“Рэха Астраўца” далучылася да акцыі “Ад усёй душы”

17:05 / 16.01.2024


Адным з завяршаючых акордаў рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы” на Астравеччыне стаў візіт самых актыўных удзельнікаў ансамбля народнай песні “Рэха Астраўца” цэнтра культуры і народнай творчасці ў Падольцы да жыхароў дома сумеснага пражывання.

Калядныя і навагоднія святы – самы час для добрых спраў і падарункаў – упэўнены артысты. Кампанію звонкагалосым “рэхаўцам” напярэдадні Старога Новага года склалі Дзед Мароз, Снягурка, Гаспадыня і цыганачка Яначка – вясёлым гуртам з песнямі, жартамі, прадказаннямі і прысмакамі яны завіталі ў Падольцы.


– Мы прыехалі не з пустымі рукамі. Кожнаму з 22 пастаяльцаў сабралі прадуктовы набор, а для дома сумеснага пражывання набылі мыюча-дэзінфіцыруючыя сродкі, гігіенічныя прыналежнасці і іншыя патрэбныя ў побыце рэчы. Прыемна, што да нас далучыліся выхаванцы, бацькі і калектыў Палушскага дзіцячага сада – ясляў, падзялілася ўдзельніца “Рэха Астраўца” Тарэса Мароз. – За кубачкам гарбаты за сталом, які ламіўся ад слодычаў і іншых прысмакаў, сабралася шмат людзей. Планавалі правесці невялікія майстар-класы па танцах, але, улічваючы, што ў некаторых жанчын і мужчын асаблівасці са здароўем, праграму скарэктавалі па ходзе. Мяркуючы па апладысментах, якіх не шкадавалі пастаяльцы дома сумеснага пражывання, ім спадабаліся нашы песні, жарты і прадказанні цыганкі. Але асаблівы ажыятаж сярод бабуль і дзядуль выклікала гульня “Угадай мелодыю”, якую правёў Аляксандр Комар. За правільны адказ удзельнікі атрымлівалі абаранак, а хто назбіраў іх найбольш – прыз. Упэўнена, што мы змаглі хоць на некалькі гадзін зрабіць больш шчаслівымі пастаяльцаў дома сумеснага пражывання. У межах акцыі таксама праведалі былую ўдзельніцу нашага калектыву Ірэну Мечыславаўну Трыдуль, якая зусім не змянілася з нашай апошняй сустрэчы. У цёплай сяброўскай атмасферы ўзгадалі паездкі і выступленні нашага калектыву і рэпетыцыі.













Текст:
Фото: з архіва Тарэсы Мароз