Рэпартаж з фінішнай прамой першага ўкосу КСУП “Міхалішкі”

14:45 / 17.06.2024


Напрыканцы мінулага тыдня карэспандэнт «раёнкі» з’ездзіў у КСУП «Міхалішкі», каб даведацца , як і з якім настроем аграрыі гаспадаркі завяршаюць першы ўкос і ці атрымалася падчас яго нарыхтаваць запланаваную колькасць травяністых кармоў. 

Ад паспяховасці зялёнага жніва залежыць, як будзе праходзіць зімне-стойлавы перыяд і развівацца мяса-малочная вытворчасць, адпаведна і эканоміка гаспадаркі.
Нягледзячы на няпросты для нарыхтоўкі кармоў мінулы год, у КСУП «Міхалішкі» абышліся без прывазных сенажу і сіласу. Касавіцу тут пачалі з больш урадлівых сенажацей. У дзень, калі прыехала рабіць рэпартаж, корманарыхтоўшчыкаў «злавілF» ажно пад Спондамі. 

На ратацыйнай касілцы КМР з 9-мят­ровым захопам травы ў пракосы клаў Сяргей Сташко. Летась па выніках працоўнага спаборніцтва прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу мужчына стаў лепшым у раёне касцом. Пацікавілася ў механізатара, ці плануе сёлета паўтарыць мінулагодні вынік.

Сяргей Сташко, касец

– Як атрымаецца. Але дрэнны той салдат, які не марыць пра генеральскія пагоны, – аджартаваўся мужчына. – Сачу за прафсаюзнымі зводкамі: пакуль у лідарах. А як далей будзе, час пакажа. На першым участку ёсць сенажаці, што касі сабе да вечара. А тут, на страчанскіх землях, працаваць складана. Палі дробнаконтурныя, невялікія, няма дзе напоўніцу развярнуцца.

Да таго ж даводзіцца часта пераязджаць з участка на ўчастак. Па шчырасці, то і травы тут так сабе.

Леанід Бараноўскі, трамбоўшчык

Да слова, на раённым семінары па гатоўнасці гаспадарак да корма­нарыхтоўчага сезона старшыня райвыканкама Сяргей Мядзвецкас перад аграрыямі гэтай гаспадаркі паставіў задачу прапрацоўкі пытання паляпшэння ўкосных плошчаў і іх перазалужэння. З-за працяглага выкарыстання сенажацей трава ў «Міхалішках» была неўрадлівая. Як вырашаецца гэтае пытанне, пацікавілася ў галоўнага агранома Алега Кавалевіча, які ў полі сачыў за работай корманарыхтоўчага комплексу.


Алег Кавалевіч, галоўны аграном

– Над пытаннем працуем, хоць, вядома, узнікаюць цяжкасці, у прыватнасці, тэхнічнага характару. Напрыклад, на гэтым участку травы выкарыстоўваюцца тры гады. На восень плошчы плануем заараць і засеяць азімымі збожжавымі. Перазалужылі каля 260 гектараў – гэта палавіна ад запланаванага, падсеялі шматгадовыя травы на 352 гектарах, – патлумачыў галоўны тэхнолаг міхалішкаўскіх палёў. – Пашчасціла, што вясна сёлета ранняя. З восені пасеялі каля 100 гектараў свірэпіцы, з якой і распачалі касавіцу ў нашай гаспадарцы. Гэтую культуру выкарыстоўвалі ў якасці зялёнай падкормкі для жывёл і закладвалі ў тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання кармоў. Травы, канешне, у гэтым годзе лепшыя, чым летась, але не на ўсіх участках. Каб дажджы пайшлі на месяц раней, валкі былі б у пояс. 

Лічыцца, што за першы ўкос трэба нарыхтаваць як мінімум 60% сенажу. Запытала ў агранома, ці зробяць яны гэта. 

– Мяркуйце самі: на раніцу 13 чэрвеня мы заклалі амаль 6 тысяч тон з запланаваных 11. Нарыхтавалі 55 тон сена, – расказаў Алег Кавалевіч. – Адзінае засмучае, што некаторая тэхніка падводзіць, але ёсць у нас і новыя агрэгаты. 

КСУП «Міхалішкі», як РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» і КСУП «Варняны» да пачатку першага ўкосу атрымаў новы корманарыхтоўчы комплекс КВК-РS80РRО гомсельмашаўскай вытвор­часці. Такая дапамога ад дзяржавы прыйшлася вельмі дарэчы і своечасова: тэхнічна састарэлыя камбайны часта ламаюцца, адпаведна, стрымліваюцца тэмпы касавіцы. 

У дзень майго прыезду падымаў і здрабняў падвяленую траву толькі навічок, на якім працаваў Валерый Сташко. 

Валерый Сташко, камбайнер

– Для мяне гэта першы сезон на камбайне. Да гэтага касіў і вазіў траву, – расказаў механізатар. – Калі тэхніка новая, і працаваць на ёй прыемна. Усю «зялёнку» закладваем з кансервантам – яго падача ў камбайне аўтаматызавана.

У залежнасці ад колькасці працуючых корманарыхтоўчых камбайнаў размяркоўваецца і тэхніка для адвозу «зялёнкі» з поля да траншэй. Я налічыла тры транспартныя сродкі. 

На новым трактары МТЗ-1523.3 рабіў гэта адзін з самых вопытных вадзіцеляў КСУП «Міхалішкі» Баляслаў Барадынка. 

Баляслаў Барадынка, вадзіцель

– Летась атрымалі двух «Беларусаў». Адзін даверылі мне, другі – Сяргею Чымбару. Відаць, заслужыў, бо на трактары МТЗ-1221 ажно 23 гады ад’ездзіў, – расказаў мужчына. – Колькасць рэйсаў залежыць не толькі ад аддаленасці поля, але і ад ураджайнасці травы. Чым большыя валкі, тым часцей ездзім. Пачыналі з Маркун, Жукойняў, Супранентаў, цяпер масу возім у Страчу. 

За фермай у вышэйзгаданым населеным пункце закладвалі ёмістасць для захоўвання травяністых кармоў – гэта была 5-я траншэя ў гаспадарцы.

Калі раней па рэгламенце траву трамбавалі кругласутачна, то цяпер – на працягу 3-х гадзін пасля апошняга заезду машыны. Колькасць рэйсаў, як і аб’ём перавезенай «зялёнкі», фіксуецца.

У КСУП «Міхалішкі» распрацаваны графік дзяжурства адказных за гэта спецыялістаў. Акрамя гэтага, павінны кантралявацца тэмпература і вільготнасць будучага сенажу. Лічыцца, што апошні паказчык павінен быць 50-60%. Калі градусы павышаюцца, ствараюцца спрыяльныя ўмовы для развіцця патагеннай мікрафлоры і цвілі – якасць корму зніжаецца. 

Загадчык раслінаводчага ўчастка №2 Яніна Зімніцкая кантралявала працэс закладкі травы ў бетаніраванае сховішча. – Пастаянна вымяраем тэмпературу і вільготнасць. Часта прыязджаюць спецыялісты з райветстанцыі, – расказала жанчына. – Стараемся рабіць усё па тэхналогіі, каб на малочна-таварных фермах і комплексах зімой быў якасны сянаж. 

Яніна Зімніцкая, брыгадзір раслінаводчага ўчастка №2


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич