Пра блакаду Ленінграда шмат змог бы расказаць дзядуля Ганны Жогаль
Аляксандр Прахарэнка
Пакуль мы малыя, наўрад ці самі цікавімся, кім былі нашы мамы і таты, дзядулі і бабулі. А калі падрастаем, распытваць пра гэта, бывае, ужо няма каго.
І тады па крупінках збіраем тыя скупыя звесткі, што ўсплываюць пры размовах са старэйшымі родзічамі або аднавяскоўцамі. Так, са слоў бабулі і цёткі даведалася пра свайго дзядулю-ветэрана прафсаюзны лідар пярвічкі вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Ганна Жогаль.
– Асноўныя звесткі пра дзядулю, Аляксандра Фёдаравіча Прахарэнку, і яго ўдзел у баях падчас Вялікай Айчыннай вайны мы даведаліся са слоў бабулі. Калі яе не стала, пра ветэрана сям’і пры магчымасці распытвала ў цёткі, якая ўзгадвала моманты з жыцця дзядулі, пачутыя ад бабулі. Больш нідзе інфармацыі няма. І здымак Аляксандра Прахарэнкі ў нас толькі адзін – цётка знайшла яго сярод бабуліных «скарбаў» і забрала як адзіную памяць пра бацьку.
Аляксандр Фёдаравіч прайшоў усю вайну – з 1941-га па 1945-ты. Служыў на марфлоце. Удзельнічаў у баях пад Севастопалем у 1942 годзе. Быў паранены. Эвакуіравалі яго ў шпіталь у Ленінград, які потым стаў адной з самых гарачых «кропак». Цудам дзядуля застаўся жывы. І, думаецца, шмат змог бы расказаць нам, унукам, які ён, блакадны горад…
На марфлот дзядуля не вярнуўся, пайшоў у разведвойскі.
Узнагароджаны медалямі і ордэнамі. На жаль, яны не захаваліся. Магчыма, родзічы перадалі ў мясцовыя школы або музей.
У 1945-м франтавік Прахарэнка вярнуўся на радзіму – у Магілёўскую вобласць. Працаваў настаўнікам, а потым дырэктарам Успольскай школы. У 1959 годзе пераехаў у Полацкі раён, на Віцебшчыну, – на будаўніцтва хімкамбіната. Там пазнаёміўся з бабуляй і да 1975 года жыў у вёсцы Літвінава. Затым Прахарэнкі атрымалі жыллё ў Наваполацку. Там і жылі. Не стала дзядулі ў 1985-м.
Ён мала расказваў пра франтавыя будні, баі і раненне нават жонцы, што ўжо гаварыць пра дзяцей, заўсёды аднекваўся: лепш вам гэтага не ведаць…