Осень 1944-го Полина Янушкевич из Савишек запомнила на всю жизнь

09:30 / 31.10.2023


Многім жыхарам Астравеччыны павесткі на фронт сталі прыходзіць у 1944 го­дзе – пасля вызвалення нашых зямель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ішлі ваяваць усе: і маладыя, і сталыя; і халасцякі, і сямейныя; і адзіныя кармільцы, і шматдзетныя бацькі.


Галасіла веска

 «Як жа мы галасілі! 

 Уся вёска плакала, выпраўляючы на вайну мужчын!.. Крычалі крыкам!» – 
восень 1944 года Паліна Янушкевіч з вёскі Савішкі запомніла на ўсё жыццё.

 У Паўліны і Міхаіла Янушкевічаў бы­ло пяцёра дзяцей: 3 дзяўчынкі і 2 хлопчыкі. Адну з дачушак назвалі ў гонар маці, аднаго з сыноў – як бацьку. Мена­­віта малодшаму Міхаілу і выпала аба­раняць Радзіму ад ворага. 

 – Бабуля з дзядулем жылі ў Савішках. Зямлі няшмат мелі – усяго паўвалокі, з яе і жылі, ды на пана хадзілі працаваць у Рызгоры. На заробкі ездзілі ажно ў Латвію, там у 1901 годзе татка мой на свет і з’явіўся, – расказвае Паліна Міхайлаўна. – Бацька непісьменны быў – не было калі ў школу хадзіць. Ён толькі распісацца мог – гэта я яго навучыла некалькі літар выводзіць – такі подпіс і ставіў.

 Да вайны Міхаіл Янушкевіч адслужыў у арміі. І сустрэў сваю нарачоную Гэлену Наркевіч – хлопец запрыкмеціў яе падчас работы на адным з хутароў.

 – Яны пазнаёміліся ў Падзюжы, дзе бацька працаваў на будоўлі хаты. А па-суседску засценак Ліпнішкі стаяў – там маміны бацькі зямлю бралі, дык тата прыходзіў ёй дапамагаць снапы насіць, – усміхаецца жанчына. – Дзядуля яго ўпадабаў, а вось нявеста якраз і не вельмі ўзрадавалася кавалеру – яна марыла ў Амерыку паехаць. Але бабуля не дазволіла, маўляў, паедзе далёка – ці збачацца калі. Так за тату і пайшла. Дзед мой, яе бацька, казаў: «Рука ў мазалі – будзеш жыць!» Гэта значыць, працавіты (тата быў добрым будаўніком), за ім будзе добра. Я ў іх нарадзілася ў 33-м…



 Пасля вяселля Гэлена з мужам пераехалі жыць да яго бацькоў у Савішкі.

Свірскі райваенкамат, Маладзечанскі пры­зыўны пункт, 3-я запасная стралковая дывізія – і нарэшце дзеючая армія: адстойваць свабоду Радзімы і народа чырвонаармейцу Янушкевічу давялося ў складзе 608-га стралковага палка 146-й стралковай Астроўскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі.

 – У 41 год тату забралі – у лістападзе 1944-га. Фуфайку яму справілі новую – я хадзіла купляць, – узгадвае дачка ветэрана. – Падлеткам была, таму добра помню, як тату праводзілі… Сямёра іх у тую пару пайшло. Антука Равана забралі, Стафука Ёдзіка, Ігнася Янушкевіча, стрыечнага брата майго мужа Антона Янушкевіча – ён прапаў на вайне, Лёню Янушкевіча і Зэню Рудзінскага – яны таксама не вярнуліся. Вой як Зэнькава маці гаравала: па гумне хадзіла і галасіла па сыне…

 Каб Бог ад пагібелі ўратаваў, у патаемны кішэньчык Міхаіл паклаў абразік – з ім з вайны і вярнуўся.

 – Атрымаў кантузію і раненне ў шыю, а выжыў! Праўда, балела яму ўсё жыццё, – удакладняе Паліна Янушкевіч.

 Як, сведчаць дакументы, раненне ў галаву і нагу наш зямляк атрымаў 20 сакавіка 1945 года.




 – Бацька казаў, што ўсю Польшчу прайшоў – аж да сталіцы Нямеччыны. Меў медалі «За ўзяцце Берліна», ордэн Айчыннай вайны і шмат іншых – усе пайшлі разам з ім, як хавалі, у зямельку. Ён імі даражыў, – паказвае ўзнагароду ветэрана яго дачка. – На памяць пра тату толькі адзін пакінула – «За адвагу». Гэты медаль ён атрымаў за заданне прывесці «языка». Тады ішлі баі за Берлін. Іх выправілі групай у тры чалавекі. І немцаў аказалася трое ў памяшканні. Татка першым увайшоў туды. Заданне выканалі паспяхова. 



Як сведчыць запіс  з загада аб узнагароджанні медалём, стралка стралковага батальёна Янушкевіча, 
адзначылі не толькі «за языка», а за тое, што ён 
«в период боёв за город Берлин <…> показал себя достойным защитником Родины и в боях личной храбростью увлекал других бойцов вперёд на уничтожение врага».

Часта ў расповедах пра ваенныя часы Міхаіл Міхайлавіч расказваў родным пра Георгія Жукава.

 – Усё узгадваў, як добра прамаўляў ён да салдат, – і кожны раз бацькавы вочы вільгатнелі, – дадае жанчына. – Гаварыў і пра Одар, як фарсіравалі. Жудасна, казаў, вада чырвоная ад крыві была. 

Адправіўшы мужа на фронт, Гэлена з дачушкай у свекрыві не затрымалася. 

 – З бабуляй у мамы адносіны напружаныя былі – давялося пакінуць хату. Жылі ў Ройсцішках: мама – у сястры сваёй, а я – у мамінага брата. Там і татку спатыкалі, – дзеліцца Паліна Міхайлаўна. – Восень 1945-га стаяла. Ён ад Пабрадзе цягніком прыехаў. Калі прыйшоў у засценак, мы якраз на дварэ былі і не здагадваліся, якая радасная неспа­дзянка нас чакала! Ажно бачым: ідзе па дарозе ў шынялі – і як даліся яму насустрач! А за намі родзічы следам. Слёз было! Мы ж не ведалі, ці жывы. Усялякія думкі круціліся! Па шчырасці, надзея маленькая цеплілася, што выжыве. І лістоў ён не адпраўляў – адзін толькі за ўвесь час атрымалі, і той не яго рукой пісаны. 

 – Як татка вярнуўся, ад родзічаў мы з’ехалі, пастаяннага жытла не было – па кутах хадзілі, потым жылі ў Савішках у пакінутай хаце. Пакуль не пабудавалі ўласны дом. Пасля вайны ў мяне і брацік, Вальдусь, нарадзіўся, але памёр у паўгода. Так адзіным дзіцям я ў бацькоў і засталася, – працягвае вяскоўка. – Цяжка даводзілася нам. Голадна. Лубін варылі, ён такі горкі – а есці ж хочацца. 
Міхаіл зарабляў хлеб будоўляй і сталяркай, Гэлена – прадзеннем. 

 – Уявіце сабе: у Рытані тата паставіў дом усяго за 5 пудоў жыта. Лічы задарма! Маці спрадзе кудзелю – бульбы дадуць ці чаго іншага з ежы, – расказвае пра пасляваеннае жыццё дачка ветэрана. – Калі арганізавалі калгас, бацькі пайшлі туды. Мама на палявых была, а тата не доўга працаваў – не ведаю, што здарылася, але прывезлі яго ледзь жывога з поля. Каб капейку зарабіць, адзін час бацька на вярбоўку ажно ў Томск ездзіў. 

 – Бедна жылі. Помню, надумала бацьку падсабіць: пайшла касіць, ды зламала касу, вой татка тады злаваўся, бо не было за што новую купіць, – узгадвае жанчына. – Пакуль па кутах жылі, гаспадаркі сваёй не мелі. А як у сваю хату перайшлі, мамкі брат карову купіў нам – чалавек быў харошы. А тады трохі пабагацелі, трымалі і авечак…
***
– Далікатнай душы чалавек тата быў: спакойны, голасу не павышаў ніколі ці каб з кім сварыцца – а ні! І трэба было б адказаць на лаянку, а ў яго ці сляза пацячэ, ці развернецца – ды ходу, каб сваркі не ўчыняць. Што вайна з ім зрабіла… – дзеліцца ўспамінамі пра бацьку Паліна Міхайлаўна. – Напярэдадні 9 Мая ён ужо рыхтаваў свой касцюм да выхаду. І абавязкова гальштук – любіў іх насіць. А як надыходзіў Дзень Перамогі, апранаў свой зялёны кіцель (спецыяльна яго купіў!) з медалямі, штаны-галіфэ, боты – усё гэта, каб выглядаць па-ваеннаму, і выходзіў да веснічак – чакаў, калі аўтобус прыедзе, які ветэранаў на канцэрт сабіраў. Музыкант едзе, спяваючы «Порахам прапах…», сцягі развяваюцца – татка свеціцца ад шчасця, што так ушаноўваюць. І ўсё суседцы, калі яна заводзіла размову пра ўзнагароды, казаў, што яны каштоўныя – іх заслужыць трэба было!



 – Тата памёр у 11 гадзін вечара. У аўторак. 11 красавіка 1995 года. Праз год пасля мамуські… – дадае жанчына, трапятліва беручы бацькавы медаль.

Текст:
Фото: Рита Дремо