Хто такі Генрых Субаткевіч?

16:00 / 07.05.2024


Летась у нумары, прысвечаным Дню друку, мы расказвалі пра актыўных няштатных аўтараў газеты, сумнай прыстаўкай да прозвішчаў якіх сталі словы «светлай памяці».

Пачынаўся артыкул раздзелам «Хто ён?», у якім мы прасілі тых, хто ведаў колішняга няштатнага аўтара «Астравецкай праўды» Генрыха Субаткевіча, адгукнуцца і рас­казаць пра гэтага чалавека. У нас пра яго былі толькі тыя скупыя звесткі, якія можна пачэрпнуць са старонак газеты. Па тэматыцы публікацый, іх стылю і мове бачна, што чалавек быў эрудыраваны і таленавіты, па іх геаграфіі – што жыў ён не­дзе ў раёне вёскі Чэхі. 22 снежня 1958 года ў тэматычнай старонцы «Селькор павінен быць верным памочнікам партарганізацыі ў вёсцы» змешчана замалёўка Уладзіміра Царэвіча пра аднаго з найбольш актыўных няштатных аўтараў газеты Генрыха Субаткевіча. А 1 лютага 1961 года ў газеце надрукаваны рэдкі ў тыя часы некралог: «…Рэдакцыя з вялікім жалем паведамляе аб смерці аднаго з актыўнейшых няштатных аўтараў Генрыха Іванавіча Субаткевіча». 

 Па праўдзе кажучы, звяртаючыся да чытачоў, мы не вельмі разлічвалі на водгук – шмат часу мінула. Але неўзабаве раздаўся тэлефонны званок і мая даўняя гераіня, мнагадзетная маці з няпростым лёсам, жыхарка Міхалішак Ганна Субаткевіч (на фота) паведаміла:

– Генрых Субаткевіч – гэта мой дзядзька, стрыечны брат мамы. Толькі я, на жаль, мала пра яго ведаю: калі ён памёр, мне было 6 гадоў…

Але ж мала – гэта больш, чым нічога! І вось мы гутарым з Ганнай Мар’янаўнай ў Міхалішкаўскай бібліятэцы…

– Генрых мне запомніўся высокім – зрэшты, у дзяцінстве ўсе дарослыя здаюцца высокімі – хударлявым чалавекам з нязменнай добрай усмешкай. Менавіта ўсмешка і ўспамінаецца, калі размова заходзіць пра Генрыха. Мне здаецца, што ён быў вельмі добрым і спагадлівым – пра гэта гаварылі і мае стрыечныя сёстры, якіх я прасіла расказаць пра дзядзьку, – гаворыць Ганна Мар’янаўна.

Генрых з маці Схалястыкай – яна была роднай сястрой маёй бабулі – жылі ў Гродзях, што каля Чэхаў. Сваёй сям’і ў дзядзькі не было, а пра бацьку ягонага нічога не ведаю. Мо, ён рана памёр? – дзеліцца скупымі звесткамі пра актыўнага няштатнага аўтара «Астравецкай праўды» мая суразмоўца. – Па ўспамінах родных, чалавекам ён быў незвычайным. Калі ўсе мужчыны насілі, як правіла, саматканыя зрэбныя кашулі, то Генрых апранаўся па-гарадскому: пінжак, фабрычная кашуля, летам – тэніска, зусім незвычайная рэч для вяскоўцаў.

 – Не ведаю, дзе ён вучыўся і працаваў, – расказвае далей Ганна Субаткевіч. – Адно што ўсе ўспамінаюць: шмат пісаў у газеты і часопісы. У хаце было шмат кніг і перыядычных выданняў. А яшчэ ён фатаграфаваў і потым раздаваў людзям фатаграфіі. І мяне здымаў. На жаль, ніводнага фота не захавалася, толькі яго асабістыя, якія ён дарыў родным з моднымі тады подпісамі «На доўгую памяць…». Памятаю, што на шыі ў яго амаль заўсёды вісеў фотаапарат у форме прызмы. Генрых быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, не памятаю толькі, за што менавіта. Гэтая грамата доўга ў нас захоўвалася, пазней я перадала яе ў музей Міхалішкаўскай школы.

Вядома ж, людзі пасмейваліся з незвычайнага, не такога, як усе, аднавяскоўца. Але і паважалі яго, бо Субаткевіча друкавалі не толькі ў раённай, але і ў цэнтральных газетах і часопісах – а гэта ў той час была сіла!

 – Адзінае: бабуля Схалястыка цяжка перажывала, што сын адмовіўся ад Бога: у хаце не было ніводнай іконы, толькі кніжкі і часопісы. Генрых быў актывістам, не ведаю толькі, камсамольцам ці камуністам. І, падобна, шчыра верыў у камуністычныя ідэалы.

Генрых Субаткевіч рана пайшоў з жыцця. Ён памёр 31 студзеня 1961 года ва ўзросце 31 года. Хварэў: спачатку страціў слых, а потым неяк паляжаў на сырой зямлі і захварэў на сухоты. Туберкулёз у той час амаль што не вылечвалі.

– У Гродзях былі свае могілкі, але маці вырашыла пахаваць сына ў Міхалішках – тут жылі пляменнікі, і жанчына спадзявалася, што будзе каму прыглядаць за магілай, калі яе не стане. Так і сталася: цяпер гэта наш клопат. Месца для пахавання выбраў мой бацька на высокім узгорку. Казаў бабулі Схалястыцы: «Падымеш галаву – і будзеш бачыць, дзе твой сын ляжыць». Хавалі яго незвычайна, з аркестрам – па тым часе сапраўдны цуд. Было шмат людзей, машын. Памятаю, тата мяне трымаў на плячах, а потым паставіў на плот, каб усё бачыла, – расказвае пра развітанне з Генрыхам Субаткевічам Ганна Мар’янаўна. 

Інтэлігентны, цікавы, таленавіты… Цяпер Генрых Субаткевіч для супрацоўнікаў рэдакцыі – не проста прозвішча пад артыкуламі з даўніх падшывак, а рэальны чалавек са сваім лёсам і характарам, з добрай, крыху сарамлівай усмешкай.

Дзякуй Ганне Субаткевіч за дапамогу!

Текст: Нина Рыбик