Главный редактор «Березинской панорамы» Юлия Букель: о любимом учителе, победах и планах
12:30 / 03.02.2024
Кім марылі быць і кім сталі?
Якім вы былі вучнем?
Як вы лічыце, хто або што дало вам стартавую пляцоўку і паўплывала на ваша станаўленне?
Якія са сваіх дасягненняў у прафесіі лічыце самымі важнымі і чаго б яшчэ хацелася дасягнуць?
Што пажадаеце выпускнікам, асабліва тым, хто знаходзіцца на раздарожжы?
Юлія Букель – галоўны рэдактар раённай газеты «Бярэзінская панарама». Пераможца конкурсу «Малады лідар Міншчыны» і іншых творчых конкурсаў сярод журналістаў, партрэт занесены на раённую Дошку гонару па выніках 2022 года, адзначана Падзякай Бярэзінскага райвыканкама.
З 5-га класа хацела быць настаўніцай. Рускую мову і літаратуру ў нас выкладала Марыя Карлаўна Васілёнак – Прафесіянал і Чалавек з вялікай літары. Яна бязмежна любіла сваю справу і нас, дзяцей. Мне хацелася быць падобнай да любімага педагога. Менавіта Марыя Карлаўна заўважыла маю цягу да слова і параіла ісці ў журналісты. За тую падказку я ёй ўдзячна і сёння. З 9 класа мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення: пісала артыкулы пра школьнае жыццё ў «Астравецкую праўду» і іншыя газеты. Конкурс у Інстытут журналістыкі БДУ ў тыя гады быў высокім. Мне, выпускніцы вясковай школы, было страшна. Але дзякуючы трывалым ведам паступіла на бюджэт.
Ніколі не была супервучаніцай. У мяне цалкам гуманітарны склад розуму, таму заўсёды цяжка даваліся алгебра, геаметрыя, хімія. На ўласным прыкладзе ўпэўнілася, што неабавязкова быць медалістам, каб паступіць у вну.
Думаю, адзінкі ведаюць з дзяцінства, кім хочуць быць. Паўтаруся, бязмежна ўдзячна Марыі Карлаўне, якая разгледзела талент і дапамагла выбраць прафесійны шлях. Ва ўсіх пачынаннях мяне падтрымлівалі бацькі, яны вучылі ставіць мэты і настойліва да іх ісці, пераадольваючы цяжкасці, якія сустракаюцца на любой дарозе. І цяпер тата, хоць нас раздзяляюць дзясяткі кіламетраў, – галоўны дарадца.
У «Бярэзінскую панараму» трапіла па размеркаванні. Праз некалькі гадоў – мне было 26 – узначаліла газету. На той час я была самым маладым рэдактарам у Мінскай вобласці. Самыя важныя дасягненні ў прафесіі – гэта перамогі нашага калектыву. З апошняга – ІІІ месца ў абласным конкурсе сярод СМІ Міншчыны на лепшую падачу інфармацыі ў інтэрнэце. Сайт газеты стаў лаўрэатам інтэрнэт-прэміі «ТИБО». Нам, журналістам, прафесія дае цудоўную магчымасць дапамагаць людзям вырашаць пытанні. Калі ў мяне гэта атрымліваецца зрабіць, я шчаслівая.
З асабістых дасягненняў – перамога на конкурсе маладых лідараў Міншчыны. Таксама ўзначальваю Маладзёжны парламент пры Бярэзінскім раённым Савеце дэпутатаў, з’яўляюся членам Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. У планах на бліжэйшы час – дастойна прайсці электаральную кампанію. Мару паступіць у Акадэмію кіравання, каб яшчэ з большай аддачай працаваць на карысць Радзімы. Ну і, вядома ж, пра «Залатую Літару» для нашай газеты!
Мой дэвіз: пад ляжачы камень вада не цячэ. У жыцці нічога не даецца проста, трэба шмат працаваць. Жадаю будучым выпускнікам, якія вызначыліся з прафесіяй, не марнаваць час, а вучыцца, чытаць тэматычную літаратуру, запісвацца на дадатковыя заняткі, праходзіць рэпетыцыйнае тэсціраванне. Зараз столькі магчымасцей для самаадукацыі – было б толькі жаданне! А тым юнакам і дзяўчатам, якія не ведаюць, куды паступаць, раю прыслухацца да сябе. Абірайце прафесію па душы. Не бойцеся, працуйце, марце – і ўсё атрымаецца!