Каго б маглі назваць прыкладам сямейных адносін астраўчане, пацікавіўся карэспандэнт
Фото Jonathan Cooper, Pexels
Для людзей адна з самых важных жыццёвых каштоўнасцей – сям’я і блізкія. Карэспандэнт “раёнкі” пацікавіўся ў астраўчан і гасцей горада, каго б яны маглі назваць прыкладам сямейных адносін.
Наталля Шатроўская, спецыяліст паштовай сувязі:
– Для мяне прыкладам сапраўдных шлюбных адносін была сямейная пара Дыкан, якая ў пенсійным узросце пераехала з Вільнюса на Астравеччыну і пасялілася непадалёк ад нас. Мы тады жылі ў мужавых бацькоў на хутары Мельніца Сарочча. Адносіны гэтых людзей мяне, маладую і нявопытную, прыемна ўражвалі. Падабаліся іх працавітасць, інтэлегентнасць, ветлівасць. На жаль, Валянціна Рыгоравіча ўжо няма ў жывых.
Упэўнена, што ніякага сакрэта сямейнага шчасця няма – над адносінамі трэба працаваць, саступаць сваёй другой палавіне.
Надзея Ненартовіч, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела:
– Хоць дзядулю я ўвогуле не ведала, а бабулю памятаю дрэнна, – менавіта іх лічу прыкладам для пераймання. Дзед прайшоў Вялікую Айчынную вайну. Па ўспамінах сваякоў ён быў нешмаслоўны і спакойны. З бабуляй ў любові яны выгадавалі пяцёра дзяцей. Мне здаецца, што сем’і нашых прадзедаў былі хоць не ідэальнымі, але моцнымі. Яны жылі значна горш за нас, але былі больш дружнымі і трымаліся адзін за аднаго.
Алег Драган, майстар па рамонце камп’ютарнай тэхнікі:
– Прыклад маіх бацькоў, якія разам 38 гадоў, для мяне паказальны ў многіх сэнсах. Я ўдзячны ім не толькі за тое, што яны нам з братам далі жыццё, але і навучылі заставацца людзьмі ў любой сітуацыі, па-чалавечы адносіцца да іншых, адрозніваць чорнае ад белага. Многія сямейныя традыцыі я пераняў для сябе. Штогод на 8 Сакавіка тата дорыць маме кветкі, і гэта абавязкова ружы. Раней тата рыхтаваў сам святочны стол, а цяпер мы гэта робім я, бацька і брат для нашых любімых жанчын.
Ірына Міклашадава, у дэкрэтным адпачынку (без фота):
– Мама, якая выхоўвала мяне адна, памерла, калі мне было тры гады. Бабуля і светлай памяці дзядуля, якія замянілі мне самага блізкага і дарагога ў свеце чалавека, для мяне з’яўляюцца прыкладам сямейных і шлюбных адносін. Памятаю, што на дзень іх знаёмства дзядуля абавязкова дарыў бабулі ландышы. Аказваецца, ён спецыяльна рана прачынаўся, каб паспець на першую электрычку з’ездзіць у прыгарад і назбіраць кветак. Мне здаецца, што мой муж нечым яго нагадвае: спакойны, але з хітрыкамі ў вачах.
Ангеліна Мікліс, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
– На 100 працэнтаў гэта мае бацькі. Разам яны 29 гадоў і да гэтага часу захавалі каханне, любоў, пяшчоту адзін да аднаго. Напэўна, сваю ролю сыграла тое, што тата працуе дальнабойшчыкам. Але нягледзячы на адлегласць, пэўныя складанасці, мае бацькі змаглі захаваць неверагодную цеплыню ў адносінах. Прыезд мужа для мамы заўсёды свята, яна адкладвае на пасля нават самыя тэрміновыя справы. А тата імкнецца дадому (заехаць нават хоць на некалькі гадзін!), дзе яго любяць і чакаюць.