Што і чаму асвячаюць на Пасху, калі і як трэба разгаўляцца, з чым трэба ісці на могілкі на Радуніцу – на гэтыя і іншыя пытанні адказвае протаіерэй Георгій Савіцкі

11:30 / 04.05.2024


Вялікдзень, як і многія іншыя царкоўныя святы, якія каранямі сваімі сыходзяць у старажытныя часы, за гады свайго існавання абраслі традыцыямі, правіламі, павер’ямі і нават забабонамі. І заўсёды знойдзецца «знаток», які дакладна ведае, што і як трэба рабіць падчас падрыхтоўкі да свята, а што – не, як правільна, а як няправільна.

Расставіць кропкі над «і» мы папрасілі праваслаўнага святара, благачыннага Астравецкага благачыння айца Георгія Савіцкага. 

Пасха асацыіруецца перш за ўсё з фарбаваннем яек, выпяканнем кулічоў і асвячэннем іх у царкве. Скажыце: адкуль пайшла гэтая традыцыя? І чаму менавіта фарбаваныя яйкі і кулічы?

– Яйка – гэта сімвал жыцця, якое пра­біваецца скрозь цвёрдую мёртвую абалонку шкарлупіны – як распяты на крыжы Хрыстос паўстаў з каменнай грабніцы. Традыцыйна яйкі на Вялікдзень фарбуюць чырвоным, і гэта таксама мае асаблівае значэнне. Па-першае, гэты колер сімвалізуе кроў распятага Хрыста, па-другое, чырвань – сімвал жыцця, уваскрэсення. 

Па легендзе, звычай фарбаваць яйкі з’явіўся ў старажытнасці, калі Марыя Магдалена прыйшла да імператара Ціберыя і падала яму яйка са словамі «Хрыстос уваскрэс!». На што імператар адказаў, што толькі тады паверыць, што мёртвы ўваскрэс, калі яйка ў руках Марыі Магдалены стане чырвоным – і ў тое ж імгненне яно набыло колер крыві.

Як вядома са святога Пісання, пасля свайго ўваскрэсення Хрыстос з’явіўся сваім вучням – і ў памяць пра гэта яны, калі садзіліся за стол, пакідалі свабодным цэнтральнае месца і ставілі насупраць яго хлеб – так сам Іісус нябачна прысутнічаў за іх сумеснай трапезай. І сёння, калі мы садзімся за святочны велікодны стол і ставім у цэнтр яго асвечаны ў царкве куліч, то тым самым на цэнтральнае месца ставім Бога. 

Часта на Вялікдзень рыхтуюць пасху, якая робіцца з тварагу з рознымі смакавымі дабаўкамі ў форме ўсечанай піраміды, якая сімвалізуе Гроб Гасподзень – тую самую пячору, у якую паклалі Хрыста, калі знялі з крыжа.

– Калі зазірнуць у кошыкі вернікаў, з якімі яны прыходзяць у царкву на асвячэнне, то там, акрамя фарбаваных яек і кулічоў, чаго толькі ні ўбачыш: мяса, каўбасы, соль, вада, нават віно… Мая мама, да прыкладу, заўсёды, акрамя ўсяго іншага, асвячала хрэн, казала: калі з’есці яго асвечаны на Вялікдзень, то змяя не ўкусіць…

– Наконт хрэну і змяі – гэта, хутчэй за ўсё, тыя самыя забабоны, пра якія вы гаварылі вышэй. Але ніякай шкоды ад іх няма: хочаце, верыце – асвячайце і ўжывайце!

Нейкіх асаблівых правілаў не існуе: можна асвячаць усе скаромныя прадукты, якія нельга было ўжываць падчас Вялікага посту.

Хоць увогуле чытаюцца малітвы на асвячэнне мяса, яек, пасхі тварожнай – а значыць, і кулічоў.

Яшчэ хацелася б параіць не браць на асвячэнне шмат прадуктаў: усе яны павінны быць з’едзены падчас разгаўлення, бо выкідваць асвечанае нельга.

– А што рабіць з тым, што не можа быць з’едзена: шкарлупіннем ад яек, папяровымі формамі для кулічоў?

– У сваёй сям’і мы ўсё гэта адразу складваем у пакет, дзе збіраем адходы, прызначаныя для спальвання. Калі ў некага ёсць хатняя птушка, можна аддаць шкарлупінне ёй. Галоўнае – каб асвечанае ў храме не трапіла ў кантэйнер для смецця, прыбіральню ці ў іншыя непатрэбныя месцы. 

– Нехта асвячае яйкі і кулічы ў суботу, нехта лічыць, што гэта абавязкова трэба зрабіць на ўсяночнай. Як правільна?

– Раней велікодныя прысмакі асвячалі толькі пасля пасхальнай службы, якая заканчваецца ў нядзелю да ўзыходу сонца. Але ў людзей бываюць розныя ўважлівыя прычыны, па якіх яны не могуць прыйсці на ўсяночнае богаслужэнне: малыя дзеці, праб­лемы са здароўем… Таму цяпер асвячаем кулічы і яйкі і ў суботу пасля ранішняй літургіі. 

Ведаю, што многія, асвяціўшы скаромную ежу ў суботу, затым прыходзяць на ўсяночную службу. І гэта правільна! Гэта галоўнае богаслужэнне на працягу ўсяго года, і ў ім абавязкова трэба прыняць удзел! Без гэтага радасць Пасхі не такая адчувальная і ўсеабдымная.

– Ведаю, што некаторыя, асвяціўшы ў суботу яйкі і кулічы, лічаць, што свята ўжо наступіла і можна ісці разгаўляцца…

– А вось гэта няправільна. Пост доўжыцца да заканчэння пасхальнага ўсяночнага богаслужэння. І толькі пасля гэтага можна есці скаромную ежу і асвечаныя ў царкве прысмакі, нават калі асвяцілі іх у суботу.

– А як правільна разгаўляцца?

– Вярнуўшыся з пасхальнай службы, паставіць на стол асвечаную ежу, запаліць свечку – лепш тую, з якой яны і асвячаліся, праспяваць тройчы пасхальны трапар «Христос воскресе из мертвых, смертию смерть поправ и сущим во гробех живот даровав», перахрысціць стравы на стале і, павіншаваўшы блізкіх са святам, пачаць трапезу. Шмат, вядома, не з’ясі, асабліва калі перад гэтым захоўваў Вялікі пост, але галоўнае ж не колькасць, а радасць ад таго, што прычакалі вялікае свята, што Хрыстос уваскрэс і даў нам надзею на жыццё вечнае.

– Што рабіць чалавеку, які па нейкай прычыне не змог пабываць на свяце ў царкве, не здолеў памаліцца разам з іншымі вернікамі, асвяціць пасхальную трапезу?

– Асаблівае значэнне мае не толькі ўдзел у велікодных набажэнствах, хоць гэта, вядома, самае важнае, але і сама падрыхтоўка да свята, асабліва калі яна супольная. Калі ўсе члены сям’і разам прыбіраюць дом, фарбуюць яйкі, пякуць кулічы – гэта стварае асаблівы настрой. Памятаю, я, малы, перад Вялікаднём вяртаючыся са школы, за кіламетр чуў, што мама пячэ булкі. Такі водар лунаў над наваколлем! І разам з ім у душы пасялялася радасць і адчуванне хуткага свята.

Па статыстыцы, у сем’ях, дзе ўсе ра­зам рыхтуюцца да царкоўных святаў, удвая менш разводаў. Гэта зусім не тое, што разам пераклеіць шпалеры ці пасадзіць бульбу, – тут Святы Дух дапамагае! 

І нават калі ў вёсцы няма храма і не стае сіл ці магчымасцей дабрацца да царквы, на Пасху сядзьце разам за стол, пачытайце малітву, акрапіце трапезу святой вадой – і сустракайце Вялікдзень. 

– Часта даводзіцца чуць: калі не мінула года з часу, калі ў сям’і памёр блізкі родзіч, то яйкі на Пасху фарбаваць нельга, прынамсі, у чырвоны колер. А што пра гэта думае царква?

– Яйкі фарбаваць можна і трэба! Яйка – гэта сімвал жыцця, а Пасха – сімвал уваскрэсення. Калі нехта памёр, то гэта не азначае, што яго апусцілі ў зямлю – і ўсё, няма чалавека. Гэта тут, сярод нас, яго няма, але ж душа яго жывая, яна – у Бога. Для Бога няма памерлых – у Яго ўсе жывыя. І калі мы фарбуем яйкі на Пасху, то тым самым пацвярджаем нашу веру ва ўваскрэсенне не толькі Хрыста, але і нашых блізкіх, якіх ужо няма побач з намі. А як гаворыцца ў Бібліі ў першым пасланні Карынфянам, «если Христос не воскрес, то и проповедь наша тщетна, тщетна и вера ваша». І калі мы на Радуніцу прыходзім на могілкі і пяём «Христос воскресе из мертвых…», асвячаем магілы сваіх родных і блізкіх, то мы такім чынам і іх віншуем з Вялікаднём.

– Дарэчы, пра Радуніцу… Яе яшчэ называюць Пасхай памерлых. І часта людзі ўспрымаюць гэта літаральна: фарбуюць яйкі, пякуць кулічы, нясуць іх на могілкі…

– У тым, што фарбуюць яйкі і пякуць кулічы, няма нічога дрэннага. А вось несці іх на могілкі і пакідаць там каля крыжоў і помнікаў не варта. Усе ж разумеюць, што родныя і блізкія не падымуцца з магілы і не з’ядуць гэтыя пачастункі, іх душам матэрыяль­ная ежа ўжо не патрэбна, ім трэба ваша малітва. А з’ядуць гэтыя прысмакі альбо маргінальныя асобы, якія пасля падобных святаў любяць хадзіць па могілках у пошуку выпіўкі і закускі (некаторыя ж яшчэ і чарачку гарэлкі для нябожчыкаў маюць моду наліць), альбо жывёліны, якія потым могуць пакінуць на дарагой вам магіле прадукты сваёй жыццядзейнасці. Яно вам трэба?

– З чым тады трэба ісці на могілкі на Радуніцу? І як правільна павіншаваць душы памерлых з Вялікаднём?

– Прыбраць магілку напярэдадні свята ці, калі не атрымалася, у той самы дзень. Прынесці кветкі, лепш, вядома, жывыя, а не пластыкавыя букеты, ад якіх толькі шкода навакольнаму асяроддзю. Запаліць свечку. Ціхенька пастаяць ці пасядзець каля магілы, пагутарыць у думках са сваімі блізкімі. Памаліцца за іх. Калі ёсць магчымасць, асвяціць яе. 

Трэба памятаць, што могілкі – гэта святое месца, дзе некалі адбудзецца ўваскрэсенне памерлых, і паводзіць сябе там трэба належным чынам: спакойна, удумліва, не крычаць, гучна не размаўляць, не ўжываць алкаголь, не курыць…

– Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе многіх: што рабіць з крыжом, які стаяў на магіле памерлага, пасля таго, як устаноўлены помнік?

– Пасекчы і спаліць. Паўтаруся: асвечанае ні ў якім разе не павінна быць апаганена.

– Здараецца, што ў адной сям’і жывуць не толькі прадстаўнікі розных канфесій, але і веруючыя, і атэісты. Як у такіх сем’ях адзначаць святы?

– Мне здаецца, што Пасху любяць усе: і веруючыя, і няверуючыя. Для некага гэта маг­чымасць узрадавацца Уваскрэсенню Хрыстоваму, для іншага – схадзіць у госці ці самім прыняць іх, сустрэцца з роднымі і сяб­рамі. Нездарма гаворыцца, што Пасха – гэта «праздник праздников и торжество торжеств». 

У гэты дзень настрой заўсёды і ва ўсіх святочны. А наколькі велікодны – гэта ўжо залежыць ад таго, як хто правёў Вялікі пост, асабліва апошнюю Страсную сядміцу. Тут кожны дзень напоўнены асаблівым сэнсам, нездарма кожны з іх называецца вялікім: Вялікі панядзелак, аўторак, серада, чацвер… 

У Вялікую пятніцу, калі адбываецца вынас плашчаніцы, нягледзячы на ўвесь смутак і горыч гэтага дня, ужо адчуваецца лёгкі, амаль незаўважны подых свята: хутка, ужо хутка… 

Асаблівы настрой у Вялікую суботу, калі ў Іерусаліме ў храме Гроба Гасподняга сыходзіць Благадатны агонь – і людзі чакаюць гэты цуд як блаславенне. А затым – ўсяночнае богаслужэнне, хрэсны ход, калі сотні агеньчыкаў суцэльнай вогненнай ракой цякуць вакол храма, песнапенні, трохразовае вітанне святара «Хрыстос уваскрэс!» – і шматгалосы, адзіны ў радасным парыве адказ прыхаджан «Сапраўды ўваскрэс!». Мне вельмі шкада тых, хто ніколі ў жыцці не адчуў гэтай радасці, Божай благадаці, калі тваё сэрца, перапоўненае любоўю, адкрыта для ўсіх, яно гатова ўмясціць у сябе любоў кожнага – і аддаць яе ўсім.

Але я ўпэўнены, што нават самы перакананы атэіст аднойчы стане шчырым вернікам. Як і калі – гэта ўжо справа часу і пэўных абставін.



Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива АП