Пра клопаты раённай меліярацыі расказвае дырэктар ПМС Вадзім Вянгроўскі

09:30 / 01.06.2024


Вадзім Вянгроўскі размяркоўвае фронт работ

Нягледзячы на дождж і спёку гэтыя людзі працуюць літаральна круглы год на ўлонні прыроды. Іх называюць рэаніматарамі зямлі і галоўнымі памочнікамі аграрыяў. Дзякуючы ім сельгасугоддзі Астравеччыны штогод прырастаюць сенажацямі і пашай, адпаведна павялічваюцца і малочныя рэкі…

Пра клопаты раённых меліяратараў расказаў Вадзім Вянгроўскі:

У пра­вядзенні меліярацыйных работ у першую чаргу павінен быць гаспадарчы падыход. На землях, якія былі пакрыты хмызняком і кустоўем, буяе сакавітая трава. Значная частка вернутых у сельгасзварот плошчаў адведзена пад пашу ці сенакос.

У гэтым годзе мы займаліся тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам збудаванняў на меліярацыйнай сетцы, ачышчалі каналы ад драўнінна-хмызняковай расліннасці і заглейвання.

Цяпер праводзім рэканструкцыю аб’ектаў у КСУП “Міхалішкі” і РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.  Калі здадзім аб’екты, гэтыя ўчасткі будуць добрым падспор’ем для корманарыхтоўшчыкаў.

З сярэдзіны мая пачалі абкошваць меліярацыйныя сеткі – гэта парадка 900 кіламетраў. На тэхнічным абслугоўванні каналаў задзей­нічана два звяны – сем касілак і тры-чатыры мотакасы.

З ліпеня будзем працаваць і на Ашмяншчыне: праводзіць культуртэхнічную меліярацыю на аб’екце эксперыментальнай базы “Баруны”. Летась увялі ў эксплуатацыю 200 гектараў зямель.

Самае важнае ў любой галінекадравае пытанне. Сёння можна купіць любую тэхніку, галоўнае, каб было каго за яе пасадзіць. Удзячны  працаўнікам, адміністрацыйна-кіраўніцкаму персаналу за вернасць абранай прафесіі, а ветэранам нашай галіны – за прыклад самаадданасці і працавітасці. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич