Пра асаблівасці пашавага сезону і вытворчасць малака расказала першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Вольга Умрыхіна
З месяц назад для рагуль «загарэлася» зялёнае святло: на Астравеччыне пачаўся летне-пашавы сезон. Каля чвэрці кароў ласуецца сакавітай травой на пашы. Пра асаблівасці гэтага перыяду і вытворчасць малака расказала першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Умрыхіна.
– Пасвіць кароў сёлета пачалі вельмі рана – 8 красавіка. Першымі ў раёне зялёны сезон распачалі жывёлаводы малочна-таварнай фермы «Рукшаны» КСУП «Гудагай». Пакрысе падцягнуліся і астатнія.
На 17 мая на Астравеччыне пасвілася 12 гуртоў кароў і 2 гурты цялушак, у тым ліку кругласутачна – 8 груп. Агулам гэта крыху больш за 2 500 галоў. Сёлета сухастойных рагуль пасвяць у РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», што станоўча ўплывае на аздараўленне і прафілактыку захворвання канечнасцей, адпаведна і павелічэнне паказчыкаў вытворчасці.
На некаторых жывёлагадоўчых аб’ектах у гэтым годзе, у адрозненне ад мінулага, не будуць цягам сутак пасвіць жывёлу, але тэрмін яе дзённага знаходжання на пашы павялічаны.
Акцэнтую ўвагу, што ў нашым раёне 75% кароў утрымліваецца на малочна-таварных комплексах, дзе прадугледжана аднатыповае круглагадовае кармленне. Зразумела, што ў сезон на сталы рагуль трапляе і зялёная маса.
З пачаткам пашавага перыяду і ўводу «зялёнкі» для кароў з МТК валавая вытворчасць малака павялічылася без малога на 7 тон, у тым ліку ў КСУП «Варняны» – на 2 800, КСУП «Міхалішкі» – на 2 600, КСУП «Гудагай» – 2 500. «Гервяты» засталіся на тым жа ўзроўні, а ў саўгасе, паўтаруся, пасвяць толькі сухастойную групу.
Хачу адзначыць два малочна-таварныя комплексы – «Газа» КСУП «Гервяты» і «Маркуны» КСУП «Міхалішкі». На апошнім аб’екце сярэднесутачны надой ад каровы дасягнуў 18 кілаграмаў малака – гэта ўдвая больш, чым там даілі летась, а яго рэалізацыя склала 8 тон. Вядома, для перадавых комплексаў гэта не паказчык, але для гэтага жывёлагадоўчага аб’екта, лічу, пэўнае дасягненне.
У абласной табліцы па малочнай вытворчасці мы ўпэўнена трымаемся на перадавых пазіцыях. За чатыры месяцы ў гаспадарках раёна надаілі звыш 26 тысяч тон малака, што складае 119,2% да ўзроўню мінулага года. Сярэдні надоў ад каровы з пачатку года 2 583 кілаграмы, што на 408 кілаграмаў больш, чым летась. Найлепшы сярод гаспадарак паказчык у КСУП «Гудагай» – 3 358 (+488).
Такія вынікі сталі магчымымі дзякуючы многім фактарам, у тым ліку што хапіла травяністых кармоў да пачатку летне-пашавага сезона. Зазначу, сёлета аграрыі ўжо заклалі сянаж і сілас са свірэпіцы. Летась гэта рабілі толькі ў КСУП «Гервяты».
Акрамя гэтага, напачатку красавіка ў раёне правялі ўзаемаправеркі паміж гаспадаркамі па гатоўнасці да летне-пашавага перыяду. Пытанні ўзніклі ў КСУП «Варняны», але ўсе недахопы там былі своечасова выпраўлены.
Ад тэхналагічнасці летне-пашавага сезону залежыць эфектыўнасць малочнай вытворчасці. Пра гэта ведаюць усе і, думаю, будуць і надалей імнуцца павялічваць надоі.