Да Дня беларускага пісьменства: жыхары раёна расказалі, чаму яны любяць беларускую мову і літаратуру

16:00 / 03.09.2023

Пацікавіліся ў жыхароў Астравеччыны, чаму яны любяць беларускую мову і літаратуру, і якія творы айчынных аўтараў ім даспадобы.

Святлана Бацюлева, пенсіянерка:

– Любімыя кнігі з’яўляюцца ў дзяцінстве і суправаджаюць усё жыццё. Дзяўчынкай я была зачаравана беларускімі казкамі, іх яркімі вобразамі і незвычайнымі сюжэтамі. Мне падабалася, што героямі многіх з іх былі дзеці. Нельга забыць казкі «Разумная дачка», «Сынок з кулачок», «З рога ўсяго многа», «Каток – залаты лабок»! Мае ўнукі таксама палюбілі іх, і мы часта хадзілі ў лес за нашай хатай, стукалі кіём па векавой елцы і клікалі Катка – залатога лабка. Ён «перабраўся» ў невялікую хатку на балотцы – мы шукалі яго там, ды не знайшлі, бо Каток «пасяліўся» ў гарадскім парку. Часта хадзілі туды, каб убачыць казачнага персанажа. Аднойчы кот выйшаў з-за дрэва – вялікі, вельмі падобны на мэйн-куна. Шчаслівыя ўнукі кармілі і гладзілі яго, фатаграфаваліся – так збылася іх мара аб сустрэчы з чароўным катом. Спадзяюся, што беларускія казкі застануцца ў іх памяці.

Незабыўным стала для мяне першае знаёмства з творамі Якуба Коласа: бацька летнімі вечарамі чытаў нам урыўкі з паэмы «Новая зямля». Мы, дзеці, слухалі, як зачараваныя: смяяліся і журыліся, перажывалі і радаваліся. Асабліва ўсім падабаўся дзядзька Антось. Неяк вырашылі паўтарыць яго кулінарны «подзвіг». Каля возера тата распаліў невялікае вогнішча, на якім гатавалі клёцкі. Хоць былі яны без бярозавага соку, з’есці гэтую страву было немагчыма… Да гэтага часу ўспамінаю цяпло тых вечароў, адчуванні, якія нас аб’ядноўвалі. І цяпер з задавальненнем перачытваю гісторыі з жыцця коласаўскіх герояў.

Знакавыя кнігі з’яўляюцца ў той час, калі ў іх ёсць найбольшая патрэба. Мне блізкія тыя аўтары, якіх хвалюе тое, што і мяне. Такія творы вельмі дарагія, бо яны фарміруюць нашы ідэалы, мяняюць погляды на жыццё, праз іх мы робімся лепшымі і мудрэйшымі. Калі ў мяне лірычна-філасофскі настрой, звяртаюся да вершаў Максіма Багдановіча. Калі хачу зрабіць экскурс у былое, бяру ў рукі кнігі Уладзіміра Караткевіча, Людмілы Рублеўскай, Леаніда Дайнекі. Калі ў жыцці здараюцца цяжкасці, набіраюся мужнасці ў герояў Васіля Быкава.

Карыстаючыся магчымасцю, віншую астраўчан з Днём беларускага пісьменства. Гэта цудоўная традыцыя, даніна павагі да старажытнай, прыгожай і сакавітай мовы – багатай скарбніцы нашага духоўнага і культурнага жыцця.


Яўген Пярэська, выратавальнік:

– У школе, прызнаюся, як і большасць хлопцаў, чытаць мастацкую літаратуру не любіў – да ўрокаў у асноўным рыхтаваўся па зборніках са скорочанымі варыянтамі твораў. Ленаваўся, было не цікава. Больш тады падабаліся навуковыя кнігі, фантастыка, нешта пра космас і дыназаўраў – усё, толькі не раманы-паэмы з вучэбнай праграмы. (Смяецца.)

У ліцэі патрабавальны настаўнік прымушаў нас чытаць творы цалкам – інакш мы б не адказалі на пытанні на занятках. Дзякуючы гэтаму я па-іншаму паглядзеў на кнігі і беларускую літаратуру. Асабліва сталі падабацца творы, звязаныя з гістарычнымі падзеямі.

Вельмі ўразілі «Каласы пад сярпом тваім», «Знак бяды», «Людзі на балоце», «На ростанях». Зараз чытаю «Завеі, снежань» Івана Мележа – апошні раман трылогіі «Палеская хроніка». Першую кнігу пачынаў у школе, некалькі месяцаў таму перачытаў, затым узяў другую частку – «Подых навальніцы». Захапіўся, вельмі хочацца даведацца пра лёс беларусаў Палесся.

Чым прываблівае мяне літаратура? Тым, што па-сапраўднаму раскрывае беларускі дух, праз яе глыбей пачынаеш разумець падзеі, факты.

Для мяне беларуская літаратура – гэта тое, што напісана на роднай мове, хоць шмат аўтараў добра пішуць па-руску. Мову павінен цаніць кожны грамадзянін краіны, яна падкрэслівае, што мы беларусы – са сваёй гісторыяй, традыцыямі, поглядамі, якія вылучаюць нас ад іншых. Праз яе беларуская літаратура становіцца больш каштоўнай.


Ганна Дзенюш, настаўнік пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры Кямелішскай СШ:

– Дзень беларускага пісьменства – важнае дзяржаўнае свята, бо яно захоўвае гістарычную, культурную і духоўную спадчыну. Гэты дзень сведчыць аб сіле беларускай мовы і слова, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне, іх прыгажосці. Яны данеслі да нас ідэалы справядлівасці і з’яўляюцца крыніцай мудрасці і, канешне, ведаў. На мой погляд, кожны беларускі твор любога паэта ці празаіка нясе ў сабе вялікі, дарагі скарб для суайчыннікаў.

Як настаўніку беларускай мовы і літаратуры, мне важна бачыць агеньчыкі дапытлівасці і цікавасці ў вачах маіх вучняў – таму на занятках раблю ўсё, каб у дзяцей узнікалі жывыя непадробныя эмоцыі і водгукі. Лічу, што школьнікі павінны вучыць, ведаць, паважаць не толькі гісторыю свайго краю і краіны, але і добра валодаць беларускай мовай.

Памятаю сваю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры з Трокеніцкай базавай школы Яўгенію Тадэвушаўну Таргонскую, прыклад якой, напэўна, і паўплываў на выбар маёй будучай прафесіі. Менавіта на тых уроках я атрымала не толькі добрыя веды, але і палюбіла роднае слова. Вельмі падабаліся ўрокі Яўгеніі Тадэвушаўны і тое, як мілагучна гучала беларускае слова з яе вуснаў. Кожныя заняткі былі цікавымі і дасканалымі.

Наогул, лічу, што кожны грамадзянін нашай краіны ад малога да вялікага павінен з любоўю і пашанай ставіцца да роднага слова, берагчы і памнажаць спрадвечнае і высакароднае. Трэба помніць і паважаць тое, што стварылі нашы продкі.

Самыя любімыя беларускія аўтары – гэта нашы класікі Янка Купала і Якуб Колас. Кожны ведае цытату з купалаўскай «Спадчыны»:

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына...

Гэты верш вывучаюць у школе і сёння. Немагчыма ўявіць беларускую літаратуру без знакамітай «Паўлінкі» Купалы ці трылогіі «На ростанях» Коласа.

У школе да Дня беларускага пісьменства распрацавалі квэст-гульні, прыдумалі відэапрэзентацыі, запланавалі прагляд відэафільмаў. У гэтым годзе шырока адзначаюць свята ў Гарадку Віцебскай вобласці. На ўроках і пазакласных занятках будзем пра гэта гаварыць. Вялікую цікавасць і заахвочаннасць дэманструюць і вучні, калі самі рыхтуюць матэрыялы пра беларускіх асветнікаў.





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

 

Текст: