Эрнест Сыс – слесар КСУП “Варняны”, які марыць стаць механізатарам
У апошні час шмат размоў вядзецца пра патрыятызм. Які, думаецца, большасць з нас ахарактарызуе простым і адначасова глыбокім выслоўем «любоў да Радзімы». Дбаць пра свой куток, захапляцца вясковымі краявідамі, паважліва ставіцца да старэйшых, не цурацца цяжкай працы – гэта далёка не ўсе яго праявы… Пасля знаёмства з маладым спецыялістам КСУП «Варняны» Эрнестам Сысам злавіла сябе на думцы: юнак з кагорты сапраўдных патрыётаў; і ў вёскі, і ў сельскай гаспадаркі, дзякуючы такім працавітым маладым рабочым кадрам, ёсць будучыня.
З Эрнестам сустрэліся на механічных майстэрнях. Зіма – самы час для падрыхтоўкі тэхнікі да вясенне-палявых работ. У вочы кінулася, што некалькі невялікіх трактараў айчыннай вытворчасці, кабіны якіх блішчаць свежай фарбай, цалкам гатовы да тэхагляду.
– Цяпер, напрыклад, рамантуем «Амкадор». Дапамагаў механізатару здымаць матор, – уводзіць у курс работы хлопец. – Я слесар. Калі ў каго з трактарыстаў нешта зламаецца, я тут як тут. Падабаецца корпацца ў тэхніцы. Напачатку, калі штосьці не ведаў, раіўся з бацькам, які ў нашай гаспадарцы механізатарам працуе, ці з дзядзькам – у машынах ён проста ас.
Не выпадае здзіўляцца любові юнака да тэхнікі, асабліва сельскагаспадарчай. Можна лічыць, што Эрнесту яна перадалася па крыві ад дзядулі і таты.
– Бацька з маленства браў мяне з сабой на поле. Калі нешта ламалася, я быў першым памочнікам, «паднясі-падай», а цяпер ужо і сам няблага разбіраюся, – з усмешкай працягвае малады чалавек. – Дакладна ўсвядоміў, што хачу стаць механізатарам у падлеткавым узросце. Памятаю, была касавіца. Бацька адзін у гаспадарцы працаваў на «Ягуары», а гэта, лічы, з раніцы да позняй ночы. Неяк упрасіў яго хоць некалькі разоў праехаць па полі. Пусціў за руль на некаторы час, але пад наглядам. Тады зразумеў, што гэта – маё.
Эрнест узгадаў расповеды светлай памяці дзядулі Мар’яна, які быў перадавым трактарыстам у адной з паспяховейшых гаспадарак таго часу – калгасе «Чырвоны Кастрычнік».
– Гэта цяпер сучасныя сельгасмашыны аснашчаны камп’ютарным кіраваннем, кандыцыянерам і іншым, – расказвае Эрнест. – Даўней нічога гэтага не было. Дзядуля расказваў, што аралі і днём, і ноччу. На плугах сядзеў чалавек, каб падымаць іх пры развароце, таму што трактар быў без гідраўлікі. А яшчэ – без кабіны. Дадому мужыкі вярталіся ўсе ў пыле, толькі вочы блішчэлі. Пазней дзядуля перасеў на гусенічны трактар.
У КСУП «Варняны» малады чалавек уладкаваўся пасля заканчэння Іўеўскага дзяржаўнага каледжа, на Дошцы гонару якога, дарэчы, да гэтага часу вісіць партрэт стараннага і адказнага хлопца.
– Летам, калі яшчэ вучыўся ў каледжы, два гады запар працаваў на зернесушыльным комплексе. Праз дзень заступалі мы на суткі ў парах – едзіў на веласіпедзе ў Варону. Няблага зарабіў. Аднаго разу нават памочнікам камбайнера на жніве працаваў – спадабалася, – узгадвае Эрнест. – Канешне, нашы «Варняны» не могуць параўнацца з «Гудагаем», але ўсё адно хачу працаваць у роднай гаспадарцы. Гэта мая ж зямля, мая вёска…
Пацікавілася ў маладога чалавека, пра што ён марыць.
– Вывучыцца на трактарыста. Некалькі разоў хадзіў у наш варнянскі цэнтр падрыхтоўкі, а там адказваюць, што няма набору. На днях таксама быў – павінны патэлефанаваць, як справа зварушыцца з месца, – юнак на хвіліну задумаўся, а потым працягнуў: – Хочацца самастойна на трактары працаваць, а не толькі рамантаваць іх.
Хочацца, каб мара гэтага простага вясковага хлопца ажыццявілася! Бо Эрнеста Сыса можна з упэўненасцю назваць сапраўдным патрыётам.