В Островце выбрали семью года

13:00 / 01.04.2024


Раённы этап рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года» прайшоў у Астраўцы. Ён быў незвычайна цёплы, утульны і эмацыянальны, хоць і дух спаборніцтва таксама адчуваўся.

Пачатак

Удзельнікамі стала 3 сям’і: Васільчыкі з Гервят, Пісарэнкі з Міхалішак і Афоніны з Астраўца.

– Я б кожнаму з вас даў 1-е месца – вы заслугоўваеце гэтага ўжо за смеласць выйсці на сцэну і спаборнічаць у конкурсе, – адзначыў, адкрываючы мерапрыемства, старшыня раённага Савета дэпутатаў і старшыня журы Генадзь Бычко. – У Беларусі шмат увагі надаецца пытанням сям’і. Важна, што ў календары нашых дзяржаўных свят ёсць Дзень сям’і, Дзень маці, нядаўна з’явіўся Дзень таты. Грамадства, у якім цэняць і паважаюць сям’ю і яе традыцыйны ўклад, развіваецца.  Цалкам падтрымліваю Прэзідэнта, які прапаноўвае праз пытанні дзяржаўнай палітыкі стымуляваць нараджальнасць і правільныя адносіны да сям’і.

Прэтэндэнтаў на тытул «Сям’я года» чакала 2 іспыты: візітная картка «Радавод» і прэзентацыя сацыяльна значнага праекта «Мая сям’я – мая краіна». І як яскрава пераадолелі іх канкурсанты,  кожны чымсьці сваім асобным захапіўшы гледачоў і журы. Падобнымі ўдзельнікі былі толькі тым, што ўсе яны дружныя, таленавітыя, актыўныя і крэатыўныя.

Васільчыкі

«Сям’я і бацькоўскі дом – пачатак усяго».

У гэты важны дзень яны выступалі без свайго капітана – тата-дальнабойшчык Валерый быў у рэйсе. Але ён падтрымаў сям’ю відэазваротам.

Галоўную ролю на сцэне выконвала маці Вікторыя ў вобразе анёла-ахоўніка, пад крылом якога хапае месца на мужа, дачок Марыю і Аляксандру, сына Дзмітрыя, а таксама маці Яніну і свякроў Людмілу.

Васільчыкі ведаюць гісторыю свайго роду да 6-га калена – ёй яны падзяліліся з гледачамі. У сямейным альбоме захоўваюць фотаздымкі (аднаму ўжо болей за 100 гадоў!) продкаў і нашчадкаў; з пакалення ў пакаленне перадаюць сведкі пра жыццё кожнага. Многія з роду Васільчыкаў працавалі ў сельскай гаспадарцы. Прыклад прадзядуль і прабабуль, дзядуль і бабуль, бацькоў стаў арыенцірам для дзяцей, якія ўжо зараз адпавядаюць ім  – пакуль, праўда, поспехамі па вучобе.  

У заканчэнні візіткі члены сям’і падзякавалі маме-анёлу-ахоўніку і падарылі ёй ружы.

Выконваючы другое заданне конкурсу, Васільчыкі з’явіліся на сцэне як каманда карабля, якая ідзе па курсе да светлых і квітнеючых сучаснасці і будучыні сям’і і краіны. Узняўшы ветразі сваіх дасягненняў і захапленняў, яны пазнаёмілі журы з асабістымі і агульнымі поспехамі і інтарэсамі, расказалі пра перамогу ў тэлепраекце «Гэта мая сям’я» канала «Беларусь 2» у 2023 годзе.

Пісарэнкі

«Сям’я – гэта тое, што дае смеласць рухацца наперад і ўпэўненасць у сваіх сілах».

На вялікай любові да Беларусі і аднаго з самых прыгожых куточкаў Астравеччыны – аграгарадка Міхалішкі, дзе жывуць ужо 6 гадоў, пабудавалі візітку ўраджэнцы Смаргоні Марына і Юрый. Сыноў Цімафея і Елісея яны імкнуцца выхоўваць такімі ж патрыётамі.

Пісарэнкі з павагай ставяцца да кожнага прадстаўніка свайго роду. Яны лічаць, што сям’я – гэта моцны камень, на якім сучаснае пакаленне будуе жыццё. Продкі для іх – спадчына, мудрасць, натхненне, прыклад, падтрымка, дарадцы, настаўнікі і сябры.

У імя сям’і Пісарэнкі гатовы на многае. Напрыклад, на гэтым конкурсе Марына ўпершыню спявала на сцэне.

У другім выпрабаванні зорная хвіліна настала і для Цімафея з Елісеем. Хлопчыкі артыстычна і з дзіцячай непасрэднасцю – чым асабліва кранулі сэрцы журы і гледачоў – прачыталі верш пра сям’ю.

А далей канкурсанты расказалі пра захапленне сумеснымі вандроўкамі па Беларусі, збіранне грыбоў, любімую справу мужчынскай часткі Пісарэнкаў – рыбалку, і, вядома, актыўную патрыятычную пазіцыю – яны не прапускаюць ніводнага дзяржаўнага свята. З сямей, лічаць Марына і Юрый, складаецца моц краіны, а значыць, у руках і сілах кожнага – зрабіць Беларусь яшчэ прыгажэйшай.

Афоніны

«Кожная маленькая перамога сям’і сёння – гэта веліч рода ў будучым».

Яны таксама абаранялі гонар сям’і не ў поўным складзе: сын Юліі і Паўла Назар у той дзень выступаў на спаборніцтвах у Гродне. Але хлопец падтрымаў бацькоў і малодшую сястру Дар’ю відэазваротам.

Ад легенды пра сямейны ачаг Афоніны перайшлі да гісторыі свайго роду: тата з маці расказвалі пра кожнага прадстаўніка, а дачушка вешала іх партрэты-яблычкі на дрэўца. Адметна, што ў сям’і ёсць дынастыя працаўнікоў лясной гаспадаркі. Сучаснае пакаленне Афоніных цэніць мудрасць, традыцыі і каштоўнасці, якія перадаліся ім ад папярэднікаў.

У сям’і не толькі памятаюць пра продкаў, але і стварылі асабісты герб: шчыт сімвалізуе надзейную ахову і апору, далонь у далоні – што толькі разам яны моцныя, колеры гавораць пра міласэрнасць і справядлівасць, адвагу і велікадушнасць, волю і росквіт; а яднае ўсё галоўнае багацце – любоў.

Таксама праз легенду аб сям’і прадставілі Афоніны другое заданне. З’яўленне малыша Паўла, сустрэча яго юнаком з дзяўчынай Юліяй, нараджэнне Назара і Дар’і, якія сталі гонарам таты і мамы, радуючы поспехамі ў школе і годнымі выступленнямі на спаборніцтвах і конкурсах. Разам яны – шчаслівая сям’я, сакрэт якой просты: у іх хаце суму няма.

Вынікі

Калі ўсё іспыты былі пройдзены, а балы падлічаны, сем’і-ўдзельнікі выйшлі на сцэну, каб атрымаць віншаванні і падарункі ад журы, у складзе якога, акрамя Генадзя Бычко, былі старшыня РА РГА «Белая Русь» Ірына Раткевіч, першы сакратар райкама ГА БРСМ Вольга Максімава, начальнік аддзела адукацыі Аксана Землякова і начальнік аддзела ЗАГС Аксана Дзятко.

Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана сям’я Пісарэнка, ІІ ступені – Афоніны, пераможцамі конкурсу сталі Васільчыкі, якія будуць абараняць гонар Астравеччыны на абласным этапе.

Слова пераможцам:

– Сакрэт поспеху ў тым, каб усё рабіць разам, сакрэт шчасця – у любові, сяброўстве, узаемаразуменні, дапамозе і падтрымцы.

Дзякуем за падрыхтоўку да конкурсу нашаму ідэйнаму натхняльніку Вользе Казакевіч, чыя сям’я стала пераможцам раённага этапу ў мінулым годзе, – мы карысталіся яе падказкамі і вопытам, і у нас усё атрымалася!

На вобласць дапрацуем сваю праграму. Спадзяёмся, што на капітан-тата таксама далучыцца да нас.









Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова