Сотні гасцей завіталі ў Гервяты на Троіцкі фэст
Як гервяцкі касцёл лічыцца візітнай карткай не толькі Астравеччыны, але і Беларусі, так і традыцыйны Троіцкі фэст у гэтым аграгарадку смела можна назваць брэндам нашага краю. Святочная імша, заліхвацкія выступленні артыстаў, размераны шпацыр па ўнікальным дэндрапарку, бойкі гандаль на прыкасцёльнай плошчы, дзе прадавалі прысмакі на любы густ і кашалёк, – праграма была разнастайная і насычаная. І дарослыя, і дзеці маглі знайсці занятак па душы.
Звычайна за дату нараджэння населеных пунктаў бяруць год іх першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах. Сёлета Гервятам споўнілася 590, а летась, нагадаю, адзначалі 120-годдзе з моманту завяршэння будаўніцтва велічнага і ўнікальнага храма. Ля яго, на прыкасцёльнай плошчы, па даўняй завядзёнцы і віруе фэст.
Тройца ў Гервятах – яскравае ўвасабленне спалучэння духоўнага і культурнага складнікаў. За некалькі гадзін да пачатку ўрачыстай службы шматлікіх гасцей аграгарадка звонкімі галасамі і разнастайнымі песнямі цешылі лепшыя артысты і калектывы раёна, у тым ліку і “Рэха Астраўца”.
Гандлёвыя рады расцягнуліся на некалькі дзясяткаў метраў. Рамеснікі здзіўлялі пузатымі плеценымі кошыкамі, рознакаляровымі салодкімі пеўнікамі-вавёрачкамі, бліскучымі збанкамі і мудрагелістымі букетамі з сухавеек.
Паласавацца шашлыком, варанай кукурузай ці смажанай бульбай, адмыслова прымацаванай на палачку, можна было, прысеўшы за столік на плошчы, а таксама паўнацэнна паабедаць у кафэ мясцовай гаспадаркі.
Не было калі сумаваць і дзецям. Адчуць сябе вадзіцелем, нарэзаўшы круг-другі на міні-машыне, з’ехаць з ветрыкам з вялікай надзіманай горкі ці павудзіць качанят ў “міні-ставе” – забавак хапала для хлопчыкаў і дзяўчынак.
Акрамя гэтага супрацоўнікі раённай культуры запрашалі ахвочых прайсці квэст-гульню. На апошняй станцыі ўдзельнікаў чакала сустрэча з млынаром, які прапаноўваў пакруціць тры разы сапраўдныя млынавыя камяні, каб споўнілася самае запаветнае жаданне ці мара.
Але бадай што самым важным момантам Троіцкага фэсту стала святочная служба, якую ўпрыгожвалі галасы мяцовага касцёльнага хору. Раздзяліць радасць з парафіянамі і пробашчам Дзмітрыем Леўчыкам завіталі ксяндзы з суседніх парафій, а таксама з Віцебска.
Біскуп Казімір Велікаселец у казанні спыніўся на сімвалах веры, Святой Тройцы, развіцці Касцёла на Беларусі. Свае разважанні іерарх падмацоўваў прыкладамі з жыцця знакамітых асоб, такіх як Міхаіл Ламаносаў, Дзмітрый Мендзялееў і іншых.
– Мы вядзём летазлічэнне ад нараджэння Хрыста, – нагадаў біскуп. – Мяняецца грамадства, распадаюцца дзяржавы, але па-ранейшаму здзяйсняецца святая імша – гэта самы вялікі дар. Браты і сёстры, цаніце яго.
Па традыцыі служба завяршылася працэсіяй ля касцёла, а святкаванне працягнулася на ўсталяванай непадалёк ад храма сцэне. Астравецкія самабытныя калектывы “Кемяліна” і “Світанак” змянілі энергічныя музыкальны тэатр “Рада” і кавер-гурт Friends band. А завяршыўся дзень святочнай дыскатэкай.
…У гэты дзень Гервяты сталі сапраўдным скрыжаваннем астравецкіх дарог.
Слова гасцям урачыстасці
Аксана Керна, в. Газа:
– Троіцкі фэст для мяне ў першую чаргу гэта святочная ўрачыстасць у касцёле. Ганаруся сынамі, што адбылі поруч са мной усю імшу. Сваім хлопчыкам паабяцала, што толькі пасля таго, як памолімся, яны пакатаюцца на машынках і з’едуць некалькі разоў з надзіманых горак. Летась трапіць у Гервяты на фэст не атрымалася: ляжалі ў бальніцы. А так па магчымасці стараемся не прапускаць касцёльныя ўрачыстасці ў раёне, асабліва ў нашай парафіі.
Ілья Варапай з дачкой Валерыяй, аг. Варняны:
– На Троіцкі фэст у Гервяты абавязкова едзем усёй сям’ёй, калі я не ў рэйсе. Жонка адсюль родам, таму для нас гэта ўжо традыцыя. Сустрэцца і пагутарыць са знаёмымі, адпачыць у добрай кампаніі – дзень насычаны на прыемныя ўражанні і эмоцыі. Дзецям таксама няма часу сумаваць: безліч батутаў, надзіманых горак – толькі паспявай выбіраць забаўку ці прысмакі. (Лагодна паглядзеў на дачку. – Заўв. аўт). Тата за ўсё заплаціць!
Іван Прадольскі, Мінск (без фота):
– Гісторыяй нашай краіны і беларускіх мястэчак цікаўлюся даўно. Хоць касцёлу Святой Тройцы крыху больш за стагоддзе, тым не менш папулярным мясцовы фэст стаў адносна нядаўна. Вялікая заслуга ў гэтым светлай памяці ксяндза Леаніда Несцюка. Унікальны дэндрапарк, 12 апосталаў на плошчы, каваныя вароты, вітражы з выявамі святых, у тым ліку праваслаўных, – гэта маленькі пералік спраў гэтага вялікага чалавека. Асабліва мне і маім сябрам запомніліся вечары арганнай музыкі, на якія прыязджалі не толькі з Беларусі, але і замежжа. Ведаю, што дзякуючы ініцыятыве пробашча парафіі ксяндза Дзмітрыя адбываецца рэстаўрацыя святыні.
Людміла Шырокава, г. Санкт-Пецярбург:
– У Беларусі ў нас няма родзічаў, у Гервяты на фэст ехалі мэтанакіравана. Упершыню тут пабывалі два гады назад, дзе пазнаёміліся з Віталем, які дапамагае святару. Новы знаёмы параіў нам абавязкова прыехаць на гэту ўрачыстасць. Увачавідкі ўпэніліся, чаму мясцовы храм называюць беларускім Нотр-Дамам. У мінулым годзе не атрымалася, затое сёлета ажыццявілі з мужам задуму. У нас дом на калёсах, таму падарожнічаем з усімі выгодамі.
У мінулы наш прыезд столькі людзей тут не было. Вельмі спадабалася, як выступалі вашы артысты ў народных касцюмах: прыгожыя галасы і песні – слухала б і слухала. Нават папрасіла разам сфатаграфавацца. (Усміхаецца.)
Ваша краіна, асабліва людзі, скарылі нашы з мужам сэрцы: адкрытыя, спагадлівыя, гатовыя падказаць і дапамагчы. Вы можаце смела ганарыцца не толькі такімі ўнікальнымі і прыгожымі архітэктурнымі помнікамі, як гэты храм у Гервятах, але і сваімі землякамі.