкусіць, а ўпіцца ў хлеб зубамі і есці, есці, есці… Але ж дома чакалі мама, тата, дзядзька, два брацікі… Аднаго разу не стрымалася, падумала: «Адзін разок адшчыкну крошачку, бо ўжо трываць не магу!». Адшчыкнула… і прынесла дахаты абгрызеную з усіх бакоў палову бохана. Чакала заслужанага пакарання, але бацька цяжка ўздыхнуў і выйшаў з хаты, а маці села і заплакала...
Калі калгасы сталі на ногі і вяскоўцы сталі атрымліваць зерне, тая дзяўчына, сама ўжо гаспадыня, такія смачныя хлябы выпякала! І сваіх дзяцей выпраўляла не за боханам хлеба за 20 кіламетраў, а за ваколіцу за аерам ці кляновымі лістамі. І калі яна пякла хлеб, то водар лунаў над усёй вёскай…
…У маёй госці павільгатнелі вочы.
– Вы пра маю маму расказваеце? – спытала яна.
І пацягнулася за хлебам…
Іаланта ВАЛУЕВІЧ.