Паглядзелі, як пасля рэканструкцыі працуе малочна-таварны комплекс “Кярняны”
Карэспандэнт «АП» зазірнуў на адзін з самых новых і сучасных жывёлагадоўчых аб’ектаў раёна – МТК «Кярняны», які запусціўся, праўда, не на ўсю магутнасць, напрыканцы мінулага года.
Побач з аднайменнай фермай з'явіліся два новыя кароўнікі, даільная зала, гіганцкія, у памер футбольнага поля, тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў. Аб’ём адной – 4 тысячы тон. Уся тэрыторыя заасфальтавана, як і ўчастак дарогі ад канца вёскі да аб’екта. Побач з памяшканнямі «вырасла» вялізная воданапорная вежа, сістэма кіравання якой знаходзіцца ў будынку прахадной.
– Кярнянскі дойны статак дапоўнілі каровамі з малочна-таварнай фермы «Кялёйці», дзе было прывязное ўтрыманне з лінейным даеннем. З памочнікам Тэрэзай Млынкоўскай, можна сказаць, днявалі і начавалі тут, як і астатнія работнікі. Было складана прывучыць жывёлу да дойкі, але ўсё атрымалася. Цяпер працуем пазменна праз дзень, толькі на справаздачы абедзьве выходзім на работу, – расказала начальнік МТК Анастасія Баер. – Пакуль няма заатэхніка-селекцыянера, закрываем гэты накірунак работы.
Паступова малочны гурт, які ў перспектыве плануюць павялічыць да 600-700 галоў, абнаўляецца за кошт высокаўдойных першацёлак. У апошнія месяцы ў «Кярнянах» было шмат ацёлаў. Адсюль і рост малака. Сярод «гудагайскіх» комплексаў найбольшую прыбаўку сярэднясутачнага надоя за студзень у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года атрымалі на МТК «Кярняны» (+ 310 кг).
– Мы яшчэ не выйшлі на запланаваную магутнасць, але ўжо ёсць станоўчыя вынікі. Ад каровы ў сярэднім за суткі доім 27,5 кілаграма. На перапрацоўку адправілі звыш 10 тысяч тон малака таварнасцю 91%, – працягвае гаспадыня кярнянскага комплексу. – Асноўны статак – 450 кароў – размяшчаецца ў двух новых жывёлагадоўчых памяшканнях. У першым кароўніку стаяць каля 305 галоў: першацёлкі, навацельныя каровы з лактацыяй да 90 дзён, высокаўдойныя. У другім – іншыя тэхналагічныя групы. Пры большай загрузцы іх скарэктуем. У памяшканнях старой фермы ўтрымліваюцца сухастойныя і хворыя каровы, цялушкі аднаўлення.
Вясной у «Кярнянах» завершаць будаўніцтва гаспадарчым спосабам прафілакторыя для 170 цялят, а таксама перакрыюць некаторыя жывёлагадоўчыя памяшканні. Ужо зроблены касметычны рамонт у цэху дарошчвання, усталяваны новыя кармушкі і паільная сістэма з падагрэвам вады.
– Напачатку хвалявалася, як адбудзецца зліццё двух калектываў, таму што большасць людзей перавялі з фермы «Кялёйці» ў «Кярняны». Дарэмнымі былі перажыванні: людзі знайшлі агульную мову, яны разумеюць, што робяць адну справу. Ад унёску кожнага залежыць вынік функцыянавання ўсяго нашага аб’екта, – расказала Анастасія. – У асноўнай зале працуе 5 аператараў машыннага даення, адзін з якіх – падменны: Ірына Аляхновіч, Тарэса Баер, Алена Якушчонак, Вольга Урбановіч і Дзмітрый Койра. У цэху раздоя – Алена Бразевіч, Вікторыя Грыгаровіч, Ірэна Юркойць. Апошнія даяркі таксама даглядаюць хворых на масціты і па гінекалагічнай лініі кароў, рагуль перад ацёлам. Яны ж днём дапамагаюць апошнім ацяліцца і выпойваюць малозівам у першую гадзіну пасля нараджэння цяля. Ноччу гэта робяць вартаўнікі. У нас свае ветурач і ветфельчар, тэхнік-асемянатар, цялятніцы, слесары, падганялы, «кармачы» (так называюць жывёлаводаў, якія падсуваюць на сталах сумесь. – Заўв. аўт.) – калектыў вялікі, але дружны.
У «Кярнянах» практыкуецца трохразовая дойка найбольш малочных кароў: першацёлак, навацельных і высокапрадуктыўных. Хворыя на мастыт, нецелі дояцца асобна ў іншай зале.
Устаноўка вытворчасці «Гео» разлічана на 32 галавы. Тэхналогія таксама перадавая: вымя ўручную апрацоўваецца толькі перад даеннем, пасля яго ўся працэдура аўтаматызаваная, прычым пасля кожнай каровы. Гэта крыху спрашчае работу даярак, а таксама станоўча ўплывае на якасць малака.
У дзень прыезду ў пары працавалі вопытны аператар машыннага даення Ірына Аляхновіч і малады, але, па ўсім бачна, перспектыўны Дзмітрый Койра.
Прынята лічыць, што даярства – выключная прэрагатыва жанчын. Але малады мужчына цалкам абвяргае гэты стэрэатып: назіраючы з камп’ютарнай за спрытнымі і зладжанымі рухамі рук Дзмітрыя проста дзіву давалася: так умела, а галоўнае – хутка ў яго атрымлівалася сцэджваць першы струмень, апрацоўваць вымя і прымацоўваць апарат. Пацікавілася ў працаўніка, у чым прафесійны сакрэт.
– Нічога звышнатуральнага тут няма, проста справа падабаецца. Можна сказаць, на ферме вырас. І бабуля, і маці былі даяркамі ў Рымдзюнах, – расказаў даяр. – Пэўны час працаваў на тамтэйшым малочна-таварным комплексе жывёлаводам. Купілі дом у аграгарадку Варняны, таму з КСУП «Гервяты» перайшоў у «Гудагай». Жонка заатэхнік-селекцыянер, цяпер у дэкрэтным адпачынку.
Яго напарніца Ірына Аляхновіч аператарам машыннага даення працуе звыш 20-ці гадоў. Па словах жанчыны, умовы, створаныя для работнікаў на комплексе, лепшыя, чым на ферме.
– Ёсць душавыя, пральныя машыны, пакой для прыёму ежы з усім неабходным. Больш таго, абеды прывозяць за сімвалічныя грошы з кафэ «Эдэм», – расказала перадавая даярка. – Розніца толькі ў тым, што раней у кожнай з нас была свая група. На комплексе, як гаворыцца, доім у адзін кацёл. Стараемся, хоць спачатку было нязвыкла.
Уся інфармацыя пра жывёлу – ад нараджэння да асноўных ветэрынарных маніпуляцый – уносіцца ў спецыяльную ідэнтыфікацыйную сістэму. Простымі словамі: у кожнай рагулі ёсць электронны пашпарт. Гэта ўніверсальная праграма напрамую звязана з селекцыйнымі варотамі, якія ўстаноўлены з двух бакоў перад уваходам у даільную залу.
– Такая сістэма сарціроўкі кароў зручная ў выкарыстанні. Тую рагулю, якой падаспеў аптымальны час для асемянення, яна не прапусціць на дойку, а перанакіруе да спецыяльнага станка, – патлумачыла Анастасія Баер. – Акрамя гэтага, камп’ютар выдае дні, калі трэба рабіць рэктальнае даследванне каровам і цялушкам аднаўлення.
Не толькі дойка і сістэма сартавання жывёлы ў «Кярнянах» механізаваны, але і кармленне. Як і на астатніх «гудагайскіх» комплексах, тут карыстаюцца камп’ютарнай праграмай «КОРМ», якая напрамую звязана з раздатчыкам. У праграме фіксуецца, колькі і чаго атрымала кожная група, – гэта дазваляе без цяжкасцей уносіць змяненні ў рацыён, а таксама адсочваюць яго на працягу месяца і больш.
У новых жывёлагадоўчых памяшканнях, дзе стаяць дойныя каровы, сучасныя лёжкі абсталяваны гумовымі дыванкамі.
– Акрамя гэтага, для падсцілкі выкарыстоўваем пілавінне. Зручна, эканомна, хапае на 10-14 дзён. Два разы на дзень лёжкі чысцяцца ўручную, потым трактар падсувае гной да накапляльніка, які па меры неабходнасці адкачваецца, – расказала Анастасія Баер.
Пацікавілася ў начальніка комплексу планамі на бліжэйшую будучыню.
– Задача нумар адзін – нарошчваць вытворчасць малака. Плануем гэта рабіць за кошт дакамплектацыі дойнага статка цялушкамі сваёй гадоўлі. Таксама ў аснове прадуктыўнасці жывёлы – тэхналогія догляду, збалансаваны кармавы стол. Фактараў шмат. Хоць цяпер ручную працу замянілі механізмы і камп’ютарныя тэхналогіі, у сельскай гаспадарцы, а тым больш у жывёлагадоўлі, шмат што залежыць ад чалавека, – падсумавала жанчына.
У тэмуНа МТК «Кярняны», як і на іншыя жывёлагадоўчыя аб’екты, у межах раённага семінара завіталі кіраўнікі гаспадарак, галоўныя заатэхнікі, ветурачы, эканамісты на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама Іванам Карнілам.
Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання падвялі вынікі работы раённай жывёлагадоўлі.
Па словах першага намесніка старшыні райсельгасхарчу Вольгі Умрыхінай, у валавай вытворчасці малака за студзень Астравецкі раён паказаў самы высокі тэмп росту вобласці да аналагічнага перыяду 2023 года: 118,3%. Сярод 17-ці раёнаў Гродзеншчыны мы трывала замацаваліся на 6-й пазіцыі па надоі ад каровы.
– Безумоўна, у розных сельгаспрадпрыемстваў розныя фінансавыя магчымасці для абнаўлення і мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы жывёлагадоўчых аб’ектаў. Тым не менш, у сярэднім па раёне за студзень амаль 80% малака адпраўлена на перапрацоўку гатункам экстра, яго таварнасць дасягнула без малога 93%, – расказала Вольга Умрыхіна.