Адна з лепшых працаўніц КСУП “Міхалішкі” і раёна – Леакадзія Боўша з МТК “Маркуны”
Малочная вытворчасць залежыць ад многіх фактараў: кармлення жывёлы, яе догляду, своечасовага правядзення ветэрынарных і іншых маніпуляцый. На пачатак мая на малочна-таварным комплексе «Маркуны» КСУП «Міхалішкі» надой павялічылі ў параўнанні з адпаведным сезонам мінулага года ўдвая: за суткі ад каровы тут атрымліваюць 18 кілаграмаў малака. Вядома, гэта вынік зладжанай работы ўсёй каманды. Вялікая заслуга ў гэтым ёсць і аператара машыннага даення Леакадзіі Боўшы, партрэт якой сёлета занесены на раённую Дошку гонару.
Сустрэліся з жанчынай адразу пасля дзённай дойкі ў камп’ютарнай зале – не адрываць жа перадавую працаўніцу ад вытворчага працэсу. Напачатку папрасіла расказаць Леакадзію Іванаўну, кім яна хацела стаць у дзяцінстве і як прыйшла ў сельскую гаспадарку.
– А ў мяне іншага шляху не было, – з усмешкай прызнаецца мая суразмоўца. – Бацькі працавалі на мясцовай ферме ў Кярнянах. Тата летам пасвіў кароў, а зімой падвозіў на кані кармы. Мама была даяркай. Я з маленства на ферме: дапамагала даіць кароў, а часам і падмяняла маці. Пасля Варнянскай школы паступіла ў маладзечненскі тэхнікум, але мама пачала моцна хварэць – па бальніцах і па бальніцах. На вучобу я так і не паехала: як пакінуць роднага чалавека, хату і гаспадарку? Праўда, скончыла бухгалтарскія курсы і ўладкавалася ў варнянскае спажыўтаварыства.
Хоць, вядома, дзяўчыне даводзілася цяжка працаваць, тым не менш, маладосць брала сваё. Зрэдзьчасу з сяброўкамі Лёдзя бегала на танцы ў Варняны. А калі да яе пасватаўся хлопец з суседняй Чыжоўшчызны, адразу пагадзілася. Як кажуць, ад дабра дабра не шукаюць. Са Слаўкам ведалі адзін аднаго з дзяцінства, хадзілі ў адну школу і бегалі аднымі сцежкамі.
– Муж працаваў у дарожна-эксплуатацыйным упраўленні, таму сталі жыць у Астраўцы. Уладкавалася на завод «Радыёдэталь». Вяслаў стаяў першы ў чарзе на жыллё, таму, калі іх арганізацыя здавала двухкватэрныя дамы ў Міхалішках, без роздумаў сабралі такія-сякія пажыткі і пераехалі, – успамінае жанчына.
На вёсцы выбар работы невялікі. Леакадзія Іванаўна пайшла прыбіральшчыцай на комплекс у Маркуны.
– Праз паўтара гады мяне папрасілі часова падмяніць даярку, якая зламала руку. З таго часу так і працую. Відаць, добра атрымлівалася. Хоць няма чаго дзівавацца, мабыць, на генетычным узроўні перадаліся ад маці ўменні. Родны брат, дарэчы, таксама ў жывёлагадоўлі раёна, больш таго, на ферме ў Кярнянах усё жыццё, – працягвае працаўніца. – Сёлета абыходзімся без прывазных кармоў. Каб набывалі іх у іншых, дык тое малако залатым было б. У нас на комплексе пабольшала ацёлаў, выбракавалі нерэнтабельных цялушак, добра папрацавалі з асемяненнем, таму малако і вырасла. Больш таго, на «Смаргонскія малочныя прадукты» яго здаём гатункам экстра. Таму на зарплаты нам грэх жаліцца, добрыя грошы атрымліваем.
У многім якасць малака залежыць ад сумленнасці аператараў: правільна сцадзіць першы струмень, апрацаваць вымя да і пасля дойкі – тэхналогія за апошняе дзесяцігоддзе змянілася кардынальна. У «Маркунах» штодзённа з гэтым працэсам спраўляецца 5 аператараў машыннага даення: акрамя Леакадзіі Боўшы, гэта Марыя Чайкоўская, Ганна Янушэўская, Святлана Пашкоўская і Валянціна Шалінава (апошняя – падменная). Балазе, у апошні час усё неабходнае – спецыяльныя сродкі для апрацоўкі вымені, папяровыя сурвэткі і іншае –заўсёды ёсць.
Акрамя гэтага, карову з падазрэннем на мастыт аператары машыннага даення правяраюць самі падчас дойкі. У спецыяльную талерачку з чатырма аддзяленнямі (кожны пад асобны сасок) сцэджваюць па струмені і дадаюць спецыяльны рэагент. Кербатэст імгненна вызначае клетачныя элементы ў малацэ, яно становіцца густым і неаднародным, а даяркі вылучаюць хворую жывёліну са здаровай групы.
– Працоўны дзень пачынаецца ў 5 раніцы: пераапранаемся, рыхтуем увесь неабходны інвентар для дойкі – і прыступаем, – расказвае жанчына. – На нашым комплексе даільная зала з лініяй «Вестфалія» на 32 галавы. Заканчваем каля 14.30. Другая пара даярак заступае ў 17.00. Працуем пазменна па два чалавекі: адны – у першую палавіну дня, другія – вечарам. Мяняемся праз тыдзень.
Запытала ў Леакадзіі Іванаўны, што самае важнае ў яе рабоце. Жанчына прызадумалася, але ўпэўнена адказала:
– Думаю, калектыў. Наша гаспадарка перажывала розныя часы: бывала, што не хапала кармоў, сродкаў для апрацоўкі вымені, мяняліся старшыні… Але большасць людзей, якія тут працуюць, засталіся на комплексе. У нас цудоўная начальнік, мая напарніца і іншыя даяркі, загоншчыкі, жывёлаводы, урачы – словам, усе. Няма падзелу работы на «тваё» і «маё». Па вялікім рахунку, ад кожнага з нас залежыць агульны вынік.
Падчас размовы з маёй гераіняй заўважыла, што яна крыху бянтэжыцца і ёй складана, напэўна, як і кожнаму, расказваць пра сябе. Але не магла не пацікавіцца, што жанчына адчула, калі даведалася, што яе партрэт трапіў у галерэю найлепшых па выніках мінулага года работнікаў раёна.
– Я непублічны чалавек, увагі не люблю. Працую, як і ўсе. Дзякуй калектыву нашага комплексу і гаспадаркі, што ацанілі маю работу на такім узроўні. Раённы прафсаюз пра нас таксама не забывае: неаднойчы атрымлівалі падарункі падчас акцыі «Наш жывёлавод», пяць гадоў назад ездзіла ў Гродна на ўрачыстасць, – расказвае Леакадзія Іванаўна. – Вельмі хвалявалася, калі на святкаванні Першамая называлі імёны і прозвішчы занесеных на раённую Дошку гонару працаўнікоў. Безумоўна, мне прыемна і радасна, што я ў іх ліку.
Слова калегам
Святлана Кісель, начальнік малочна-таварнага комплексу «Маркуны»:
– Неяк тэлефануе мне загадчыца з Падольцаў і цікавіцца, як у нас атрымалася павысіць гатунак малака. А я кажу, гэта не ў мяне трэба цікавіцца, а ў маіх аператараў машыннага даення. Дзяўчаты добра сцэджваюць, апрацоўваюць вымя – усе пытанні закрытыя. Шмат чаго залежыць ад сродкаў для даення, каб нічога не трапляла ў малако. Наша Леакадзія Іванаўна і як даярка, і як чалавек – харошая, добрая, адказная, заўсёды выконвае ўсё, што скажаш. На такіх працаўніцах, як яна, і трымаецца наш комплекс і сельская гаспадарка ўвогуле.
Слова родным
Анастасія Трыбоцкая, дачка:– Хоць з мужам і дзецьмі мы жывём у Рытані, але на святы абавязкова едзем у госці да маіх бацькоў. Яны таксама нас не забываюць. Мама вельмі працавіты чалавек. Яна спагадлівая, добрая, чулая. Калі прыязджае да нас, прашу пасядзець – адпачыць, а яна то ў агарод, то з унукамі гушкаецца, то па дому нешта дапамагае. Мы з братам ёй вельмі ўдзячны за жыццё, выхаванне, любоў.