Аўтапрабег да Дня Перамогі: па месцах памяці Варнянскага сельсавета
Варняны, Варона, Быстрыца і Трокенікі… Кропкамі маршруту аўтапрабегу да Дня Перамогі па Астравеччыне пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Сяргея Мядзвецкаса сталі брацкія магілы, памятны знак загінулым яўрэям і абеліск загінулым землякам.
Удзельнічалі ў аўтапрабегу прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь і школьнікі.
– У нашым раёне 28 памятных знакаў, з якіх 25 прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, – адзначыў Сяргей Мядзвецкас. – Падобныя аўтапрабегі патрэбны для таго, каб мы святкавалі 9 Мая не лакальна, толькі ў Астраўцы, а разам з жыхарамі ўсяго раёна, тым самым падкрэсліваючы наша адзінства. На кожнай кропцы маршруту нас сустракаюць дзеці – наша будучае. Мы, дарослыя, перадаём ім эстафету памяці, гаворачы пра страшныя падзеі, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі ў 1940-я гады. Як вядома, калі ўрокі гісторыі наступныя пакаленні не вывучаць, то падзеі абавязкова паўтарацца. Каб так не здарылася, мы павінны памятаць і паважаць тых людзей, якія здабылі нам усім мірнае неба.
Ля брацкай магілы ў Варнянах сабралася шмат дарослых і дзяцей, неабыякавых да гісторыі краіны і сваёй маленькай радзімы. Кветкі і запаленыя лампадкі, хвіліна маўчання і слёзы на вачах – кожны, хто прыйшоў, нібы скурай адчуў, якім кволым можа быць мір вакол нас. А памяць – гэта тое, што не дасць паўтарыцца страшным падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
Пранікнёным і вельмі хвалюючым было выступленне вучняў Варонскай пачатковай школы каля брацкай магілы, якая знаходзіцца якраз насупраць гэтай установы адукацыі. Дрыготкім голасам у вершаванай форме дзеці расказвалі пра падзеі вайны і звярталіся да тых, каму абавязаны жыццём, з абяцаннем: будзем памятаць!
Памятны знак расстраляным яўрэям у Быстрыцы не толькі выглядам, але і надпісам нагадвае: людзей гэтай нацыянальнасці фашысты знішчалі масава, без жалю! Кветкі леглі ля падножжа знака – як сімвал: мы ведаем і смуткуем.
Колькі ні даводзілася бываць у Трокеніках, а помнік загінулым землякам, міма якога прайсці проста нельга, уражвае – усе прысутныя адчулі: і сапраўды, памяць аб земляках жыве ў сэрцах трокенікцаў, як напісана на помніку. І хоць імёнаў там няшмат, за кожным – лёс, узнёсак у агульную Перамогу. Хвіліна маўчання і нізкі вам паклон: мы памятаем.
Аляксандр Вярбовіч, старшыня Варнянскага сельсавета:
– Воінскія пахаванні на тэрыторыі нашага сельсавета ёсць у Вароне і Варнянах. Усяго кропак, якія напамінаюць пра страшныя падзеі 1941-1945 гадоў, – 12. Узгадаю такое выслоўе: калі ў чалавека ёсць дом, хлеб і вада, ён шчаслівы. Мы ўсё гэта маем дзякуючы тым, хто змагаўся і перамог. Няхай жа над намі заўсёды будзе мірнае неба і мы не спазнаем цяжкасцей, якія выпалі на долю нашых дзядоў і прадзедаў.
Надзея Субач, жыхарка Варнян:
– Брацкай магіле ў нашым аграгарадку заўсёды ўдзялялі шмат увагі. Таму што гэта наша памяць пра тых, хто аддаваў жыццё за сённяшні светлы дзень і мірнае неба. Дзеці і калектыў школы, мясцовыя жыхары прыглядаюць за гэтым месцам. Калі працавала ў школе, мы адшукалі родзіча аднаго з пахаваных тут салдат. Ён быў з Ташкента. Доўгі час падтрымлівалі з ім сувязь, перапісваліся. Аднойчы ён нават прыязджаў у Варняны. І кожны год варнянцы збіраюцца каля брацкай магілы, каб ушанаваць памяць загінулых і схіліць галовы перад іх подзвігам.
Анжаліка Янкойць, вучаніца Варонскай пачатковай школы:
– У брацкай магіле ў Вароне знайшлі супакой 59 вядомых і 2 невядомыя салдаты. На жаль, не дажылі да сённяшніх дзён ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Антон Антонавіч Стакун і Рыгор Вікенцьевіч Мятлеўскі, якія жылі ў нашым аграгарадку. Але мы памятаем пра іх і старанна выконваем сваю задачу – прыглядаць за месцам пахавання. #ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.