Леокадия Харкевич из деревни Заборцы о себе и своей деревне
Пра сябе і сваю вёску расказала Леакадзія Вікенцьеўна.
(Стыль і асаблівасці мовы гераіні захаваны.)
ПРАСЦЯКІ
– Нарадзілася я на гэтых землях яшчэ пры Польшчы – тут Віленскае ваяводства было. Раскажу, і як за польскім (часам. – Заўв. аўт.) жылі, і як Саветы прыйшлі. Ужо 93 гады маю, а памяць добрая: усё чыста помню і цяпер нічога не забываюся.
Я роду Часнойцяў, тату звалі Вінцэнты, а маці Юзэфай. Усяго нас у бацькоў сямёра: 3 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі, я апошняя – ну і, глянь ты, выгадаваліся ўсе. Бацька мой ваяваў у Першую сусветную. Памёр ён рана, мне тады сем гадоў было.
Пры Польшчы бацькі мае мелі зямлю, але няшмат: баба з дзедам на двух сыноў паўвалокі раздзялілі – атрымалася па чвяртаку, гэта была надзяловая (з надзелу. – Заўв. аўт.). На работы да пана хадзілі – за гэта ён плаціў.
Ад мамы чула, што наша вёска з’явілася, калі надзелы тут пачалі раздаваць. Раней жа ад нашай вёскі да двара (панскай сядзібы. – Заўв. аўт.) стаяла некалькі хат – месца называлася Пазборцы, землі пана Котвіча, які жыў у вёсцы Палестыне, а канцылярыю трымаў у Вільні. А тады дамы перанеслі на цяперашняе месца – і назвалі вёску Заборцамі, яна была невялікая: ад Валодзькавых і роўна Камісаравых. А як стаў калхоз, Медзянішкі зышлі ў нашы надзелы, засцянкі (хутары. – Заўв. аўт.) з’ехаліся – хат і пабольшала...
У касцёл заборцаўскія заўсёды хадзілі ў найбліжэйшыя да нас Міхалішкі. Людзей так шмат збіралася, што часам укленчыць немагчыма было. У лаўках ніхто не сядзеў, бо іх амаль не было. І стары, і малы – усе стаялі, толькі паны сядзелі. Калі дзіця прынясуць, то, каб у ногі яно не стыла – хустку матка плясь (кіне. – Заўв. аўт.) на падлогу – і сядзіць на праўдзівым (голым. – Заўв. аўт.) цыманце (цэменце. – Заўв. аўт.). Даўней хто там абувацца меў – босыя хадзілі…
У хаце ў нас, як цяпер і я, па-просту размаўлялі. Гэта ў Варнянах, Загазі, Газе, Кямелішках, куды мы некалі хадзілі на фэст, заўсягды на польскай казалі. А нашы Заборцы, Каценавічы, Падваранцы, Маркуні – гэта былі прасцякі.
За польскім часам я 1 клас скончыла – вучылі нас у хаце ў Каценавічах; польская навучыцелька, сталая такая баба, была. А як вытарабанілі паноў (прыйшла савецкая ўлада. – Заўв. аўт.), хадзіла ў двор – і зноўку ў 1 клас, вучыў нас чалавек па прозвішчы Рылькоў. Так я навучылася разумець і чытаць па-польску і па-руску.
КАЛГАСНІКІ
– Скажу так: як прыйшлі салдаты рускія (Чырвоная армія. – Заўв. аўт.), яны нам нічога не мяшалі.
А пасля напалі немцы… Вой як бамбілі яны Міхалішкі! Касцёл пашкодзілі! І паўз нашую вёску ляцелі бомбы, але, дзякаваць Богу, тады нікога не зацапіла! Праўда, людзей у тыя часы перамёрла. Вось і ў мяне браты ваявалі – аднаго ў Польшчы вайна забіла.
Ужо дзеўкай была, як зноў вучыцца хадзіла – курсы ў Заборцах (у Тоськавай хаце) вёў настаўнік. Але якая там навука – дзецюкі мы ўжо былі. Сабяруцца дзеўкі з хлопцамі – шчыпаюцца, дусяцца. Ды і працы ў хаце хапала – першай справай яе трэба было парабіць. (Смяецца.) А настаўнік усё па хатах хадзіў, угаворваў, каб да навукі ішлі.
Калі прыйшлі Саветы, зямля надзяловая, што ад пана была, спярша нам засталася, а пасля вайны зачалі запісваць людзей у калхозы. Як спужаліся людзі, што трэба туды пісацца, крык узнялі, хаты пазапёрлі, паляцелі ў смаляніцу (роў. – Заўв. аўт.), сядзяць усе чыста… А потым прыйшлі самі падпісвацца. Першы падпісаўся ў калхоз Бернюкевіч, ён быў самы стары ў вёсцы. А тады за ім шнюрком і астатнія пацягнуліся.
Жыта, што было пасеяна, жалі і малацілі – і ўсё дабро (зерне. – Заўв. аўт.) у адну кучу. Коней, хамуты, вупраж, колы, сані – таксама туды. Трэба куды, ішлі пытацца ў брыгадзіра, каб каня ўзяць, – як жывёла не занятая, давалі. А вось карову нам аставілі!
Хто там што казаць будзе, але не жылося лягчэй пры Польшчы. Канешне, каторыя багацейшыя, тому і лепей было, а каторыя -- зямлі мала, дзяцей многа – і кідаліся па баках: да жыдоў на заробкі хадзілі, яны харашо плацілі; грыбы збіралі…
Мама ў калгасе працавала, і я туды следам пайшла. Давалі паўкілаграма дабра, бульбы кілаграм – за трудадзень. Лён рвалі рукамі – рукі пухлі ад мазалёў. Тады мялі ў лазнях, трапалі – стараліся як мага больш нахапаць, каб больш кіляў (кілаграмаў. – Заўв. аўт.) напрацаваць, бо за яго добра атрымлівалі, нават грошы ў якасці надбаўкі давалі… Жыта сярпамі жалі. На трудадзень трэба было 17 сотак выжаць, а сцябло грубое, цяжка працаваць, але ж была маладой, моцнай – хацелася гэты трудадзень атрымаць. Было так: не выпрацуеш норму – няма трудадня. Во як!
Усё хадзілі ў калхоз рабіць! Муж мой спярша быў прадседацелем заборцаўскага калхоза, потым заведуюшчым на свінарніку, брыгадзірам. А я і паляводам працавала, і даяркай – даіла выбракаваныя каровы, з напарніцай па 10 збаноў малака надойвалі – і ўсё чыста рукамі! Не тое што цяпер машынамі!
Хоць за работу ў калхозе натурай плацілі, але грошы вяскоўцы ўмелі зарабіць, хто не гультай, вядома ж: што з гаспадаркі, яйкі тыя ж, прадавалі. Я дзеўкай надта ў баравікі хадзіла, па 20 кіль сушаных прадавала. Раслі грыбы непадобна!
Як там ні было б, а, бач ты, жылі мы: і вяселлі рабілі, і ўсё спраўлялі, і кросны ткалі, каб пасаг мець; і спявалі кожны вечар васола (весела. – Заўв. аўт.), і на танцы хадзілі…
Пакуль калхоз фармаваўся (станавіўся на ногі. – Заўв. аўт.), цяжка людзям прыходзілася. А тады прайшло часу, усё ўсталявалася: зачалі (пачалі. – Заўв. аўт.) болей плаціць, яшчэ пазней – і грашамі.
А як пра цяперашні час ужо няма чаго і казаць – добра жыць! Усяго чыста ёсць! І пенсія добрая! Работа ў калгасе – не параўнаць з нашай: машыны дапамагаюць чалавеку.
У Заборцах я была – тут і засталася. А вось за савецкім часам тры вобласці “змяніла”: была мая вёска ў складзе Вілейскай, тады тут Маладэчанская стала, а пасля ў Гродзенскую “перакінулі”. Але каб дакумэнты новыя выпраўляць (рабіць. – Заўв. аўт.) з-за гэтага, то нам не даводзілася, – пашпартоў жа тады не мелі. У сельсавеце, можа, якія пазнакі і рабілі ў пасялковых кнігах… А як на пенсію пайшла, то з паперамі дзялоў не мела, як некаторыя, што ездзілі ў Маладэчна ў архівы дакументы выбіраць, – мне ў Астраўцы ўсё пазнаходзілі.
Для даведкі
У 1922 годзе вёска Заборцы стала населеным пунктам Польшчы – гэта было Віленскае ваяводства.
У 1939-м – зямля ўвайшла ў склад БССР. З 1940 года Заборцы адносіліся да Вілейскай вобласці, у 1944-м вёска стала часткай Маладзечанскай і толькі ў студзені 1960-га – Гродзенскай, да якой быў далучаны Астравецкі раён.
Рыта ДРЭМА, фота аўтара.