У адной брыгадзе працуюць “аварыйшчыкі” Валерый Сянюць і Казімір Саленік

12:00 / 03.09.2023


Не адзін год у аварыйнай службе Астравецкага раёна газазабеспя­чэння ў адной брыгадзе працуюць Валерый Сянюць і Казімір Саленік. 
На дваіх раздзяляюць яны адказнасць за аператыўнасць і якасць работы. Таму і пытанні напярэдадні прафесійнага свята газавікоў ім задалі адны на дваіх. 

1. Раскажыце пра свой працоўны дзень.
2. Што і калі вас прывяло ў газавую службу?
3. Самае галоўнае ў працы газавіка, вашай у прыватнасці?
4. Ці лічыце вы сябе прафесіяналам?
5. Калі б не газавая служба, то?..

Валерый Сянюць, слесар аварыйна-аднаўленчай брыгады ў вобласці газазабеспячэння:
1. Прыходзіш на работу, прымаеш змену ў калег: правяраеш абсталяванне, аўтамабіль і яго камплектацыю, дакументацыю, што выканана, а што – яшчэ не. Дзяжурства па-рознаму праходзіць. Ноччу звычайна выклікаў менш, асабліва летам. Зімой то катлы тухнуць, то ацяпленне «не ідзе», то марозы ціснуць і праблемы прыносяць. У першую чаргу рэагуем на аварыйныя заяўкі. На працягу змены – на астатнія. Пасля кожнага выезду разбіраемся, калі і хто недапрацаваў.
Выязджаем і на прыватныя домаўладанні, і на сеткі ўмоўна агульнага карыстання.
Да слова, кожны год здаём экзамены па ахове працы. Акрамя таго, слесар раз у тры гады вучыцца ў газінстытуце. 
2. Мяне ў райгаз прывялі беспрацоўныя 90-я. Прыйшоў з арміі, уладкаваўся вадзіцелем у райспажыўтаварыства. Не спадабалася. 
Дома адкрыў тэлефонны даведнік і давай па арганізацыях званіць. У райгазе трубку зняла жанчына – не туды трапіў, падумалася: жанчына – і начальнік? Перазваніў. Зноў жаночы голас – гэта была Нікадзімаўна (былы начальнік Марыя Ігнатовіч. – Заўв. аўт.). Запрасіла ў кабінет на размову. Так у райгазе і працую з 92-га. Адразу быў вадзіцелем, потым развозіў-разносіў балоны, затым перавялі падменным слесарам. А калі з’явілася пастаяннае месца слесара на «аварыйцы» – перайшоў туды. Сказаць, што больш падабалася, не магу: вадзіцель і слесар працуюць як адно цэлае, што можа адзін, зробіць і другі. У слесара толькі папер больш. (Смяецца.)
3. Усё галоўнае. Плюс, напэўна, сабранасць: нічога не забыць, хутка і правільна адрэагаваць на аварыйную сітуацыю. Адказнасць у нас вялікая: даводзіцца імгненна прымаць важныя рашэнні. 
Ніколі не забуду свой першы выезд у якасці вадзіцеля рамонтнай службы. Адправілі мяне са слесарам, які адпрацаваў на аварыйнай шмат гадоў, на Альхоўку. У мяне за плячыма толькі паўтара месяцы вучобы. Знайшлі ўцечку газу. І вопытны слесар цікавіцца ў мяне, «зялёнага»: «Валера, што рабіць будзем?» А я адкуль ведаю?! Але хутка сцяміў – усё выправілі.
4. А вы ў начальніка спытайцеся – ён праўду скажа. (Смяецца.)
5. Быў момант, калі хацелася сысці з гаргаза: прапанавалі месца ў лясгасе. Аднак Нікадзімаўна не адпусціла – угаварыла застацца, аб чым не шкадую.  


Казімір Саленік, вадзіцель аварыйна-дыспетчарскай службы:
1. Аварыйная брыгада працуе па 12 гадзін. Мы многае робім сумесна – слесар і вадзіцель. Тую ж машыну «прымаем» – ра­зам адказваем за яе тэхнічны стан. І на заяўцы адзін у аднаго «на падхопе». А ў свабодны час займаемся самаадукацыяй – толькі планаў ліквідацыі аварыі існуе 27. У тым ліку выязджаем на вучэбныя выклікі. Так, пяць хвілін даецца, каб машына выехала па «трывозе», прыбыццё на месца па горадзе – 20 хвілін, па раёне – гадзіна і 20 хвілін. Выбіраем самы кароткі шлях. У дарозе ўключаем планшэт, аналізуем сітуацыю: што за мясцовасць, якія там сеткі, дзе праходзіць газапровад…
Зразумела, вопыт дапамагае працаваць і здаваць экзамены – а робім мы гэта часта. Лягчэй нешта новае падвучыць, чым спасцігаць тэорыю «з нуля».
2. Працую ў газавай службе 26 гадоў. Прыйшоў па парадзе знаёмага. Да гэтага працаваў у лясгасе, у аўтапарку. У гаргазе мне спадабалася, хутка ўцягнуўся – і застаўся. У той час, каб трапіць сюды на работу, трэба было пастарацца. Цяперашняя машына ў мяне шостая. Спачатку за мной быў замацаваны ГАЗ-53, потым – УАЗ – «буханка», як яго ў народзе называюць, затым «ГАЗелі» пайшлі… Так што сённяшнюю, на якой ездзім, ёсць з чым параўнаць – харошая машына, камфортная. Хаця да кожнай з іх прывыкаў, рамантаваць дапамагаў – шкода было мяняць.
3. Галоўнае – адказнасць: розныя бываюць сітуацыі, а працуем мы з газам. Гэта павышаная небяспека. Ці здаралася «блудзіць» па раёне? Спярша бывала – пакуль вывучыў Астравеччыну. Картамі мясцовасці карысталіся. Успомнілася, якая напачатку была блытаніна з Чахамі і Чэхамі. (Усміхаецца.) 
4. Адчуванне, што ты можаш і ўмееш многае, канешне, ёсць. Прыязджаеш на выклік, з першых хвілін ацэньваеш сітуацыю і ўжо ведаеш, што і як трэба выправіць. Аднак сябе ацэньваць складана. Няхай іншыя гэта зробяць… 
5. Можна сказаць, што мая мара збылася: з дзяцінства хацеў стаць вадзіцелем. І вось ужо 40 гадоў за рулём. Маю ўсе катэгорыі! 


МЕРКАВАННЕ
Юрый Шоць, начальнік Астравецкага раёна газазабеспячэння ВУ «Смаргоньгаз»:
– У аварыйную службу падбіраюцца самыя надзейныя, адказныя людзі. Валерый Вікенцьевіч і Казімір Іванавіч – сапраўдныя прафесіяналы. Вопыт і падрыхтоўка далі свае вынікі. У «аварыйцы» як у арміі: работу трэба выконваць хутка, дакладна і якасна. На брыгаду Сенюця і Саленіка заўсёды можна разлічваць. Калі днём яны маюць магчымасць параіцца з майстрам, галоўным інжынерам або начальнікам, то ноччу ім даводзіцца выпраўляць аварыйную сітуацыю самастойна, без падказак. Заўсёды іх дзеянні былі правільнымі. Ад абанентаў на гэтую аварыйную брыгаду ніколі скаргаў не было. У гэтых людзях я ўпэўнены. 

Текст:
Фото: Ольга Хотянович