Пра свае думкі і адчуванні пасля наведвання Дома-музея Івана Мележа расказвае Ніна Рыбік

18:06 / 03.09.2023

Да свайго сораму, я, ураджэнка Хойнікшчыны, на чый светапогляд і адносіны да беларускай літаратуры асаблівы ўплыў зрабіў слынны зямляк Іван Мележ, у яго Доме-музеі была толькі двойчы.

Першы – у 1996 годзе, калі вялікая група беларускіх літаратараў, творы якіх увайшлі ў зборнік “Прайсці праз зону”, адправілася ў вандроўку па Гомельшчыне, у тым ліку і па Хойнікшчыне. Мяне ўключылі ў яе склад як аўтара апавядання “Эвакуацыя” – першага і на той час адзінага майго твора.

Паездка была настолькі насычанай на падзеі і ўражанні, што, па праўдзе кажучы, зя нават прызабыла, што мы наведвалі ў тым ліку і музей Мележа. І была здзіўлена, калі падчас нядаўняга жнівеньскага спаткання з Мележам гаспадыня музея паказала аўтографы знакамітых людзей у кнізе водгукаў, а наша юная спадарожніца побач з прозвішчамі класікаў беларускай літаратуры разгледзела і мой подпіс, на той час няўпэўненай у сабе “зеляпухі”, якая ўсю дарогу знізу ўверх паглядала на знакамітых спадарожнікаў і лавіла кожнае іх слова…

І потым неаднойчы збіралася заехаць у музей Мележа – Глінішчы ж на шляху з Мазыра да Хойнікаў, ды нешта перашкаджала. На гэты раз усё “зраслося”. І…

…Даўно заўважана, што поспех любой экскурсіі найперш залежыць ад экскурсавода. Былая настаўніца, а цяпер гаспадыня музея Любоў Іванаўна Рубан настолькі апантаны і ўлюбёны ў Глінішчы і Мележа чалавек, што можа расказваць бясконца пра самога Івана Паўлавіча, пра яго малую радзіму, сям’ю, кнігі, пра палешукоў – герояў яго твораў… На жаль, часу бракавала – усё ж наперадзе было яшчэ 500 кіламетраў зваротнага шляху. Але яна і ў адну гадзіну пастаралася ўціснуць як мага больш інфармацыі.

І я зразумела, як ні сорамна ў гэтым прызнавацца, што дрэнна ведаю свайго любімага беларускага пісьменніка, які адкрыў мне непаўторную прыгажосць, сакавітасць, вобразнасць роднай мовы.

Для мяне, напрыклад, стала адкрыццём, што галоўным сваім творам Іван Мележ лічыў не знакамітую трылогію “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань” (дарэчы, ў чарнавіках, якія ўвайшлі ў збор твораў Мележа, ёсць накіды працягу гісторыі Ганны, Васіля, Яўхіма – як шкада, што лёс не даў пісьменніку ўвасобіць іх у творы), а раман “Мінскі напрамак”. І папраўляў яго аўтар да апошняга дня жыцця. Падзеі апісаны там з амаль дакументальнай дакладнасцю, таму іх удзельнікі, вызваліцелі Беларусі, прыходзілі да пісьменніка, каб расказаць, што на самой справе усё было не зусім так, як у кнізе. У музеі захоўваецца экзэмпляр ”Мінскага напрамка”, дзе рукой Мележа ўнесены праўкі: нешта выкраслена, нешта дапісана ці перапісана. Як жа адказна адносіўся ён да сваіх твораў і да думкі чытачоў!

А вось тое, як Мележ любіў землякоў-палешукоў і асабліва глінішчанцаў, добра ведаю. Падчас маёй работы ў хойніцкай “раёнцы” пляменніца пісьменіка Лілія Краўчанка расказвала, што любімай песняй у Івана Паўлавіча была “Шумяць вербы каля грэблі… ” ды іншыя, што пяяла яго маці.

Пра гэтую любоў, якая не толькі ў песнях і кнігах, але і ў справах, сведчыць тое, што сярэднюю школу ў Глінішчах пабудавалі дзякуючы настойлівым зваротам у высокія інстанцыі на той час ужо знакамітага земляка, лаўрэата Ленінскай прэміі. А да таго на больш чым 600 глінішчанскіх дзяцей была адна пачатковая школка. Сам Мележ 10 класаў заканчваў у Хойніках – ад райцэнтра да Глінішчаў, між іншым, больш за 25 кіламетраў. Да слова: менавіта дырэктар школы, пачытаўшы вершы свайго вучня, параіў яму пісаць, прабівацца “ў людзі”.

А Глінішчанская школа з моманту свайго адкрыцця заслужана носіць імя Мележа. На жаль, цяпер тут засталося крыху больш за паўсотні вучняў… Але гэта іншая, балючая для ўсіх вяскоўцаў, тэма…

Зрэшты, не толькі да землякоў Іван Паўлавіч адносіўся з вялікай увагай і павагай. У музеі знаходзіцца ліст да чытача, напісаны за некалькі дзён да смерці пісьменніка, калі ён ужо быў вельмі слабы – і пачынаецца з прабачэнняў, што затрымаўся з адказам…

…“Ты была ў Глінішчах? – напісаў сябар з Навагрудчыны, які даўно жыве за мяжой. – Зайздрошчу! Што тут скажаш? Мележ – геній!”

…Я сама сабе зайздрошчу, што ўрэшце не абмінула Глінішчы і наведала Дом-музей свайго слыннага земляка.

І дала сабе зарок: перачытаць нарэшце яго збор твораў, які знаходзіцца ў маёй ханяй біблітэцы. Упэўнена: нават знаёмыя да драбніц “Людзі на балоце” цяпер будуць успрымацца па-іншаму.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик