«Ни гвоздя, ни жезла» желали работникам автопарка в профессиональный праздник
Ні цвіка, ні жазла жадалі на ўрачыстасці ў шматфункцыянальным комплексе лепшым працаўнікам аўтамабільнага парка №4.
Дзень аўтамабіліста і дарожніка – прафесійнае свята не толькі вадзіцеляў, рамотных і інжынерна-тэхнічных работнікаў, кіраўнікоў аўтатранспартных прадпрыемстваў, але і ўсіх, хто працуе ў гэтай галіне.
– Транспартная галіна – крывяносная сістэма ўсёй эканомікі нашага раёна. Вы паспяхова спраўляецеся з пастаўленымі задачамі. Актыўна ўдзельнічалі ў будаўніцтве стратэгічнага аб’екта краіны – атамнай электрастанцыі, перавозячы грузы і работнікаў. Транспарціруючы сельскагаспадарчую прадукцыю, вы забяспечваеце харчовую бяспеку нашай краіны. Асабліва адзначу, што дзякуючы вам выконваюцца сацыяльныя стандарты: вяскоўцы могуць трапіць у райцэнтр, каб вырашыць пытанні, – сказаў намеснік старшыні райвыканкама Павел Мілешка. – Ад імя раённага выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў віншую з прафесійным святам. Жадаю добрых дарог, каб не падводзіла тэхніка, а сям’я была заўсёды надзейным тылам.
За шматгадовую сумленную працу, значны уклад у развіццё аўтамабільнага парка, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыва Падзячнымі лістамі раённага Савета дэпутатаў і старшыні райвыканкама адзначылі вадзіцеляў Генрыха Масцяніцу, Аляксандра Бледнага, Івана Часнойця, слесара па рамонце аўтамабіляў Дзмітрыя Міхневіча.
Ад кіраўніцтва аўтапарка №4 выступіў галоўны інжынер Міхаіл Шанчук:
– Дзень аўтамабіліста і дарожніка – свята тых, хто звязаў жыццё з дарогай, гулам матора і пахам бензіна. Ад зладжанай і безаварыйнай работы нашых працаўнікоў залежыць функцыянаванне многіх галін жыццядзейнасці. Радуе, што свой ўнёсак дзеля дабрабыту краіны, вобласці і раёна ўносяць і работнікі нашай арганізацыі. Словы ўдзячнасці адрасую і ветэранам, і работнікам аўтапарка за адданасць прафесіі і сумленную працу.
Вадзіцелі Павел Фалевіч, Віталь Шыць, Альфрэд Марцулевіч, Андрэй Сільвановіч, Анатоль Саковіч, Марк Мілаш, Мікалай Млынскі, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў Сяргей Тарашкевіч і кладаўшчык Вольга Шанчук атрымалі Падзякі, а вадзіцель Аляксандр Анісенка – нагрудны знак Міністэрства транспарту і камунікацый “За работу без аварый” 2 ступені.
Старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірына Раткевіч узнагародзіла аператара электронна-вылічальных машын Алену Саўко.
Традыцыйных “Ні цвіка, ні жазла!” пажадаў прысутным старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Бразінскі, з рук якога Падзякі атрымалі намеснік начальніка аддзела бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Марыя Самкіна і аператар электронна-вылічальных машын Алена Саўко.
Старшыня пярвічнай арганізацыі аўтапарка №4 Алена Вараб’ёва падзякавала за актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці калектыва электрагазазваршчыку Дзмітрыю Авіжэню і кладаўшчыку Вользе Шанчук.
Музычныя падарункі ад лепшых артыстаў Астравеччыны сталі прыемным дадаткам да свята.
ЛІЧБА
У аўтапарку №4 за 9 месяцаў гэтага года перавезлі звыш 80 тысяч тон грузаў, 770 тысяч чалавек, адрамантавалі транспарту больш чым на 350 тысяч рублёў.