Якія ўзнагароды прынёс май астравецкім талентам

12:00 / 05.06.2024

Апошні вясенні месяц быў багаты на святы, у якіх удзельнічалі дарослыя і юныя таленты астравецкага краю. Але нашы землякі паспявалі выступаць і нарозных конкурсах.

Чарговую ўзнагароду атрымала кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Світанак» раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Ткачук. На V Міжнародным конкурсе мастацтваў Grodno Star яна заваявала Дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі «Народны вакал».



Добра прадставілі сябе на І Рэспубліканскім адкрытым плэнэры юных мастакоў «Сімфонія Белавежскай пушчы» ў Свіслачы вучні дзіцячай школы мастацтваў. Кацярына Бандарчук атрымала Дыплом лаўрэата ІІ ступені, Вікторыя Мазейка – грамату Свіслацкай раённай арганізацыі «Белая Русь». Граматамі за ўдзел адзначаны Анастасія Лотах і Лізавета Субач.


У Зэльве на фестывалі аўтарскай песні «Новае пакаленне», прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ярка выступілі маладыя настаўнікі Астравецкай ДШМ. Трыа ў складзе баяніста Эдгара Шэміса, саксафаніста Максіма Адамоніса і вакалісткі Аляксандры Гільман скарыла журы песняй пра Астравец – і атрымала Дыплом ІІ ступені.



На VII Міжнародным конкурсе выканаўчых відаў мастацтваў «#Сябры-2024» Астравеччыну прадстаўлялі кіраўнік «Світанка» Ганна Ткачук і выхаванка з Альхоўскага сельскага клуба Анастасія Ляховіч. Першая заваявала Дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі «Народны вакал», другая – Дыплом лаўрэата ІІІ ступені па эстрадным вакале (сола).


Текст: Светлана Фёдорова