Праект “#Марафон Маленькіх Мар” перамог у рэспубліканскім конкурсе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны

12:00 / 17.02.2024


Праект астраўчан «#Марафон Маленькіх Мар» стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны «105 ідэй для развіцця галіны».

Кажуць, мары збываюцца – варта гэтага моцна захацець. Вось так моцна, шчыра і ад усяго сэрца захацелі разнастаіць і расквеціць жыццё мужчын і жанчын, якія жывуць у доме самастойнага сумеснага пражывання, дырэктар і спецыялісты астравецкага тэрытарыяльнага цэнтра. І ў іх атрымалася зрабіць гэтых людзей крыху шчаслівейшымі.

 – Калі прыязджала ў наш філіял у Падольцах, не магла зразумець, чаму ў яго пастаяльцаў такія сумныя вочы. У іх было ўсё, што трэба для жыцця: утульныя пакоі, добрае адзенне, смачная ежа… Побач з імі пастаянна знаходзіліся сацыяльныя работнікі, якія маглі аказаць любую дапамогу. Але чагосьці нашым бабулям і дзядулям не хапала, – расказвае дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Куцько. – І толькі тады, калі мы зразумелі, што гэта, вочы людзей змяніліся – яны напоўніліся жыццём і яго сэнсам.

А здарылася гэта тады, калі сюды прый­шла працаваць Дзіяна Аляксандрава. Дзяўчына стала весці ў доме сумеснага пражывання гурткі, наладжваць з пастаяль­цамі сувязь, размаўляць з імі пра іх мары і жаданні. Не адразу пажылыя людзі адгукнуліся на старанні Дзіяны, але з часам сталі адкрываць ёй сваё сэрца і душу. Тады і нарадзілася ідэя праекта «#Марафон Маленькіх Мар».
За час яго існавання да арга­нізатараў далучыліся дзя­сяткі валанцёраў, якія да­па­магалі ажыццявіць мары людзей «залатога ўзросту», што жывуць у Падольцах.

 – Мне падабаецца, што ў гэтым праекце індывідуальны падыход да кожнага чалавека. Так, ён пачаўся з ажыццяўлення простага жадання Валянціна Шапеля пабываць у лясніцтве, дзе ён адпрацаваў шмат гадоў. Потым былі іншыя добрыя справы, якія падарылі пажылым людзям радасць, шчасце і добры настрой, – расказвае Святлана Куцько. – Падрыхтавалі мы для нашых пастаяльцаў і сюрпрыз да Ражаства. Зноў жа з падтрымкай валанцёраў і працаўнікоў розных арганізацый здзейснілі іх самыя запаветныя пажаданні. І ў Ражаство ў 6 гадзін раніцы накіраваліся ў філіял, каб раскласці падарункі пад ёлачку і павіншаваць пажылых людзей са святам.

Свой вопыт астраўчане прэ­зентавалі на форумах і злётах вобласці і рэспублікі. Пачулі словы падтрымкі і адабрэння ад мініст­ра працы і сацабароны Ірыны Касцевіч. А нядаўна прыляцела яшчэ адна добрая навіна: праект «#Марафон Маленькіх Мар» прызнаны лепшым у рэспубліканскім конкурсе ў намінацыі «Горящие сердца».

 – Гэта агульная перамога. Сёння людзі самі знаходзяць нас і прапаноўваюць супрацоўніцтва, каб ажыццявіць чыюсьці мару. А гэта значыць, што праекту жыць! – упэўнена дырэктар тэрытарыяльнага цэнт­ра. – І вельмі хочацца, каб ён прыжыўся і ў іншых рэгіёнах нашай краіны!




Текст: Елена Ярошевич
Фото: з архіва тэрытарыяльнага цэнтра