25 гадоў на дваіх: Ірына і Сяргей Цэйко адзначылі ў ЗАГСе сярэбранае вяселле
Святочная музыка, цёплыя пажаданні, абрад на ручніку, абмен пярсцёнкамі, пяшчотны пацалунак, прыгожы танец і двое, што не зводзілі адзін з аднаго закаханых вачэй. Усё было амаль як тады… Толькі прайшло 25 гадоў. У мінулую суботу ў Астравецкім ЗАГСе Ірына і Сяргей Цэйко адзначылі сярэбранае вяселле.
Сімвалічна, але перад цырымоніяй юбіляры сустрэліся з маладажонамі, што некалькі хвілін назад сказалі “так” адзін аднаму і стварылі новую сям’ю – Таццянай і Віталем Кевра. Пары абмяняліся віншаваннямі і пажаданнямі доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця.
– Самае галоўнае – цярпенне, павага і ўзаемная падтрымка, – расказалі сакрэт сумеснага жыцця Ірына і Сяргей Цэйко. – Калі вы будзеце слухаць і чуць адзін аднаго, саступаць і дапамагаць – усё атрымаецца. І, канешне ж, няхай у вашым хатнім ачагу ніколі не згасне агеньчык кахання.
Дваццаць пяць гадоў… Шчыра кажучы, гледзячы на абаяльных і элегантных нявесту і жаніха нават не верылася, што яны ўжо столькі гадоў разам крочаць па жыцці. Дарэчы, іх дарослыя сын і дачка ўжо таксама знайшлі свае палавінкі і стварылі сем’і.
Ці трэба казаць, што цырымонія была кранальнай. І немагчыма перадаць, што адчувалі ў гэты момант “маладыя”, іх родныя і сябры, якія прысутнічалі ў зале.
Ірына і Сяргей зноў сказалі адзін аднаму “так”, абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі, распісаліся ў Ганаровай юбілейнай кнізе ЗАГСа і запалілі сімвалічны ачаг. Галоўны спецыяліст Марыя Лаўрэцкая ўручыла ім юбілейнае пасведчанне і віншавальны ліст ад старшыні райвыканкама Сяргея Мядзвецкаса. Ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын сям’ю Цэйко сардэчна вітала і ўручыла падарунак Аксана Дзятко. Вядома ж, далучыліся да шматлікіх пажаданняў блізкія юбіляраў.
А пасля быў танец, якім немагчыма было не залюбавацца – трэба было бачыць, як без слоў размаўляюць вочы “маладажонаў”, як свецяцца шчасцем і пяшчотай. Застаецца толькі пажадаць, каб з такім жа настроем і пачуццямі юбіляры адзначылі і залатое вяселле.