Як вядуцца вясенне-палявыя работы ў КСУП “Гервяты”

17:00 / 20.04.2024


Самы вялікі ў раёне яравы клін у КСУП «Гервяты» – без малога 3 890 гектараў. Таму і папрацаваць аграрыям гэтай гаспадаркі вясной давя­дзецца больш за астатніх. Але работы яны не баяцца. Надвор’е для масавай сяўбы, дарэчы, як і для пробных выхадаў у поле, яны сустрэлі ў поўным узбраенні: з новымі пасяўным агрэгатам, кольчата-зубчатым катком, гноераскідвальнікамі… Пабывала ў розных кропках гэтай вялікай гаспадаркі, дзе вяліся асноўныя палявыя работы. Забягаючы наперад, зазначу, што развярнуліся гервятцы напоўніцу…

У КСУП «Гервяты», як і ў астатніх гаспадарках, структура пасяўных плошчаў распрацавана з улікам перспектывы выканання дзяржзаказу на збожжавыя і іншыя культуры, а таксама патрэбы жывёлагадоўлі. Па вялікім рахунку, менавіта яна прыносіць ільвіную долю прыбытку. Уласны зернефураж, травяністыя і бялковыя кармы – пра гэта дбаюць аграрыі КСУП «Гервяты», дзе ёсць адзіны ў раёне комплекс па гадоўлі і дарошчванні буйной рагатай жывёлы. 

Улічваючы тэндэнцыю апошніх гадоў, што азімыя даюць большы ўраджай за яравыя, у гаспадарцы з восені пасеялі, як і летась, 2 600 гектараў пшаніцы, жыта, трыцікале, ячменю. Плошчы пад апошнім пабольшалі ў параўнанні з 2022-м, гэта культура хутчэй даспявае, таму з яе ўборкі звычайна пачынаецца жніво. На абмалочанай і падрыхтаванай тэрыторыі можна сеяць рапс.

Яравы клін сёлета пабольшаў на 400 гектараў у параўнанні з мінулым годам. Структура збожжавай групы збольшага засталася той жа. На 45 гектараў паменшылася плошча вырошчвання цукровых буракоў (мінулы год быў далёка не ўрадлівым для гэтай культуры). Бульбу пасадзяць, як і летась, на 40 гектарах. 

У гаспадарцы робяць ухіл на кармавыя культуры, на якія прыходзіцца каля трэці сельгасугоддзяў. У чыстым выглядзе сёлета пасеяць гароху на 300 гектарах, летась было 190. Акрамя гэтага, тут адвядуць 350 гектараў пад кукурузу на зерне. У мінулым годзе былі ж такія плошчы, але з-за працяглай засухі і недахопу вільгаці для траў цеплалюбівіцу ўбіралі на сілас. 

Да слова, радуюць вока сака­ві­тасцю, вегетацыйнай разві­тасцю і азімыя збожжавыя і рапс, пад які з восені адвялі найбольш сярод гаспадарак раёна плошчаў – ажно тысячу гектараў. Такія аб’ёмы вырошчвання крыжакветкавага абумоўлены тым, што ўсё яго насенне перапрацоўваецца на ўласным цэху. 

Пункт першы:  Гудзенікі – сяўба

Бацькава навука

Дружным, а галоўнае – сямейным тандэмам на сяўбе шчыруюць сын і бацька Махонькі (фота на 1 стар.).
У дзень майго прыезду 80% ранніх збожжавых культур былі пасеяны. Прыгортвалі насенне ў гаспадарцы два вялікія сучасныя агрэгаты, адным з якіх – новым «Хоршам» у счэпцы з трактарам «Джон-Дзір» кіруе Андрэй.

 – Сеялку атрымаў мінулым летам. Восенню апрабаваў у полі – спраўна ідзе. У гэтага агрэгата некалькі пераваг у адрозненне ад іншых: па-першае, вялікі 8-метровы захоп; па-другое, дакладны высеў, які ўстанаўліваецца з дапамогай камп’ютарнай праграмы, – расказаў мужчына. – У поле выйшаў 18 сакавіка, але снег, а потым дождж крыху напачатку стрымалі тэмпы.

Нагналі! За дзень найбольш засяваю да 50 гектараў, праўда, ёсць участкі, куды яшчэ не ўлезці – мокра. 

Для сейбіта сёлетняя пасяўная – 18-я. У апошнія гады Андрэй Махонька прыгортвае насенне ў глебу, у былыя сезоны – араў яе і культываваў. 

Па ўсім бачна, што любоў да зямлі і тэхнікі Андрэю перадалася ад бацькі, які ўсё жыццё працуе ў гаспадарцы вадзіцелем. Тым больш што Фёдар Фёдаравіч з маленства браў з сабой сына ў калгасную машыну, а падчас яе рамонту прасіў падносіць дэталі, запчасткі і ключы.

 – Працаваць у пары з родным чалавекам прасцей і зручней: я падвожу і загружаю зерне, Андрэй  сее, – расказаў мужчына.

 Запытала ў бацькі з сынам, ці добры будзе сёлета ўраджай. 

 – А хто яго ведае, – задумліва адказаў Фёдар Фёдаравіч. 

 – Канешне, будзе! – аптымістычна зазначыў Андрэй.

Пункт другі і трэці: Дайлідкі – ворыва, укатка пасеваў

Араты з працы багаты

Літаральна на дарозе перахапіла аднаго з самых вопытных механізатараў КСУП «Гервяты» Эдуарда Мілейшу – тут сваю работу мужчына завяршыў і збіраўся пераязджаць на іншае поле. 


 – У мінулыя гады сеяў на агрэгаце «Амазонія». Два апошнія сезоны араю на трактары з плугам, захоп якога складае 3,40 мет­ра. Сёлета хоць і значна раней выйшлі ў поле ў адрозненне ад мінулага года, але працаваць цяжэй: шмат пераўвільготненых участкаў пасля дажджу. Але, думаю, калі такое цёплае і сонечнае надвор’е пастаіць некалькі дзён, сітуацыя зменіцца кардынальна, – упэўнены араты. 

Каток, але не лядовы

У некалькіх кіламетрах ад механічных майстэрань адшукалі яшчэ аднаго ўдзельніка вясенне-палявых работ – механізатара Віктара Мачэля, які на кольчата-зубчатым катку з 12,4-метровым (!) захопам «прасаваў» глебу.

Зазначу, што рабіць гэта ў яго атрымлівалася па-майстэрску. Акінуўшы вокам неабсяжнае поле, якое раскінулася сярод лясоў, відаць, больш чым на сто гектараў, давалася дзіву: раўнюткае, без каменьчыка і камячка. Уяўляю, якая будзе прыгажосць, калі ўзыдуць пасевы!
– Гэты агрэгат не толькі ўшчыльняе глебу, дзякуючы чаму лепш прарастае насенне, але і «прыпячатвае» камяні, што дазволіць зберагчы корманарыхтоўчую тэхніку, – патлумачыў Віктар Мачэль. – Гэта поле плошчай каля 140 гектараў пачаў апрацоўваць пазаўчора. Сёння скончу і пераеду на іншы ўчастак – у Тракелі. 
Дарэчы, у КСУП «Гервяты» закатваюць участкі з падсеянымі травамі, гарохам не першы год, але такой буйнакалібернай тэхнікай – упершыню.

Пункт чацвёрты: тракелі – унясенне ўгнаенняў

Арганіку раскідваюць без панікі

Гэтыя ўгнаенні, у адрозненне ад «мінералкі», можна лічыць бясплатнымі. У КСУП «Гервяты» іх актыўна вывозяць і ўносяць пад сяўбу больш позніх яравых культур. 

На раслінаводчым участку №2 адказнай за працэс прызначана памочнік брыгадзіра Алена Базюк. Малады спецыяліст хоць і працуе ў гаспадарцы другі год, але сумленна ставіцца да сваіх абавязкаў: сочыць за працэсам, паведамляе інжынеру, калі адбываецца паломка тэхнікі. 

Як і любая дзяўчына, яна не пазбаўлена адчування прыгожага, таму акрамя невялікага аповеду пра свае непасрэдныя абавязкі параіла мне звярнуць увагу на пасевы рапсу – шчыльныя, развітыя расліны радуюць вока агранома.

На ўчастку на новым раскідвальніку, які працуе ў счэпцы з трактарам МТЗ-1523, арганіку ўносіў Дзмітрый Рабкоўскі. 

 – У сярэднім за дзень уношу каля 260 тон, здараецца, што і 400. Раскідвальнік купілі сёлета, а вось «Беларус» далёка не новы, тым не менш не падводзіць мяне, – з усмешкай патлумачыў Дзмітрый. – Месяц працаваў афіцыянтам у кафэ, а калі шэф даведаўся, што маю правы, – даручыў тэхніку. Работа, канешне, не з лёгкіх, але зарплата значна большая!

 – І любую работу трэба выконваць з настроем! – дапоўніў напарніка Алег Астапавец, які пагрузчыкам «Маніту» нагружаў арганіку ў раскідвальнік.

P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, сяўба ранніх збожжавых культур у раёне завяршылася. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич