Больш за 25 гадоў аддала пошце Вольга Пярко

13:00 / 08.10.2023


У сем гадзін раніцы ў цішыні пакуль яшчэ пустых кабінетаў пачынаецца працоўны дзень начальніка паштовага аддзялення №1 паштовай сувязі г.Астраўца Вольгі Пярко. Кожную новую раніцу яна першая пераступае парог свайго аддзялення, адчыняе дзверы калегам – і з задавальненнем назірае, як яе пошта ажывае…

Быць, як мама…

Усё жыццё адпрацавала на пошце маці Вольгі Мікалаеўны Эўлялія Станіславаўна Ступенька. Дачка часта бывала ў яе ў Падольскім аддзяленні. Дзяўчыне падабалася матчына прафесія, таму пасля заканчэння школы яна таксама вырашыла стаць паштальёнам.

У 17 гадоў Вольга ўжо працавала – была падменным паштальёнам “на раёне” на час адпачынку аператараў сельскіх паштовых аддзяленняў.

–Спіс абавязкаў тады быў меншым, -- узгадвае жанчына. – Аднак людзі нашмат больш газет і часопісаў выпісвалі, больш пасылак адпраўлялі і пераводаў. У той час і радыёкропка была на нас: тады Белпошта і Белтэлекам былі “два ў адным”. Да слова, паштальёнаў у Падольскім аддзяленні працавала ажно пяцёра.

“Раённы” паштальён

Працаваць адно, але хацелася атрымаць прафесію. І дзяўчына паспрабавала паступіць у Віцебскі каледж сувязі – не атрымалася. Пашанцавала ёй з другога разу.

Пасля атрымання дыплома Вольга вярнулася ў родныя Падольцы, уладкавалася паштальёнам.

– Гэта ўжо былі пераломныя 2000-я гады, тыражы газет рэзка знізіліся, – успамінае астраўчанка. – Таму сумка паштальёна была пад’ёмнай – і гэта важна, таму што хадзіць па вёсках даводзілася шмат. Дарэчы, у мяне на ўчастку, тэрыторыя якога больш 30-ці кіламетраў, была жанчына, якая жыла ў Каранятах і выпісвала “Савецкую Беларусію”. Ёй газету насіла кожны дзень і пры любым надвор’і – іншага варыянту яна не прымала.

Калі пешшу, калі на веласіпедзе – так тыдзень за тыднем праходзілі працоўныя будні маладой паштальёнкі...

Астравец. Кар’ера

У Падольцах Вольга выйшла замуж і нарадзіла трох дачок. Даволі хутка шматдзетная сям’я Пярко атрымала кватэру ў Астраўцы.

Тут, нават не задумваючыся пра іншую сферу, Вольга Мікалаеўна зноў прыйшла на пошту. Пачынала ў кіёску на Валадарскага, час ад часу даючы адпачынак начальніку паштовага аддзялення на Ленінскай і яго намесніку.

А потым ёй прапанавалі пасаду намесніка. Калі начальнік аддзялення пайшоў на заслужаны адпачынак, – і начальніка. Магазін і кіёск, сектар па аблугоўванні карпаратыўных кліентаў і зона для кліентаў, прыём пошты і работа паштальёнаў, апрацоўка пераводаў і пенсій – усё патрабуе ўвагі Вольгі Мікалаеўны. І на ўсё гэта ў яе хапае часу.

Сямейная справа

Калі Вольга была ў адпачынку па доглядзе першай дачкі, паштальёнам замест яе працаваў муж. Потым вырашыў пашукаць сябе ў іншых сферах: быў ў прыватнага прадпрымальніка і на атамнай электрастанцыі. А аднойчы Перкі задумаліся: будоўля “атамнай” хутка закончыцца, а працаваць трэба. Таму, калі ў Астраўцы вызвалілася месца вадзіцеля-паштальёна Валерый Казіміравіч перайшоў сюды.

– Разам нам і спарней, і спакайней, – усміхаецца Вольга Мікалаеўна.

Па першым часе мужчыне было складана – пакуль не вывучыў дарогі раёна і вуліцы Астраўца. Да таго ж адзін развозіў пенсіі па сельскіх населеных пунктах і горадзе. Цяпер жа ён не проста прывык – спадабалася. А галоўнае – Валерыя Казіміравіча з нецярпеннем чакаюць. І гэта зразумела: у ветлівага, адказнага вадзіцеля-паштальёна заўсёды парадак – і ў таварах “пад заказ”, і ў пісьмах, і ў перыёдыцы. Да слова, цяпер ён мае магчымасць выпісваць газеты нават “па картачцы”!

Маналог пра прафесію

– Ніколі не пагаджуся з меркаваннем, што ў прафесіі паштальёна няма будучыні. Ёсць і будзе! Нашымі паслугамі карыстаюцца не толькі людзі сталага і пажылога ўзростаў. У аддзяленне шмат прыходзіць і маладых.

Магчыма, менш стала падпіскі на перыёдыку, паштоўкі таксама не настолькі папулярныя, як раней. Аднак пасылкі насельніцтва актыўна перасылае. І тавары ў нашых гандлёвых кропках запатрабаваны. Пошта зробіць усё, каб задаволіць попыт людзей. Нам гэта важна.

Бліц-апытанне

– Не страшна было падмяняць вопытных калег у 17 гадоў?

Падабалася працаваць з людзьмі – гэта ўсё перакрывала. Задавальненне адчуваць, што ты змог выканаць просьбу чалавека, дапамагчы парадай або проста выслухаць – бабулек, якім гэта патрэбна, на вёсцы шмат. Астатняе прыходзіла з вопытам.

– Ёсць меркаванне, што паштальён павінен быць крыху псіхолагам. Згодны?

– Безумоўна. Калі да цябе звяртаюцца, каб расказаць пра набалелае, дапамагчы вырашыць праблему, без гэтага ніяк. Прыносіш пенсію, а табе “Прысядзь, дзеткі, пасядзі, пагаворым…” І ты не можаш, не маеш маральнага права сказаць, што ў цябе яшчэ цэлы спіс, дзе таксама чакаюць…

– Дзе працаваць прасцей: на вёсцы або ў горадзе?

– У вёсцы – там ведаеш кожнага чалавека: чым займаецца, цікавіцца і што выпісвае. Таму можаш падказаць, што цікавага для яго з’явілася ў нашых паслугах.

– Што вам больш падабаецца: гартаць папяровыя старонкі газет або стужкі навін у сацсетках?

– Люблю чытаць “па старынцы”. І заўсёды выпісваю раённую газету – менавіта так лепш успрымаю мясцовыя навіны. (Смяецца.)

– Не хацелася змяніць работу?

– Не, страшна: новыя абавязкі, невядомы калектыў… А тут усё зразумела, звыкла, спакойна. Да таго ж усюды трэба працаваць, дык чаму б не там, дзе табе падабаецца?

…Кожны вечар а сёмай гадзіне начальнік паштовага аддзялення №1 Астраўца зачыняе ўваходныя дзверы і націскае трывожную кнопку – усё, што планавалася на дзень, зроблена. А заўтра – новая раніца, і Вольга Мікалаеўна з задавальненнем будзе назіраць, як пераступаюць парог калегі і першыя кліенты. Назіраць з задавальненнем – таму што вельмі любіць сваю работу. Вось ужо 25 гадоў.

___________________________________________________________

 Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст:
Фото: фото автора