Пра этапы вызвалення Беларусі і майскія аперацыі расказвае гісторык Аліна Сянюць

18:00 / 21.05.2024


Іосіф Сталін і Клімент Варашылаў

У маі народныя мсціўцы прадоўжылі вызваленчую дзейнасць5 мая 1944 партызанская брыгада імя К.Я. Варашылава прарвала варожую блакаду на рубяжы вёсак Вялікае Матырына – Бярэзінец ва Ушацкім раёне і выйшла з акружэння. 

17 мая гітлераўцы пачалі карную аперацыю «Марабу» супраць 37-й партызанскай брыгады ім. А.Я. Пархоменкі ў Жытка­віцкім, Ленінскім і Любан­скім раёнах. Брыгада выйшла з раёна аперацыі, вораг панёс цяжкія страты.

На працягу мая фашысты правялі шэраг карных аперацый на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Так, карная экспедыцыя «Рык» праводзілася супраць партызан і мясцовага насельніцтва на мяжы Брэсцкай і Валынскай абласцей 21-25 мая. Тут разгарнуліся баявыя дзеянні паміж партызанскай брыгадай «За Радзіму» імя А.К. Флегантава і часткамі 2-га венгерскага каралеўскага рэзервовага корпуса, 33-м пяхотным палком, 66-м танкавым узводам і іншымі падраздзяленнямі вермахта. У раёне правядзення аперацыі гітлераўцы, як і ўсюды, рабавалі мясцовае насельніцтва, захоплівалі людзей для адпраўкі ў Германію.

25 мая 1944 года пачалася адна з найбуйнейшых карных аперацый нямецка-фашысцкіх захопнікаў пад кодавай назвай «Баклан». Яна праводзілася на тэрыторыі Барысаўскага, Хало­пеніцкага, Куранецкага, Крупскага, Лагойскага, Плешчаніц­кага, Ільянскага, Радаш­­ковіцкага, Мін­скага, Маладзечанскага, Смалявіцкага, Докшыцкага, Бягомль­с­кага, Лепельскага раёнаў. Яе мэтай было знішчэнне партызанскіх фарміраванняў паміж Лепелем, Докшыцамі і чыгункай Мінск – Орша. Планавалася адціснуць народных мсціўцаў ударамі з усходу і захаду ў раён на поўнач ад возера Палік, а затым усіх, хто трапіў у «кацёл», знішчыць. У планах гітлераўцаў не апошняе месца займаў і захоп насельніцтва. 

 Жорсткія баі з карнікамі разгар­нуліся ў міжрэччы Бярэ­зіны, Цны, Гайны, галоўным чынам уздоўж чыгункі Зембін--Бя­гомль. Партызанскія брыгады «Дзядзька Коля», «Жалязняк» і «Беларусь» змаглі даць гітлераўцам годны адпор. 

Экспедыцыя «Стракаты дзяцел» праходзіла 24-25 мая ў Крупскім раёне. Для аперацыі па «ачыстцы» лясных масіваў у раёне вёскі Радзіца былі прыцягнуты падраздзяленні вермахта, знішчальная каманда камендатуры і паліцыі, падраздзяленні авіяцыі і супрацьпаветранай абароны. Мерапрыемства прахо­дзіла пад кіраўніцтвам зондэр­каманды 7 «Б» з Барысава.
У канцы мая на 3-ці Беларускі фронт быў накіраваны полк «Нар­ман­дыя-Нёман» пад ка­ман­да­­ваннем маёра П. Пуяда. Гэта 1-шы асобны французскі зні­ш­чаль­ны авіяполк, які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне ў баях на савецка-германскім фронце супраць фашысцкай Германіі. Па дамове паміж урадам СССР і Нацыянальным камітэтам «Свабодная Францыя» ў лістападзе

1942 года ў Савецкі Саюз прыбыў асабовы склад эскадрыллі «Нармандыя» (72 добраахвотнікі, у тым ліку 14 лётчыкаў і 58 авія­механікаў), названай у гонар асабліва пацярпелай ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў француз­скай правін­цыі Нармандыя.

За 1943-45 гады 148 лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя-Нёман» здзейснілі звыш 5-ці тысяч баявых вылетаў, правялі 869 павет­раных баёў, збілі каля 280-ці варожых самалётаў і 80 пашкодзілі. Многія  лётчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, а М. Альберу, Ж. Андрэ, М. Лефевру, Р. дэ ла Пуапу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Полк узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага і чатырма ордэнамі Францыі.

22 і 23 мая ў стаўцы ВГК канчаткова адпрацоўваўся план Беларускай аперацыі. Каманду­ючы 1-м Беларускім фронтам К.К. Ракасоўскі ўспамінаў: 

Канстанцін Ракасоўскі

«Нашы меркаванні аб наступе войскаў левага крыла фронту на Люблінскім накірунку былі адобраны, а вось рашэнне аб двух ударах на правым флангу падверглася крытыцы. Вярхоўны галоўнакамандуючы і яго намеснікі настойвалі на тым, каб нанесці адзін галоўны ўдар – з плацдарма на Дняпры (раён Рагачова), які знаходзіўся ў руках 3-й арміі. Двойчы мне прапаноўвалі выйсці ў суседні пакой, каб прадумаць прапанову стаўкі. Пасля кожнага такога «прадумвання» даводзілася з новай сілай адстойваць сваё рашэнне. Пераканаўшыся, што я цвёрда настойваю на нашым пункце гледжання, Сталін зацвердзіў план аперацыі ў тым выглядзе, як мы яго прадставілі. – Настойлівасць камандуючага фронтам, – сказаў ён, – даказвае, што арганізацыя наступу старанна прадумана. А гэта надзейная гарантыя поспеху». 

Уся аперацыя атрымала ўмоў­ную назву «Баграціён».
31 мая стаўка ВГК накіравала камандуючым войскамі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў дырэктывы аб падрыхтоўцы і правядзенні беларускай аперацыі.

Аліна СЯНЮЦЬ, Варнянская СШ.