Калегі і сябры расказваюць пра Таісу Сямёнаву

18:00 / 20.05.2024


Калектыў АП з першай Залатой Ліцерай

Днямі адзначыла юбілей Таіса Сямёнаўна Сямёнава – ветэран журналістыкі, якая 23 гады працавала ў рэдакцыі газеты «Астравецкая праўда». І цяпер, пасля выхаду на заслужаны адпачынак, яна застаецца членам нашага калектыву і актыўным няштатным аўтарам.Але пры тым у Таісы Сямёнаўны шмат іншых цікавых заняткаў, шырокае кола сяброў, прыхільнікаў яе шматлікіх талентаў, людзей, якія ўдзячны ёй за мудрыя падказкі і жыццёвую навуку. Мы папрасілі сказаць колькі слоў пра Таісу Сямёнаву яе калег, аднадумцаў і сяброў.

Іна Дужык (Бычак), працавала ў «Астравецкай праўдзе» ў 2003-2005 гадах:

– З павагай успамінаю добрым словам тых, з кім давялося працаваць на працягу двух гадоў у «Астравецкай праўдзе». З асаблівай цеплынёй – Таісію Сямёнаўну Сямёнаву, на той час адказнага сакратара, з якой мы сядзелі ў адным кабінеце. Інтэлігентная, заўжды паглыбленая ў сябе, рамантычная… Вершы пісала выдатныя. Яна падтрымлівала мяне, маладую, нявопытную, добрым словам, давала парады, падказвала. І любіла, калі я рабіла каву – у мяне яна заўсёды атрымлівалася з пенкай. 

Людміла Кухарэвіч,удзельнік літаратурнага аб’яднання «Астравецкай зямлі галасы»:

– З Таісай Сямёнаўнай мы часта стасаваліся, калі яна працавала ў «Астравецкай праўдзе», а цяпер мы калегі па літаратурным аб’яднанні «Астравецкай зямлі галасы». Мяне заўсёды захаплялі яе вершы, яны, на мой погляд, – узор дасканаласці. А якая мова! Вобразная, кожнае слова мудрае, ёмістае, над кожным радком можна доўга думаць. Канешне, параўноўваць паэтаў – справа марная, кожны піша, як дыхае, але вершы Таісы Сямёнавай мне нечым нагадваюць Петруся Броўку, Дануту Бічэль, Валянціну Коўтун. 
Да таго ж яна вельмі добразычлівы і тактоўны крытык: для кожнага з удзельнікаў літаб’яднання знойдзе добрае слова, нават калі ў вершах бачны хібы і памылкі, паправіць так, каб не пакрыўдзіць аўтара.
Мяне вельмі засмучае, што цяпер Таіса Сямёнаўна піша мала, мне здаецца, калі Бог надзяліў такім дарам, то неабходна аддаваць яго людзям. 

З удзельнікамі літаратурнага аб'яднання

Аляксандр Сянюць, працаваў у раённай газеце ў 2005-2009 гадах:

– Калі прыйшоў у «Астравецкую праўду», мне, лічу, вельмі пашанцавала, бо пасадзілі мяне ў адзін кабінет з намеснікам рэдактара Таісай Сямёнаўнай Сямёнавай. Гэта была вялікая ўдача! У яе заўсёды можна было нешта спытацца, удакладніць. І хоць Таіса Сямёнаўна звычайна была загружана работай і, напэўна, мае пытанні адцягвалі яе ад уласных спраў, яна адказвала на іх цярпліва і спакойна, ні разу не буркнула. І тады, і цяпер я ўспрымаў яе як добрага разумеючага настаўніка. Помню, аднойчы яна сказала: «Журналіст з цябе атрымаецца». Не ведаю, чым кіравалася пры гэтым, але яе словы былі як бальзам на душу.

Васіль Карпец, кіраўнік ансамбля «Аксаміткі» і народнага хору ветэранаў:

 – Ёсць характарыстыка, якая, на мой погляд, шмат гаворыць пра чалавека: можна з ім пайсці ў разведку ці не. Дык вось, з Таісай Сямёнавай я б у разведку пайшоў!
Гэта надзвычай чулы, добры, бескарыслівы чалавек, цудоўная жанчына. Яна душой хварэе за справу і за кожнага ўдзельніка нашых ансамбля і хору. 
Да таго ж Таіса Сямёнава вельмі таленавітая. Яе верш «Аксаміткі» я паклаў на музыку – гэтая песня стала візітоўкай нашага творчага калектыву. Цяпер у рабоце «Ода Астраўцу»  на вершы Таісы Сямёнавай – спадзяюся, гэтая песня таксама прый­дзецца даспадобы астраўчанам.

Марына Мацкевіч, карэспандэнт «Астравецкай праўды»:

– Таісу Сямёнаўну я лічу адным са сваіх настаўнікаў у журналістыцы і ў жыцці. Мы сядзелі ў адным кабінеце, я прыйшла ў рэдакцыю адразу пасля школы нявопытнай «зеляпухай», а яна вучыла мяне ўсяму, што ведала сама. Калі я нешта рабіла не так, мудра і далікатна папраўляла, падказвала, раіла. Яе парадамі я кіруюся і сёння! Таіса Сямёнаўна для мяне – прыклад той ранейшай, сапраўднай журналістыкі, да якой, лічу, маладым трэба расці і імкнуцца, на жаль, яе прадстаўнікоў застаецца ўсё менш у нашых рэдакцыях. Яна не проста любіла журналістыку, а жыла сваёй прафесіяй, і я заўсёды гэтым захаплялася! 

Пратэіерэй Георгій Савіцкі, настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла:

– Таісу Сямёнаўну я ведаю з часу, калі прыехаў служыць у Астравец. Яна тады ўжо была актыўнай прыхаджанкай нашага храма – такой застаецца і да гэтага часу: не прапускае без асабліва ўважлівай прычыны ніводнай службы, рэгулярна прыходзіць да споведзі і прымае святое прычасце.
Акрамя таго, Таіса Сямёнаўна нясе ў храме шматлікія паслушэнствы. Доўгі час яна спявала на клірасе, цяпер дзяжурыць у царкве, каб кожны жадаючы ў дні, калі няма службы, мог зайсці ў храм, падаць запіску, паставіць свечку, памаліцца.
Таіса Сямёнаўна – царкоўны бібліятэкар, і ў многім дзякуючы яе старанням наша бібліятэка адна з лепшых, калі не самая лепшая ў епархіі. Яна часта падказвае мне, якія новыя кнігі варта набыць для папаўнення фонду, раіць навінкі духоўнай літаратуры. Я ўжо не кажу, што парадак у бібліятэцы заўсёды адмысловы: кожная кніга і чытач – на ўліку.
І ўвогуле гэта проста цудоўны чалавек! Пажадаць Таісе Сямёнаўне хочацца аднаго: многія лета і Божай дапамогі ва ўсіх яе справах.

Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива АП