Первый представитель Островетчины на Олимпиаде Александр Ляхович: о спорте, достижениях и силе духа

14:27 / 03.02.2024


Напярэдадні дня сустрэчы выпускнікоў карэспандэнт «АП» некаторым з іх задаў 5 пытанняў аб галоўным:
Кім марылі быць і кім сталі?
Якім вы былі вучнем? 
Як вы лічыце, хто або што дало вам стартавую пляцоўку і паўплывала на ваша станаўленне?
Якія са сваіх дасягненняў у прафесіі лічыце самымі важнымі і чаго б яшчэ хацелася дасягнуць?
Што пажадаеце выпускнікам, асабліва тым, хто знаходзіцца на раздарожжы?

Аляксандр Ляховіч, майстар спорту міжна­род­нага класа па спар­тыў­най хадзьбе, першы ураджэнец Астравеччыны – удзельнік Алімпійскіх гульняў, прызёр Кубку Еўропы, неаднаразовы пераможца чэмпіянатаў Беларусі і іншых першынстваў нацыянальнага значэння.

У школе наш класны кіраўнік, настаўнік англійскай мовы Вольга  Іосіфаўна Сянюць задала на дом сачынне якраз на гэтую тэму. (Усміхаецца.) Спорт, як і ўвогуле фізічная актыўнасць, мяне прываблівалі заўсёды, але я чамусьці ў той час марыў быць баскетбалістам. З-за росту кар’ера ў гэтым відзе мне не свяціла. Тым не менш, я стаў спартсменам. Можна лічыць, што мара дзяцінства здзейснілася!

У школе я быў самым звычайным вучнем з сярэднім балам каля 6,5-7. Шмат трэні­ра­ваўся, удзельнічаў у мерапрыемствах: з аднакласнікамі спявалі песні, ставілі сцэнкі на многіх урачыстасцях. 

У школе была секцыя па лёгкай атлетыцы, таму мой выбар на яе карысць відавочны. Першы трэнер Андрэй Уладзіслававіч Блаш­кевіч быў матываваным, максімальна аддаваў свае веды, не шкадаваў часу, сродкаў. Цяпер думаю: калі б у Варнянскай школе былі заняткі па барацьбе ці мастацкай гімнастыцы, невядома, як склалася б мая кар’ера. Аднаго жадання стаць спартсменам, як і пра­фесіяналам у любой сферы, недастаткова. Гэта вялікая праца над сабой, часам праз боль і праз «не магу». 

У Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву паступіў з марай трапіць на Алімпійскія гульні. У гэтых знакавых для любога спарт­смена спаборніцтвах удзельнічаў двойчы. З важ­ных узнагарод – бронзавы медаль Кубку Еўропы ў камандным заліку. Адным з паказальных, у першую чаргу для сябе, лічу сваё выступленне ў Лондане – прыклад маіх трываласці і цярплівасці. Фінішаваў 21-м. У нас на старт выходзяць і па 60, і па 120 чалавек – і залатая сярэдзіна гэта таксама класна. 

Самае галоўнае – гэта вашы імкненне і дакладнае ўсведамленне, чаго вы хочаце. Нікога не слухайце, не бойцеся няўдач – зай­майцеся любімай справай насуперак усяму. У такім здавалася б адначасова складаным і простым паняцці «шчасце», на мой погляд, некалькі складнікаў. Адзін з іх – любімая справа. Таксама клапаціцеся пра фізічную форму, здароўе, таму што ваш арганізм – самы вялікі рэсурс, дадзены прыродай. Рухайцеся наперад! Нават калі з першай спробы не атрымаецца скарыць задуманую вяршыню – гэта не канец свету. Памятайце, што самаразвівацца і ўдасканальвацца можна ўсё жыццё. Як і вучыцца! 



Текст:
Фото: из архива героя