На рэспубліканскім суботніку добраўпарадкоўвалі тэрыторыю ля вежы-альтанкі ў Варнянах

14:00 / 20.04.2024


Садзілі дрэвы, пракладвалі сцежкі з драўляных кругляшоў ля варнянскай вежы-альтанкі супрацоўнікі гімназіі №1, райвыканама і яго аддзелаў. Па традыцыі на гэтым аб’екце працаваў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Ігар Шалудзін.

– Лічу, што рэспубліканскі суботнік аб’яднаў людзей розных пакаленняў, прафесій па ўсёй Беларусі. Упэўнены, што ўсе працуюць з задавальненнем на карысць нашай краіны. Дарэчы, першыя крокі па добраўпарадкаванні вежы-альтанкі пачаліся менавіта з суботніка, нагадаў Ігар Шалудзін. – Сабраныя падчас суботніка сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месц баявой і воінскай славы. Варта памятаць, што мы знаходзімся на парозе знакавай і важнай для кожнага беларуса падзеі: 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі.


Варнянская вежа-альтанка – не толькі візітная картка аграгарадка, але і Астравецкага раёна. Некалькі гадоў назад гэты знакавы аб’ект перайшоў пад крыло гімназіі №1 і яе дырэктара, дэпутата раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў Алены Севасцьян, ураджэнкі Варнян. Дзякуючы перамозе ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, які зладзіла абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, і атрыманаму гранту літаральна на вачах папрыгажэла і непазнавальна змянілася тэрыторыя ля вежы: з’явіліся маладыя дрэўцы, кусты лаванды, лавачкі, сцяжынкі, металічная лесвіца і многае іншае… Зразумела, гэтага не было б без карпатлівай працы нашых землякоў.

На Астравеччыне ўжо склалася традыцыя праводзіць рэспубліканскія і раённыя суботнікі ў гэтым знакавым месцы.

– Работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі ля вежы-альтанкі па ініцыятыве гімназіі распачаліся два гады назад. Безмоўна, без каласальнай падтрымкі райвыканкама, Савета дэпутатаў нічога не было б,  расказала Алена Севасцьян. – За гэты час ачышчана тэрыторыя, пракладзены сцяжынкі, адбываецца разбіўка ўчастка, адрамантаваны мост, альтанка на вадзе. Вежа – помнік архітэктурнай спадчыны, яна патрабуе беражлівых далікатных адносін, таму мы прытрымліваемся ўсіх норм заканадаўства. Цяпер будынак не рэканструіруецца, у аноўным вядуцца работы на тэрыторыі ля яго. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што з задавальненнем прыходзяць сюды на праменад з дзецьмі і бачаць, як тут папрыгажэла. Думаю, што ў перспектыве гэта знакавае месца абавязкова стане кропкай прыцягнення для турыстаў. Тут будуць праходзіць тэатралізаваныя экскурсіі і адукацыйныя для школьнікаў. Каб нашы дзеці разумелі, што гісторыя побач, што мы адначасова яе захоўваем і ствараем, што сваім прыкладам паказваем, як трэба берагчы спадчыну і рабіць больш прыгожым родны край.


Дружная работа ля вежы-альтанкі кіпела з самай раніцы суботы: хтосьці падвозіў пясок, іншыя займаліся укладкай сцяжынкі з драўляных кругляшоў, хтосьці садзіў маладзенькія івы – словам, усе былі пры справе!



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич