О работе и не только рассказывает Тамара Петрова – учитель физической культуры с 43-летним стажем

12:40 / 18.05.2024


Напісаць пра жанчыну падказала калега – маўляў, усё жыццё адпрацавала на адным месцы і ў адной сферы, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, якога многія ўспамінаюць добрым словам. Лішнім пацвярджэннем гэтага з’яўляецца тое, што яе стаж налічвае 43 гады. Канешне, пасля такіх звестак захацелася пазнаёміцца асабіста.

Мяне сустрэла стройная падцягнутая жанчына, з якой было лёгка стасавацца, і язык не паварочваўся назваць яе пенсіянеркай. Між іншым яна 15 гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку, 8 з якіх яшчэ працавала ў школе. Дарэчы, аб гэтым і не толькі – у інтэрв’ю з ветэранам спартыўнай сферы Тамарай Пятровай.

– Вы з дзяцінства хацелі стаць настаўнікам фізкультуры?

– Зразумела ж, не! Ніхто ў такім узросце пра гэта не думаў, мы, дзеці, кожны дзень марылі пра рознае і гулялі у новыя прафесіі. У якія дакладна, цяпер ужо і не памятаю. У мяне мама была настаўнікам пачатковых класаў, а тата ўсё жыццё працаваў у калгасе. Таму гулялі і ў паляводаў, і ў педагогаў, і ў шмат каго іншага. Жылі ў Трашчанах, а ў сярэднюю школу я хадзіла ў Жукойні Жалядскія. Памятаю, сядзім на верандзе і выглядваем, калі настаўнікі з вёскі ісці будуць. А на вялікім перапынку маглі паспець і рыбу павудзіць на стаўку, што непадалёк размяшчаўся. (Усміхаецца.)

– Калі вы пасябравалі са спортам?

– Менавіта ў нашай Жалядскай школе. Настаўнікі там былі – Прафесіяналы з вялікай літары. У 1969 годзе да нас прыйшоў новы настаўнік фізічнай культуры Аляксей Мацвеевіч Шыман. Вось тады ўсё і пачалося. Ён настолькі ўмеў прывіць захапленне да свайго прадмета, што, напэўна, у ўсе вучні палюбілі фізкультуру. У той час не было ў школе пляцоўкі, каб гуляць у баскетбол ці валейбол. Таму ён рабіў упор на лёгкую атлетыку. Нават зімой Аляксей Мацвеевіч ставіў стойкі ў класе і вучыў нас скачкам у вышыню спінай праз перакладзіну. Матаў не было, дык ён недзе матрасы знаходзіў і з іх бяспечную зону для заняткаў выкладваў. Словам, гэта быў улюбёны ў свой прадмет чалавек, які па-майстэрску выкладаў яго дзецям. Мы з захапленнем трэніраваліся і ездзілі на спаборніцтвы ў Астравец. Мне вельмі падабалася – Аляксей Мацвеевіч гэта заўважыў і параіў паступаць на настаўніка фізкультуры. Ці трэба казаць, што словы любімага педагога супалі з уласным жаданнем і пасля заканчэння школы я паехала штурмаваць Гродзенскі тэхнікум фізкультуры. Ці баялася? Вядома! Але, бачна, сам лёс вёў мяне туды, куды было наканавана. Я без праблем знайшла ў незнаёмым горадзе патрэбную ўстанову і паступіла туды вучыцца.

– Не было жадання адтуль збегчы?

– Ніколі! Па-першае, упэўнілася, што гэта сапраўды маё, а па-другое, у нас не было часу на такія думкі. (Смяецца.) Днём займаліся, пасля беглі на трэніроўкі, а вечарам рыхтаваліся да наступнага дня. Вучоба была настолькі сур’ёзнай, што спадзявацца на халяву не даводзілася – штодзень адказвалі па прадметах. Затое там я атрымала цудоўную падрыхтоўку – асноўную базу, дзякуючы якой працавала ўсё жыццё. Пасля завочна скончыла Брэсцкі педінстытут імя Пушкіна, але тое, што пачэрпнула там, стала хутчэй невялікай прыбудовай да трывалага фундамента ведаў тэхнікума. Чым больш вучылася, тым больш упэўнівалася, што я на правільным шляху. Зноў-такі, як і ў школе, так і ў тэхнікуме пашанцавала з выкладчыкамі. Не пераказаць, як прафесійна, цікава і захапляльна яны давалі нам неабходны матэрыял. Цудоўныя людзі!

– Усё жыццё вы адпрацавалі ў Варнянах. А як сюды трапілі?

– На размеркаванні спыталі, дзе хачу працаваць.  Ну як – куды? Вядома ж, на радзіму да бацькоў, а значыць – на Астравеччыну. Тут ужо накіравалі ў Варнянскую школу-інтэрнат. Там знаходзіліся дзеці з розных раёнаў Гродзенскай і часткі Мінскай абласцей. Старэйшыя былі амаль маімі равеснікамі, тым не менш хутка зразумелі дыстанцыю “настаўнік – вучань” – і ў мяне з усімі склаліся добрыя адносіны. Дзеці любілі фізкультуру, а мне падабалася з імі займацца. Аднак праз год школу-інтэрнат закрылі. Многія нашыя падаліся ў Вільнюс. Паехала туды і я прасіцца на завод, дзе сяброўка працавала. Прыйшла ў Астравец у аддзел кадраў за працоўнай кніжкай, а спецыяліст мне і кажа: “Ну куды ты паедзеш? Заставайся! Якраз месца ў спартшколе з’явілася”. Словам, пайшла працаваць на новае месца. А пасля прыехаў Пятроў. Мы пазнаёміліся, пачалі сустракацца, пажаніліся, разам паехалі ў Варняны – і я ўладкавалася настаўнікам фізкультуры ў школу. Так усё жыццё там і адпрацавала.

– Ці лічыце сваю прафесію складанай?

– Напэўна, так. І справа не ў тым, што работа складаная, а ў тым, што да нашага прадмета ў некаторых заўсёды былі прадузятыя стаўленне. Маўляў, падумаеш, урок такі важны – фізкультура. Але я назаўсёды ўпітала ў сябе словы нашых выкладчыкаў у тэхнікуме, якія казалі: “Запомніце: вы – не фізрукі і не дазваляйце сябе так называць. Вы – настаўнікі фізічнай культуры! Культуры здаровага цела і духу дзяцей.” А што для чалавека самае галоўнае, як не здароўе?! І клапаціцца пра яго трэба з самага дзяцінства. Прабачце, але не дурні ўключылі фізкультуру ў школьную праграму. На ўроках я ніколі не прымушала дзяцей рабіць немагчымае – разумею, што ва ўсіх розныя здольнасці. Але і проста сядзець на месцы не дазваляла. Не можаш бегаць – прайдзі некалькі кругоў па стадыёне. Не трэба мне стаяць на галаве ці садзіцца на шпагат, але пакачаць прэс можа кожны. Я ніколі не ставіла дрэнную адзнаку дзецям, якія штосьці рабілі. А вось гультаёў не любіла! Старалася “дастукацца”, што іх намаганні патрэбныя не мне, а ў першую чаргу ім самім – для здароўя. На жаль, многія гэтага не разумеюць. Я заўсёды ганарылася, што выкладала фізічную культуру. У мяне быў цудоўны прыклад для пераймання: Уладзімір Васільевіч Волкаў, з якім мы працавалі ў Варнянах і якому бязмежна ўдзячна за парады і дапамогу; Мікалай Яфімавіч Леўшын, Леанід Іосіфавіч Пукшта – старэйшыя калегі з іншых школ; мае равеснікі Станіслаў Памецька, Марыя Сінкевіч, крыху пазней прыйшлі Ганна Гануліч, Мікалай Трафімчык і іншыя апантаныя сваёй справай настаўнікі. І, канешне ж, Здзіслаў Здзіслававіч Шырынскі – наш “дзед”, настаўнік, жывая энцыклапедыя спорту. Наогул, плеяда старэйшых настаўнікаў – не проста людзі, а глыбы астравецкага спорту, чый аўтарытэт ніколі не знікне. Я ганаруся, што нашы шляхі перасекліся і мне пашанцавала з імі працаваць, стасавацца, сябраваць.

– За гады работы што запомнілася больш за ўсё?

– Цікавых выпадкаў хапала. Напрыклад, аднойчы парачка старшакласнікаў убачыла майго сына. Як жа яны здзівіліся: “Як? У Тамары Рамуальдаўны ёсць дзеці? Яна ж заўсёды ў спартзале: днём урокі вядзе, вечарам – секцыі”. Іх здзіўленне было такім шчырым, бо сапраўды і я, і муж – мы амаль заўсёды былі ў школе. (Усміхаецца.) Аднак найбольш запомніліся людзі: старэйшыя настаўнікі, якіх ужо ўзгадвала, і вучні: Ганна Субач, Насця Нядвецкая, Аіда Рубель, Алеся Блашкевіч, Аляксандр Ляховіч, Дзяніс Зуеў і многія іншыя, якіх магу доўга пералічваць, ганаруся імі. Дарэчы, прыемна, што і яны мяне не забываюць: вітаюцца, праведваюць, тэлефануюць.

– А цяпер не пра работу: занятак для душы?

– Кветкі! Але не хатнія – вулічныя. Ды і не толькі кветкі, а наогул расліннасць. Аднаго бэзу пасаджана 14 кустоў. Ох і люблю ж , як ён цвіце. А які водар! Яшчэ вельмі люблю, як пасля зімы распускаюцца першацветы: крокусы, пралескі, фарзіцыі, цюльпаны… Пасля будзе шмат красак, але вось гэтыя – самыя першыя і пяшчотныя чамусьці радуюць душу больш за ўсё. Быццам бы разам з прыродай прачынаешся і ты сам.

– Тэлебачанне, інтэрнэт, папяровая перыёдыка ці літаратура – што выберыце?

– Заўсёды любіла і люблю чытаць. Інтэрнэт, вядома, добра. Але разгарнуць газету ці кнігу, удыхнуць своеасаблівы пах старонак, адчуць іх дотыкам пальцаў – у гэтым ёсць свая філасофія, якая недаступная праз экран гаджэтаў.   

– Ці верыце ў лёс?

– (Задумваецца.) Нават не ведаю, як адказаць… Я веру ў Бога. У мяне цудоўныя дзеці, а цяпер ужо і ўнукі. Я займалася любімай справай, ад якой атрымлівала задавальненне. Я аптыміст па жыцці і стараюся верыць толькі ў лепшае. Таму мне няма на каго ці што наракаць. І я шчаслівая!  


Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Мацкевич