Пра этапы вызвалення Беларусі і ролю ў гэтым партызанскага руху расказвае гісторык Аліна Сянюць

18:00 / 04.04.2024


У пачатку лютага беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) перабазіраваўся з Масквы ў пасёлак Чонкі Гомельскай вобласці.

Вызваленне

У лютым 1944-га пачалася абарона Дняпроўска-Бугскага канала – баі партызан Брэсцкага і Пінскага аб’яд­нанняў з нямецкімі вайсковымі фармі­раваннямі, якім была пастаўлена задача ачысціць ад партызан прылеглыя да канала і шашы Лунінец-Брэст тэрыторыі, аднавіць паралізаванае суднаходства, прадухіліць ва ўмовах наступлення Чырвонай арміі дыверсіі на камунікацыях і стварыць абарончыя рубяжы на рэках Прыпяць і Стаход. Жорсткія баі працягваліся да канца сакавіка, што аказала адчувальную дапамогу часткам Чырвонай арміі, з якімі асноўныя сілы партызан злучыліся 31 сака­віка 1944 года.

У лютым рашэннем Стаўкі Вяр­хоў­нага Галоўнакамандавання ў выніку пераймена­вання Беларускага фронту ўтвораны 1-шы Беларускі фронт, які часткай сіл правёў Рага­чоўска-Жлобінскую аперацыю. 21 лютага савецкія войскі перайшлі ў наступ­ленне і за два дні прарвалі абарону праціўніка, фарсіравалі Днепр, перарэзалі чыгуначную лінію Магі­лёў-Рагачоў. 23 лютага падышлі да Рагачова і на наступны дзень штурмам вызвалілі яго, прасунуліся да ракі Друць, захапілі плацдармы на абодвух берагах Дняпра, падышлі да Жлобіна.

У вызваленні Рагачова ўдзель­нічалі 120-я стралковая дывізія (палкоўнік Я.Я. Фогель) 41-га стралковага корпуса, 169-я стралковая дывізія (палкоўнік У.А. Вяроўкін) 35-га стралковага корпуса, 40-я знішчальна-супрацьтанкавая артылерыйская брыгада (палкоўнік С.А. Нікіцін), 13-я зенітна-артылерыйская дывізія (палкоўнік У.М. Качубей), 2-гі штурмавы інжынерна-сапёрны батальён (палкоўнік М.П. Воранаў) 3-й арміі; частка сіл 2-й гвардзейскай штурмавой авіядывізіі (палкоўнік Г.І. Камароў), 282-я знішчальная авія­дывізія (палкоўнік Ю.М. Беркаль) 6-га авіякорпуса, 283-я знішчальная авіядывізія (палкоўнік С. М.Чырва) 1-га Беларускага фронту.

24 лютага 1944 года ў Маскве да­дзены артылерыйскі салют у гонар вызвалення Рагачова, а 26 лютага 13-ці злучэнням і часткам было прысвоена ганаровае званне «рагачоўскіх».

У выніку Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі савецкія войскі нанеслі вялікія страты праціўніку і стварылі спрыяльныя ўмовы для наступу на Бабруйскім накірунку.

Асобны лыжны батальён (5-я страл­ковая дывізія, 3-я армія, 1-шы Беларускі фронт) пад камандаваннем маёра Барыса Каваленкі 21-23 лютага здзейсніў дзёрзкі рэйд у варожы тыл і захапіў чыгуначную станцыю То­шчыца ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Савецкія байцы перарэзалі чыгунку Магілёў-Рагачоў, чым спрыялі наступу галоўных сіл 5-й Арлоўскай стралковай дывізіі. За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм у ліпені 1944 года маёру Каваленку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У пачатку сакавіка на Віцебскім напрамку нашы войскі вялі наступальныя баі, падчас якіх занялі больш за 30 населеных пунктаў, сярод якіх Баталі, Пекары, Скулавічы, Абухава, Цішкова, Вароны, Сялюты.

Героі Вялікай Перамогі

Аляксей Арсенцьевіч Томскі – удзельнік баёў за вызваленне Твярской і Смаленскай абласцей, а таксама Беларусі. 11 лютага 1944-га сіламі свайго ўзвода Аляксей Томскі выканаў адказнае заданне камандавання: пракраўся ў размяшчэнне ворага, узяў палоннага, які пацвердзіў намер гітлераўцаў адыходзіць з гэтага ўчастка фронту.

3 сакавіка аўтаматчыкі сяржанта Томскага пры прарыве абароны праціўніка на Віцебскім напрамку першымі атакавалі бліжэйшыя тры вышынныя дамы. У рукапашнай сутычцы ўзводны быў паранены, але не пакінуў пазіцыі і працягнуў бой. Калі фашысты пайшлі ў контратаку, паранены, ён на працягу дзвюх гадзін працягваў камандаваць боем. Асабіста знішчыў 18 гітлераўцаў. 

Калі скончыліся боепрыпасы, вёў агонь па ворагу з трафейнага кулямёта. Загінуў у гэтым баі ў рукапашнай сутычцы. Пахаваны ў вёсцы Войтава Віцебскай вобласці. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм сяржанту Аляксею Арсенцьевічу Томскаму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. 

Лагеры смерці

12 сакавіка 1944-га была створана і да 28 чэрвеня дзейнічала Рагачоўская ваенна-аператыўная група партызанскіх аб’яднанняў Клічаў­скага, Кіраўскага, Бярэзінскага, Крупскага раёнаў.

У 1944 годзе камандаванне вермахта шырока ўжывала практыку выкарыстання грамадзянскага насельніцтва ў якасці прыкрыцця на шляху наступлення савецкіх войскаў. У пачатку сакавіка 1944-га на фашысцкай тэрыторыі, у непасрэднай блізкасці ад лініі фронту, непадалёк ад вёсак Азарычы, Дзерць і Падасіннік акупанты стварылі тры лагеры смерці, куды пад выглядам эвакуацыі было дастаўлена больш за 50 тысяч чалавек з Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Гэтыя тры лагеры атрымалі назву Азарычскія лагеры смерці.

18-19 сакавіка войскі 65-й арміі (генерал-лейтэнант П.І. Батаў) 1-га Беларускага фронту вызвалілі з Азарычскіх лагераў 33 480 чалавек, з іх 15 960 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў, 13 072 жанчыны, 4 448 пажылых. Рэалізацыя генераламі вермахта бесчалавечных установак верхаводаў Трэцяга рэйха за некалькі дзён забрала толькі ў канц­лагеры «Азарычы» не менш за 20 тысяч чалавечых жыццяў.

Разгромныя баі

22 сакавіка 1944 года. Ішоў 1 005-ты дзень вайны... 

У гэты дзень адбыўся бой парты­занскіх брыгад імя Жукава (камандзір Р.Л. Васілевіч) і «Камсамолец» (Г.М. Панявін) па разгроме нямецка-фашысцкага гарнізона ў г.п. Мір (цяпер Карэліцкі раён), які ўвайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны пад назвай Мірскі бой. 

План знішчэння гарнізона (150 гітлераўцаў) быў распрацаваны камандаваннем брыгады імя Жукава, агульнае кіраўніцтва аперацыяй ажыццяўляў камандзір Стаўбцоўскага партызанскага злучэння В.З. Царук. Ведаючы пароль аховы гарнізона, пар­тызаны ў ноч на 22 сакавіка бесперашкодна праніклі ў цэнтр пасёлка, блакіравалі казарму, разграмілі ўсе ўстановы акупантаў. Байцы атрадаў імя Суворава і імя Ракасоўскага, якія знаходзіліся ў засадзе, знішчылі каля 2 км лініі тэлеграфна-тэлефоннай сувязі. На досвітку партызаны пакінулі пасёлак. 

У выніку бою знішчана 12 гітле­раў­цаў, захоплена некалькі аўта­машын, шмат харчавання і медыкаментаў. Адзін партызан быў паранены.

23 сакавіка ад­быўся бой парты­зан­скіх 277-га палка і 278-га атрада (камандзір У.М. Ана­ніч) па разгроме нямецка-фа­шыс­ц­кіх гарнізонаў у в. Пацава Сла­бада і Малінаўка Кіраўскага раё­на, які ўвай­шоў у гісторыю Вялі­кай Айчыннай вайны пад назвай Пацава­слабодскі бой. 

Партызанская разведка ўстанавіла, што ў гарнізон Пацава Слабада пры­быў на адпачынак гітлераўскі зеніт­ны батальён 4-й танкавай арміі, таму па ініцыятыве камандзіра Клічаў­скай ваенна-аператыўнай групы І.З. Ізоха (адначасова камандзір 277-га палка) і начальніка штаба М.Б. Баранава быў падрыхтаваны план па яго разгроме. 

Арганізаваўшы засаду, партызаны амаль адначасова атакавалі фа­шысцкія гарнізоны ў абедзвюх вёсках, падчас бою спалілі 35 аўта­машын, рамонтную майстэрню, шмат тэхнікі і жывой сілы праціўніка, захапілі 40 вінтовак, 3 кулямёты, вялікую колькасць боепрыпасаў, медыкаменты. Партызаны страцілі 4 чалавекі.

________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________

Падрыхтавала настаўнік гісторыі Варнянскай СШ Аліна СЯНЮЦЬ.