Знакомьтесь: директор районного центра культуры и народного творчества Ангелина Новосельская
19:00 / 15.03.2024
Сёлета спаўняецца 30 гадоў Асноўнаму Закону нашай краіны – Канстытуцыі, першай у гісторыі суверэннай дзяржавы. За гэты час вырасла цэлае пакаленне маладых, актыўных, амбіцыёзных, творчых, смелых і таленавітых людзей. Сёння гэта маладыя людзі, якія змаглі рэалізаваць сябе ў любімай справе, знайшлі хобі па душы. Яны ведаюць, чаго хочуць, як гэтага дасягнуць, і, як сапраўдныя патрыёты, ганарацца сваёй Радзімай…Пра равеснікаў Канстытуцыі чытайце ў нашым матэрыяле.
З настаўніка ў дырэктары
За плячыма ў Ангеліны вышэйшая педагагічная адукацыя і 6 гадоў працы настаўнікам біялогіі і хіміі ў Варнянскай сярэдняй школе, дзе калісьці вучылася сама. За гэты час яна выпусціла дзяцей, у якіх была класным кіраўніком, і следам за імі пакінула сцены навучальнай установы.
– Напэўна, маюць рацыю псіхолагі, калі кажуць раз у 5-7 гадоў мяняць месца працы, – усміхаючыся, адзначае суразмоўца. – Думкі пра гэта ўзнікалі даўно, але трымалі дзеці. Як я кіну свой клас? Таму вырашыла давесці іх да выпускнога, а ўжо пасля задумацца пра змену дзейнасці. Хоць, шчыра кажучы, да апошняга сумнявалася. Пакуль аднойчы, можна сказаць, нават выпадкова, мне не прапанавалі месца намесніка дырэктара раённага ЦКіНТ. І вось я тут.
Адукацыя і культура сферы розныя і ў нечым падобныя. Напрыклад, які класны кіраўнік не ладзіў для вучняў забаўляльныя конкурсы, канцэрты і іншыя мерапрыемствы?! Таму арганізатарскія і творчыя здольнасці ў Ангеліны былі, як, дарэчы, і вопыт выступлення на сцэне: у свой час яна скончыла музычную школу па класе акардэона і 6 гадоў хадзіла на харэаграфію. Аднак творчасць для намесніка дырэктара была другасным абавязкам, бо ў першую чаргу яна адказвала за работу з дакументамі.
– Заўсёды падабалася такая праца, – прызнаецца Ангеліна. – Таму і другая вышэйшая адукацыя ў мяне юрыдычная. Спачатку на новым месцы было складана: спатрэбіўся не адзін месяц, пакуль ва ўсё ўнікла і зразумела. Дзякуй калегам – да каго ні звярталася, дапамагалі. Паралельна з асноўнай дзейнасцю хутка і ў артысткі пераўвасобілася: прыйшла ў культуру ў верасні, а на Новы год ужо была Снежнай Каралевай. (Усміхаецца.) Першыя спектаклі вельмі перажывала, а пасля прывыкла. Калі трэба, у нас усе задзейнічаны ў творчым працэсе. А як інакш? Усе ў адным возе едзем – агульную справу робім.
Ангеліна прызнаецца, што ў культуры адчувае сябе камфортна і задаволена, што ўсё склалася менавіта так. Таму і прапанову стаць дырэктарам ЦКіНТ прыняла без ваганняў. Так, работы хапае, часам даводзіцца рабіць па 100 тэлефанаванняў у дзень і выходзіць на работу ў выхадны. Але ўбачыўшы добры вынік, яна зноў і зноў зараджаецца энергетыкай працаваць далей.
– Калі ж зусім стамляюся і патрэбна перазагрузка – еду да сябровак у сталіцу ці проста прагульваюся з сабакам або катаюся на веласіпедзе, – дзеліцца Ангеліна Навасельская. Яшчэ яна ўпэўнена, што не трэба баяцца спрабаваць штосьці новае, а каб дасягнуць поспеху, варта працаваць і хварэць сваёй справай.