На астравецкі ўчастак №7 ідуць галасаваць з самага ранку
У адзіны дзень галасавання актыўна ідзе работа і на выбарчым участку №7, які размяшчаецца ў астравецкай СШ №3.
– Наш участак знаходзіцца ў самым маладым раёне горада, сярэдні ўзрост выбаршчыкаў – 35 гадоў, – расказала старшыня камісіі Людміла Сасноўская. – З радасцю канстатую высокую актыўнасць грамадзян. Сваю ролю ў гэтым адыграла вялікая асветніцка-інфармацыйная работа, праведзеная сярод насельніцтва. Людзі разумеюць важнасць палітычных падзей і неабходнасць удзельнічаць у іх. Шмат выбаршчыкаў прыходзяць выканаць свой грамадзянскі абавязак сем’ямі і прыемна назіраць, як яны тлумачаць дзецям, што такое выбары і для чаго яны сюды прыйшлі. Нямала ў нас і грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія галасуюць за дэпутатаў мясцовых Саветаў, – яны таксама актыўна ўдзельнічаюць у галасаванні, значыць, зацікаўленыя ў тым, як будзе праходзіць далейшае развіццё рэгіёна.
Астраўчанка Святлана Кунтуш з мужам завіталі на ўчастак з ранку.
– У выбарах удзельнічаю заўсёды, бо лічу неабходным выканаць свой грамадзянскі абавязак. Мы жывём у мірнай прыгожай краіне. Хочацца, каб наша Беларусь і далей развівалася, квітнела і ўсё было ў нас добра. Таму нельга ігнараваць такую важную палітычную падзею. Абраная форма – адзіны дзень галасавання – зручная для людзей. Да таго ж, гэта эканомія сродкаў. Пагэтаму ўсё зроблена граматна і правільна.