Па сцяжынцы да школьнага парога Літвянскай пачатковай школы прайшліся яе былыя дырэктары Наталля Кульбіцкая і Алена Змітровіч
11:00 / 09.06.2024
Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.
Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога”прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
У першыя дні станаўлення савецкай улады ў нашым раёне былі арганізаваны пачатковыя школы ў вёсках Літвяны, Рызгоры, Рытань. Цікава, што ўжо ў 1951 годзе ў Рызгорах быў 5 клас, а ў 1952 годзе дзяцей, што ў ім вучыліся, перавялі ў вёску Рытань.
Яшчэ раней, у 1948 годзе, 5 клас з’явіўся ў Літвянах, а ў 1951 годзе школа стала сямігодкай і працавала ў такім фармаце да 1962 года, калі сярэдніх школьнікаў перавялі ў Рытань. У Літвянах засталася «пачаткоўка», якая праіснавала да 2002 года.Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога”прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
У першыя дні станаўлення савецкай улады ў нашым раёне былі арганізаваны пачатковыя школы ў вёсках Літвяны, Рызгоры, Рытань. Цікава, што ўжо ў 1951 годзе ў Рызгорах быў 5 клас, а ў 1952 годзе дзяцей, што ў ім вучыліся, перавялі ў вёску Рытань.
Расказвае былы дырэктар і настаўнік Літвянскай пачатковай школы Наталля Кульбіцкая:
– Родам я з вёскі Брольнікі Навагрудскага раёна. З дзяцінства марыла быць настаўнікам, усе гульні былі звязаны менавіта са школай. Менавіта таму і атрымала адукацыю настаўніка працы і чарчэння ў Аршанскім педвучылішчы, потым яшчэ адвучылася ў Брэсцкім педагагічным інстытуце.
Па размеркаванні прыехала на Астравеччыну ў 1980 годзе. Працавала ў групе падоўжанага дня ў Рытанскай школе, потым прапанавалі перайсці ў Літвяны і я згадзілася. Так з 1983-га па 1996-ты і адпрацавала тут настаўнікам і дырэктарам установы.
Калі прапанавалі ўзначаліць Літвянскую школу, спачатку з’ездзіла паглядзела яе – мне спадабалася. Невялікая, на той час быў абсталяваны ўсяго адзін клас – утульны і прыгожы. Яшчэ адно памяшканне пуставала – у ім ніхто не вучыўся. Калі дзяцей пабольшала, з’явіўся яшчэ адзін настаўнік.
Калі я пачынала, у школе вучылася каля 10 дзяцей, адукацыя ў пачатковай школе тады была трохгадовая і былі толькі 1 і 3 класы.
У 1990 годзе малышоў пабольшала, і другой настаўніцай прыйшла працаваць Людміла
Станіславаўна Баран, пазней яе змяніла Вольга Татарыновіч, а затым Жанна Аркадзьеўна Кісель.
Адзін год, з 1984-га па 1985-ты, я была ў дэкрэтным адпачынку, тады замест мяне працавала настаўніца з Астраўца. Праўда, мы з ёй ні разу і не сустрэліся.
У 1996 годзе я перайшла ў Рытань, а замест мяне дырэктарам прызначылі Алену Іванаўну Змітровіч, якая і працавала тут да 2002 года, пакуль школу не закрылі.
Быў момант, калі пачатковая адукацыя стала чатырохгадовай, тады ж мне давялося працаваць адной. І гэта было дастаткова складана.
У школу хадзілі дзеці з Літвян. Спачатку працавала ў адну змену, а затым у паўтары, тады аб’ядноўвала некалькі класаў на ўрокі фізкультуры, працы, спеваў, малявання. Працоўны дзень доўжыўся ажно да 16.00. Пакуль вярнуся дамоў, а яшчэ да ўрокаў трэба было падрыхтавацца, сшыткі праверыць…
Каля школы было 2 участкі. Спачатку на іх мы садзілі бульбу, капалі яе і прадавалі. Потым сеялі авёс, касілі і таксама прадавалі, затым перайшлі на траву.
Дапамогу школе аказваў сельскі Савет, ён выдзяляў грошы на рамонт і абнаўленне кабінетаў.
Аднойчы мы рабілі рамонт школьнай пляцоўкі. Сельсавет даў рабочых, дошкі атрымала ў Астраўцы. Заадно паставілі новы плот. Каля ўстановы стала яшчэ прыгажэй.
Я помню кожнага свайго вучня. Хтосьці стаў настаўнікам, работнікам лясной ці сельскай гаспадаркі, хтосьці выехаў з роднага кутка і даўно не быў на радзіме, а нехта спрыяе яе развіццю ў родным раёне.
І сёння я рада, што мая дзіцячая мара стаць настаўнікам калісьці ажыццявілася. Ніколі не расчаравалася ў зробленым выбары і штодзень з радасцю бегла ў школу.
– Маладым спецыялістам я прыйшла ў Рытанскую базавую школу настаўнікам пачатковых класаў. Адпрацавала тут 4 гады, а праз нейкі час пасля дэкрэтнага адпачынку перайшла ў Літвяны.
Была настаўнікам і выконвала абавязкі дырэктара. Гэта была малакамплектная школа: на 4 класы – 1 настаўнік. Дзеці займаліся ў адным памяшканні. Было іх няшмат – у першы год маёй работы ў 1, 3 і 4 класах вучылася 9 дзетак.
Праз нейкі час, дзесьці ў 1998 годзе, у пачатковых класах сталі ўводзіць вывучэнне замежнай мовы. Таму да нас раз на тыдзень прыязджаў настаўнік англійскай мовы з Рытанскай школы.
Многа ўвагі я надавала добраўпарадкаванню. Школа размяшчалася на тэрыторыі былой панскай сядзібы. На той час панскага дома ўжо не было, стаяў толькі дом прыслугі – менавіта ў ім і размяшчалася школа. Прынамсі, так мне расказвалі мясцовыя жыхары. На тэрыторыі школы расло шмат дрэў, сярод іх былі грабы, моцная драўніна якіх выкарыстоўваецца ў аўтамабілебудаванні.
Увесь раздатачны матэрыял мы яшчэ рабілі самі – дапамагаў муж, ён добра маляваў.
Атмасфера паміж вучнямі ў класах была сяброўская. Дзеці не толькі вучыліся разам, але і сябравалі. Добрыя адносіны былі і з бацькамі. Яны заўсёды прыходзілі на бацькоўскія сходы і святы, дапамагалі. Мы разам наводзілі парадак на тэрыторыі, добраўпарадкавалі спартыўную пляцоўку.
Усе мае вучні ўжо дарослыя. Часам сустракаемся ў горадзе, адносіны з аднакласнікамі падтрымлівае і дачка, якая ў Літвянах вучылася ў 1-м класе, а потым яна і іншыя вучні перайшлі ў Рытанскую школу, а Літвянскую закрылі.
Зрэшты, бацькі закрыццё школы прынялі добра – многія разумелі, што ў большай школе дзецям будзе лепш. Тым больш, што арганізавалі падвоз – у гэтым дапамог калгас, які забіраў бацькоў на работу, а дзяцей вёз у школу.
Разам з дзецьмі ў Рытань перайшла і я.
Фота аўтара і з архіва гераінь публікацый.