Паэта Мар’яна Дуксу ўспамінае смаргонская журналістка Галіна Антонава

18:00 / 25.05.2024


Мар'ян Дукса з жонкай

Неяк ноччу мне прысніўся паэт Мар’ян Дукса. Мар’ян Мікалаевіч у бялюткай майцы і спартыўных штанах ішоў па рамонкавым полі. У такой вопратцы я яго бачыла толькі адзін раз, калі мы з сяброўкай праведвалі яго ў бальніцы. 

Выглядаў у сне паэт свежа, бадзёра. Быццам самая вялікая рамонка ажыла і пачала рухацца. Мар’ян Мікалаевіч нічога не гаварыў, толькі ішоў і ўсміхаўся – як звычайна пры сустрэчы…

– Хто ў Сашы Дуксы бацька? Паэт?! 

– Паэт… – адказала мне адна­класніца і паказала мужчыну, які ішоў насустрач.

У 1988 годзе наша сям’я пераехала ў Солы і я пайшла ў мясцовую школу ў пяты клас. На той час зусім не ўяўляла, дзе жывуць паэты. Думала, можа, у кніжках ці недзе ў вялікім горадзе, у Мінску хаця б. 

А тут убачыла мужчыну з шырока распраўленымі плячыма і высока ўзнятай галавой. Мне нават падалося, што ў яго за плячыма крылы, таксама шырока распраўленыя, і ён вось-вось узмахне імі і ўздымецца высока над намі ў неба, як прыгожы лебедзь ці бусел. Ці Пегас…

На працягу вучобы ў школе мы, дзеці, ніколі не гутарылі з Мар’янам Мікалаевічам. Ён не прыходзіў да нас выступаць, ніяк не піярыў сябе. Я была ўпэўнена, што сапраўдныя паэты так сябе і паводзяць: пішуць і друкуюцца, жывуць у сваім свеце, паўся­дзённыя клопаты іх не тычацца. 

А на выпускным вечары ў чэрвені 1994 года мае бацькі сядзелі за сталом насупраць Мар’яна Мікалаевіча і пра нешта ажыўлена гаварылі. Я так здзівілася, бо ведала, што ні тата, ні мама асабліва не цікавіліся паэзіяй. «Тады пра што можна гаварыць з паэтам?» – думала тая, якая збіралася паступаць на філалагічны факультэт. Я не вытрымала і падышла да бацькоў.

– Якая ў цябе, Галя, арыгі­нальная сукенка, – першае, што пачула ад Мар’яна Мікалаевіча.

Менш за ўсё спадзявалася, што паэт пахваліць маю сукенку. Мне хацелася прызнацца, што яе пашыла мама па маім эскізе, але не хапіла смеласці. 

У той год і Саша Дукса, і я паступілі ў БДУ. Я – на філфак, Саша – на мехмат. І жылі мы ў адным студэнцкім інтэрнаце. З Мар’янам Мікалаевічам даволі часта бачыліся на чыгуначным вакзале – бацькі заўсёды праводзілі нас у Мінск. Мар’ян Мікалаевіч цікавіўся маёй вучобай, расказваў пра сябе. 

Яшчэ больш нас зблізіла мая работа ў смаргонскай раённай газеце «Светлы шлях». Неяк Дукса прапанаваў мне пісаць у рэлігійны каталіцкі часопіс, дзе нярэдка друкаваў свае вершы. І я пачала асвойваць тэмы, на якія дагэтуль ніколі не пісала, з дзясятак матэрыялаў былі надрукаваны.

У «Светлы шлях» Мар’ян Міка­лаевіч часта прыносіў свае самыя свежыя творы. Ён сябраваў з Іванам Лазутам, ранейшым рэдактарам газеты, а ў той час – яго намеснікам. Мне здаецца, яны былі на адной хвалі: блізкія па ўзросце, абодва інтэлігентныя, эрудыраваныя, разважлівыя, глы­бокія, высокадухоўныя. 

Мар’ян Мікалаевіч часам спа­гадаў нам, рэгіянальным жур­на­лістам: «Як няпроста пра­цаваць у «раёнцы»! Гэта з рэспуб­лікан­скіх СМІ прыехаў журналіст, напісаў, паехаў – і ўсё з ім паехала. А раённы журналіст застаец­ца жыць між людзей. Вельмі адказная праца». 

Мар’ян Дукса быў глыбока ве­руючым католікам. Спяваў у кас­цёльным хоры. Яго паэзія, асаб­ліва апошняга часу, была пра­­­сякнута рэлігійнай тэма­тыкай. 

«Я настойліва сцвярджаю, што паэзія – гэта свое­асаблівая пропаведзь: палітычная, сацыяльная, рэлігійная, маральная, эстэтычная, пропаведзь заўсёды гуманістычная па сваёй сутнасці. 

Пропаведзь, дадзеная Богам», – пісаў Мар’ян Мікалаевіч. 

У 2015 годзе ў паэта выйшаў апошні прыжыццёвы зборнік вершаў «Птушка вечнасці – душа». «Паэт жыве ў Солах Смаргонскага раёна, удалечыні ад сталічнай мітусні. Напэўна, гэта яго добраахвотны выбар – адзінота і адасоб­ленасць, што, аднак, не замінае заставацца ў добрай творчай форме, – удакладніла беларуская пісьменніца, журналістка і літаратурны крытык Ірына Шатыронак. – Зададзены лейтматыў – птушка-душа – праходзіць не толькі праз новую кнігу Мар’яна Дуксы, але і праз усю яго творчасць, застаецца ў сэрцы чытача і ў айчыннай літаратуры. Птушка-душа – асаблівы вітальны знак. Душа лунае, замірае, сумуе і чакае вяртання дадому – у нябесныя далі». 

…Летам 2018 года, калі мы з сяброўкай даведаліся, што Мар’ян Мікалаевіч ляжыць у кардыя­лагічным аддзяленні баль­ніцы, вырашылі яго праведаць. Радаваліся, што ён пайшоў на папраўку, выглядаў вельмі свежа ў сваёй бялюткай футболцы і спартыўных штанах. Наша размова была надзвычай эмацыяналь­най і пазітыўнай. На жаль, гэта была апошняя сустрэча, калі мы маглі нагаварыцца. 

…Ёсць людзі, якіх ты асабліва цэніш. І нават калі бачышся з імі нячаста, але нешта пра іх чуеш, чытаеш, ведаеш, што яны жывыя, – гэта думка грэе цябе. Калі такія неверагодныя людзі адыходзяць, здаецца, частка ад цябе адрываецца.

У лепшы свет паэт адышоў 19 красавіка 2019 года. Яго птушка-душа накіравалася ў свой вечны дом напярэдадні Вялікадня, у Вялікую пятніцу. 

Напачатку 2023-2024 навучальнага года Сольскай сярэдняй школе, дзе Мар’ян Мікалаевіч пачынаў свой педагагічны шлях, было прысвоена імя Мар’яна Дуксы. Кранальна. Нават не ведаю, як бы адрэагаваў сам паэт, калі б пра гэта даведаўся. Ён быў не з тых, каго цешыла слава. Вылучаўся надзвычайнай сціпласцю. А я па­ра­давалася: памяць пра добра­га чалавека і выдатнага паэта захоўваецца. 

Дарэчы, з гэтай нагоды ў школе аднавілі музейную экспазіцыю. Родныя перадалі для яе рэчы паэ­та. Сярод іх – любімая цёплая камізэлька (у кватэры, дзе жыла сям’я паэта, зімой было холадна), кнігі, настольная лямпа, звычайны рабочы стол (не масіўны, не дубовы, якія я бачыла ў музеях іншых паэтаў і пісьменнікаў). Бадай, самая дарагая рэч – нямецкая друкавальная машынка. Па ўспамінах жонкі паэта Леакадзіі Міхайлаўны, на яе Мар’ян Мікалаевіч добра па­траціўся: усю зарплату аддаў. І яшчэ адзін цікавы экспанат – фігурка Францішка Асізскага, каталіцкага святога, якога лічаць апекуном паэтаў.

Нядаўна даведалася, што на вершы Мар’яна Дуксы напісана музыка – і яны гучаць у касцёле ў Вішнева падчас набажэнстваў.

Творчая спадчына паэта, як і памяць пра яго, прадаўжае жыць!


Галіна Антонава, газета «Светлы шлях»