Пераможцаў вясенне-палявога спаборніцтва і лепшых жывёлаводаў саўгаса “Падольскі” ўзнагародзіў Юрый Адула
З ранняй вясны да позняй восені ў цэнтры ўвагі звычайна знаходзяцца хлебаробы: аратыя, корманарыхтоўшчыкі, камбайнеры, аператары зернесушыльных комплексаў, вадзіцелі. Не менш плённа на працягу года працуюць і жывёлаводы. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула сёлета вырашыў сумясціць правядзенне акцыі “Наш жывёлавод” і ўзнагароджанне пераможцаў вясенне-палявых работ.
Пачэсную місію распачалі з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”, дзе да нас далучылася старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гэтай гаспадаркі Людміла Казлоўская.
Раслінаводства
Плошча сельгасугоддзяў саўгаса складае без малога 8 тысяч га, з якіх 5 665 – ралля. Пад азімыя збожжавыя тут адвялі 1 800 га, пад яравыя – 570. Акрамя гэтага, прыгарнулі ў глебу насенне буракоў на плошчы 400 га, працягваецца сяўба кукурузы – пад цеплалюбівіцу на сілас і зерне плануюць адвесці 1 400.
Асноўныя веснавыя работы ў палях з большага скончыліся, і заслужаныя ўзнагароды знайшлі сваіх герояў. Прафсаюзнае спаборніцтва сярод механізатараў праводзілася ў 9-ці намінацыях, і ў 4-х перамаглі працаўнікі саўгаса “Падольскі”.
Ворыва, культывацыя
На маёй памяці ўпершыню за гісторыю правядзення гэтага прафсаюзнага конкурсу адзін трактарыст-машыніст перамог адразу ў двух катэгорыях: на ворыве і культывацыі. Гэта Віталь Трыбоцкі. Дзівавацца не выпадае: не аднойчы перадавік браў 1-е месца ў гэтым спаборніцтве, партрэт мужчыны заносілі на раённую Дошку гонару і прадпрыемства, ды і механізатар з той катэгорыі трактарыстаў-машыністаў, якія жывуць сваёй справай.
Віталь Трыбоцкі стаў першым на ворыве і культывацыі
Лепшага аратага заспелі перад выездам у поле на тэрыторыі механічных майстэрань у Рытані. Пасля віншавання перадавіка пацікавіліся, як атрымалася перамагчы адразу ў двух відах.
– Ворыўных плошчаў у нас шмат. Спачатку хадзіў з плугамі, а потым за сабой культываваў. Стараўся, канешне, як і кожны год сумленна выконваць работу, але шмат у нашай справе залежыць ад тэхнікі. У майго плуга захоп 3,50 метра, хлопцы працуюць з меншымі, – расказаў пераможца. – Летась атрымаў новы модульны ўніверсальны культыватар КУМ-10 лідскай вытворчасці. За адзін праход выконваюцца ўсе неабходныя пад сяўбу агратэхнічныя аперацыі, што значна эканоміць і час, і сродкі.
Да слова, за 25 гадоў работы ў сельскай гаспадарцы Віталь Трыбоцкі змяніў толькі тры трактары: апошнія гады працуе на “Джон-Дзіры”, да гэтага на МТЗ-1221, а пачынаў на МТЗ-80.
Сяўба цукровых буракоў
Некалькі гадоў запар самыя важкія салодкія караняплоды вырастаюць на палях саўгаса. Летась, да прыкладу, іх ураджайнасць дасягала звыш 525 цэнтнераў з гектара пры сярэднераённых 339. Сакрэт у тым, што агранамічная служба гэтай гаспадаркі робіць стаўку на сучасныя тэхналогіі, вызначаныя і правераныя гібрыды насення.
Спецыяльна пад буракі саўгасаўцы набылі пасяўны агрэгат дакладнага высеву “Кёкерлінг” – на ім працаваў Аляксандр Шостак.
Лепшым на сяўбе цукровых буракоў стаў Аляксандр Шостак
– На любых работах важна, каб не падводзіла тэхніка. Агрэгат новы, у гаспадарцы адзін сеяў буракі – адсюль і такі вынік, – сціпла зазначыў пераможца-сейбіт.
Унясенне мінеральных угнаенняў
Не першы раз у гэтай катэгорыі лепшы вынік у раёне дэманструе адзін з самых вопытных механізатараў саўгаса Іосіф Жэгарыс, які на самаходным апрысквальніку “Раса” вясной апрацоўваў пасевы. Больш таго, мужчыну можна лічыць самым вопытным камбайнерам раёна: за яго плячыма 40 уборак. Палавіну гэтага тэрміну саўгасныя нівы механізатар абмалочваў на самай узроставай ў раёне хлебаўборачнай машыне – камбайне “Ліда-1300”.
Іосіф Жэгарыс прадэманставаў найлепшы ў раёне вынік на ўнясенні “мінералкі”
– Пасля арміі ў 1984 годзе як сеў у трактар, так і працую. Па мне, відаць, сын пайшоў – яму таксама па душы механізатарская справа, – зазначыў Іосіф Станіслававіч.
Кампетэнтна
Юрый Адула, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:
– Пры падвядзенні вынікаў працоўнага спаборніцтва сярод механізатараў улічвалі не толькі аб’ём выкананых работ, але і колькасць дзён – так вызначалі сярэднюю норму. У конкурсе не ўдзельнічалі аграрыі, якія адпрацавалі менш за 5 дзён. Адметна, што ў палавіне намінацый не ўпершыню перамаглі хлебаробы РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”. Адзначу, што прамежкавыя, як і канчатковыя, вынікі спаборніцтва публікаваліся на нашым сайце ў раздзеле “веснавая сяўба”. Да слова, па выніках першага ўкосу вызначым лепшых корманарыхтоўшчыкаў.
Жывёлагадоўля
гаспадаркі прадстаўлена двума малочна-таварнымі комплексамі “Рытань”, “Падольцы” і фермамі па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ў Кемелішках, Дудзе, Стрыпунах, Талюшанах і Падольцах.
Вырашылі адзначыць пяць работнікаў першага жывёлагадоўчага аб’екта. Бабіч Аляксандр і Тереса Раўда былі на выхадным, таму Падзякі і падарункавыя сертыфікаты ім уручаць пазней.
Не было на комплексе і Аксаны Трыбоцкай – жанчына знаходзілася на бальнічным, але прафсаюзныя лідары павіншавалі жанчыну, балазе, яна жыве непадалёк ад адмінсітрацыйнага будынка саўгаса. Даярка дэманструе перадавыя вынікі на рабоце і клапоціцца пра вялікую сям’ю з васьмі чалавек.
Аператар машыннага даення Аксана Трыбоцкая
– Кароў даю з 14-ці гадоў, дапамагала маці на ферме “Стрыпуны”, часта падмяняла яе, – расказвае Аксана. – Многія цікавяцца, як усё паспяваю. Ніколі не задавалася гэтым пытаннем. Прачнулася ў 5 гадзін раніцы, прыгатавала сняданак – і на ферму. У хатніх і працоўных клопатах дзень хутка прамінае.
Аператараў машыннага даення на раздоі хворых і навацельных кароў, а таксама цялятніц падмяняе Святлана Кураш.
Святлана Кураш, падменны жывёлавод
– На гэтым комплексе пачынала працаваць, але пасля смерці мужа перайшла ў школу вартаўніком. Чатыры гады назад вярнулася, – расказвае жывёлавод. – Шэсць дзён на тыдзень падмяняю работнікаў – даю ім выхадны. Напачатку было складана налаўчыцца на дойцы, усё ж першацёлак і хворых кароў даіць цяжэй за здаровых, але прывыкла. Таксама клапачуся пра самых маленькіх жыхароў комплексу – цялят, якія ўтрымліваюцца ў індывідуальных дамках.
Пра ветэрынарнага фельчара Дзмітрыя Чапукойця большасць работнікаў МТК “Рытань” у адзін голас кажа, што хлопец упісаўся ў калектыў, як свой. І гэта не здзіўляе – малады чалавек вясковы і сельскагаспадарчую прафесію выбраў свядома.
Віншаванні прымае Дзмітрый Чапукойць
– Родам з Варнян. Бацькі калісьці працавалі ў мясцовым калгасе імя Чапаева. Летам бавіў час у бабулі. Яна трымала карову, коз, – расказвае Дзмітрый. – Адвучыўся ў Ільянскім дзяржаўным аграрным каледжы, і мяне забралі ў армію. Тэрмін службы залічваўся, як адпрацоўка. Хоць вытворчую практыку праходзіў у КСУП “Міхалішкі”, але туды не вярнуўся. Вырашыў пашукаць шчасця ў саўгасе – і не шкадую. Вельмі ўдзячны за дапамогу і прафесійныя падказкі ветэрынарнаму ўрачу Алене Бараноўскай. Усё ж вучоба – гэта адно, а практыка – іншае.
Пацікавілася ў ветфельчара пра што ён марыць.
– Мару стварыць сям’ю і атрымаць вышэйшую адукацыю, – з усмешкай адказаў Дзмітрый.
Малады ветфельчар